«Дапамагаць палітвязням я пачала яшчэ ў 2020 годзе. Я ўвогуле валанцёр па прыродзе — да нараджэння дзіцяці падбірала бяздомных катоў, прыводзіла ў парадак і шукала ім новыя сем'і. Я моцна адчуваю чужы боль, фізічны і маральны, вельмі шкадую тых, хто церпіць. Перадачы, бандэролі, тэлеграмы і лісты — гэта асноўнае, чым я займалася.

Да 2024 года мы з мужам ужо амаль на памяць ведалі правілы перадач у розныя СІЗА і калоніі. Пра велізарнае значэнне нават сімвалічных бандэролек, а таксама лістоў, нам расказвалі тыя, хто выходзіў на волю.

Пра маё ліставанне з палітвязнямі калісьці быў артыкул на «Белсаце» (там я фігурую пад іменем Марыя). Я адправіла шмат лістоў — у мяне каля тысячы адказаў ад палітзняволеных. З некаторымі былымі палітвязнямі мы добра сябруем. 

23 студзеня 2024 года я трапіла пад рэйд сілавікоў сярод іншых валанцёраў, якія падтрымлівалі палітвязняў па ўсёй краіне. На мяне завялі крымінальную справу па артыкуле 361-4 (арт. 361-4 КК РБ — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), бо ў справе фігуравалі пасылкі людзям, якія ўнесеныя ў спіс «экстрэмістаў».

Законам не было забаронена адпраўляць перадачы і пісаць лісты ў турмы, таму я рабіла гэта ад свайго імя і не чакала затрымання менавіта з гэтай нагоды. Але мяне абвінавацілі ў тым, што я дапамагала «ворагам дзяржавы».

У нас арыштавалі халадзільнік, тэлевізар, забралі банкаўскія карткі і заблакавалі рахункі, канфіскавалі ноўтбук і мой тэлефон, забралі пашпарт і не вярнулі.

У дзень, калі мяне затрымалі, адбыўся вобшук у кватэры, адзін з кдбшнікаў прыехаў пазней пад ноч да мужа на размову, калі той клаў сына спаць, а назаўтра адбыўся другі вобшук.

Трое сутак я прасядзела на Акрэсціна, дзе былі створаны невыносныя ўмовы: нас трымалі без абутку, без вопраткі, пры тым у камеры было вельмі холадна, мы грэліся праз бутэльку з цёплай вадой і праз абдымкі.

Там у камеры я сустрэлася з маці Вольгі Такарчук, яна падарыла мне свае шкарпэткі. Сказала, што гэта падарунак ад Вольгі (калісьці Вользе я дасылала пасылку). Тады гэтыя шкарпэткі былі ратаваннем для мяне. Па калідорах нас вадзілі без абутку.

У пяцімясцовай камеры было ад 9 да 11 чалавек, на суткі нам давалі метр туалетнай паперы, мы дзялілі яе, як маглі. Хавалі хлеб у закутках для тых, каго прыводзілі позна. Нас трымалі пасля паездак у РУУСы ў «стаканах» па 4 чалавекі.

У гэтыя дні мы не атрымлівалі абеду і вячэры, бо нас прывозілі позна. 

Адвакаты адмаўляліся абараняць мяне, матывуючы адказ цяжкім артыкулам.

Мяне адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, крымінальнай справы не закрылі і пазначылі, што пашпарт аддадуць тады, калі цэнтральны апарат Следчага камітэта прыме рашэнне адносна мяне. 

Да майго затрымання мы не збіраліся з'язджаць з краіны. У лістападзе 2023 года ўсёй сям’ёй пераехалі ў новую кватэру і нават не паспелі ў ёй абжыцца. Але пасля таго як я выйшла, я глядзела на свайго сына і разумела, што магу пабачыць яго толькі праз 7 гадоў, калі мяне зноў арыштуюць. Гэта было невыносна! 

Мы пачалі рыхтавацца да пераезду праз тыдзень пасля таго, як я вярнулася. Маральна пераезд нам даўся вельмі цяжка, бо мы страцілі ўсё, што мелі. Праз тое, што мой пашпарт і зараз у Следчым камітэце, мне прыйшлося пераходзіць мяжу нелегальна і падавацца на міжнародную ахову адразу на мяжы. Нас часова пасялілі ў сябе нашы сябры.

Аднак у нас няма аніякай фінансавай падушкі, пакуль няма ні працы, ні сталай арэнды жытла, нічога. Мы ў вялікай разгубленасці і дужа спадзяёмся на вашую падтрымку, дарагія беларусы! Мы ведаем, што шмат хто з вас прайшоў такі шлях да свабоды і вы з паразуменнем паставіцеся да нашай просьбы!

Сума збору €3600 

Нам патрэбна фінансавая дапамога на элементарныя рэчы на перыяд, пакуль муж шукае працу. Мы вельмі прыкладна разумеем мясцовыя кошты на ўладкаванне жыцця, каб падлічыць суму збора. Але будзем удзячныя вам за кожны еўра!

— арэнда кватэры на тры месяцы (каля €600 за месяц = €1800)

— аплата сувязі, камунальных паслуг, інтэрнэту на тры месяцы (€500)

— дзіцячы абутак і вопратка, уладкаванне сына ў садок і яго месца для заняткаў дома (€500)

— прадукты, розныя гаспадарчыя і побытавыя рэчы (€800)

Дапамагчы сям'і Аўчыннікавых праз «Байсол»

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
22
Абуральна
15