Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская

Павел Усаў выстаўляе некалькі чарговых прэтэнзій Ціханоўскай і яе камандзе.

Першае пытанне, натуральна, грашовае. Усаў задаецца пытаннем, колькі каштуюць візіты Ціханоўскай. Ён неяк падлічыў, што на кожную паездку кожнага ўдзельніка дэлегацыі трэба траціць мінімум $1000. А значыць, маўляў, на год толькі на аднаго чалавека выходзіць прыкладна каля $90 тысяч.

Усаў вымушана прызнае, што візіты адбываюцца за кошт запрашальнікаў, але адразу ж сам у сябе перапытвае: «Але ці заўсёды так?».

«Тым не менш факт застаецца фактам, як і тое, што збольшага гэтыя візіты пустыя і непатрэбныя, бо ніяк не ўплываюць на лёс беларусаў і Беларусі», — падсумоўвае палітык.

Таму Усаў прапануе стварыць праграму «Народны палітык» — каб на працягу 15 хвілін кожны міністр, кожны кандыдат у прэзідэнты, кожны дарадца, кіраўнік дэмакратычных структур і фондаў распавядаў пра сваё матэрыяльнае становішча, з чаго жыве і як зарабляе.

Другое пытанне — легітымнасць. Тут прэтэнзіі Усава ёсць і да Ціханоўскай, і да яе міністраў, і да Каардынацыйнай рады.

«Якім правам Ціханоўская называе сябе прэзідэнтам-электам?» — задаецца пытаннем Усаў і адказвае, што фактычна яна — «не існуючы прэзідэнт-элект, абраны на нелегітымных, сфальсіфікаваных выбарах».

«Якім правам і на аснове чаго быў сфарміраваны кабінет і пакліканы «міністры»? — абураецца Усаў. — Нават па лукашэнкаўскай канстытуцыі прэзідэнт не можа быць кіраўніком ураду!» «Фактычна апазіцыя настварала структур, якія не маюць ніякай, хаця б базавай легітымнасці, якія не маюць права прадстаўляць беларусаў і казаць ад імя беларусаў», — падсумоўвае ён. На думку Усава, у Ціханоўскай ёсць толькі эмацыйная легітымнасць, якая базуецца на пазітыўных адносінах беларусаў.

І тут ён падыходзіць да галоўнага:

«Калі мы разважаем пра правілы і правы, … то электаральны давер нададзены Святлане Ціханоўскай, сканчаецца праз год. На сённяшні момант няма ніякіх іншых легітымных механізмаў, акрамя выбараў, якія б забяспечылі Ціханоўскай яе фармальнае права на «тытул». І якім правам яна будзе «захоўваць» сваю пасаду «прэзідэнта-электа» і «кіраўніка кабінету» невядома. Любы палітычны статус патрабуе легітымізацыі: ідэалагічнай, эмацыйнай, структурна-інстытуцыянальнай (электаральнай), а да 2025 году нічога з гэтага існаваць не будзе».

Чытайце таксама:

Усаў раіць Ціханоўскай: Каб стаць лідарам, а не марыянеткай, трэба разагнаць Вячорку і Красуліну

Франак Вячорка пра Вусава: Гэта нездаровая крытыка, у яго фіксацыя на Офісе Ціханоўскай

Балкунец і Усаў расказалі расійскаму СМІ пра абсалютны правал Ціханоўскай па ўсіх франтах

Павел Усаў: Ніколі не крытыкаваў Ціханоўскую, бо яна таго не вартая

Клас
22
Панылы сорам
29
Ха-ха
20
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
33