Ганна Шаркунова. Фота з яе інстаграма

Ганна Шаркунова. Фота з яе інстаграма

Артыстка жыве ў Дубаі каля двух гадоў.

— Кожны раз, калі тут дождж, жыццё спыняецца. Школы адразу зачыняюць, усе ведаюць, што ў гэты дзень лепш застацца дома. Але зараз было нешта незвычайнае, эпічнае і злавеснае. Гэта быў самы моцны дождж за апошнія 75 гадоў.

Пакуль адны былі ў жаху, а іншыя жартавалі на тэму таго, што зараз актуальныя лодкі-таксі (нехта насамрэч паплыў па вуліцы ў байдарцы), Ганна захаплялася прыродай. Яна паказала ў сторыс застылае кола агляду. Вярхушка вядомага на ўвесь свет сімвала Дубая знікла недзе ў навальнічных аблоках.

«Кожны прыстойны дубаец павінен зняць сёння мясцовы апакаліпсіс. Такая прыгажосць», — падпісала відэа спявачка.

Скрыншоты сторыс Ганны Шаркуновай у інстаграме

Скрыншоты сторыс Ганны Шаркуновай у інстаграме

На пытанне, ці не страшна было шпацыраваць, калі навокал адбываецца такое, Ганна пасміхнулася і адказала, што ў яе ёсць сабака, таму адседзецца дома не было шансу.

— Асабіста я дыхала і радавалася, цешылася свежасці паветра. Чакаю грыбоў, а там, можа, і бярозкі вырастуць, — пажартавала артыстка.

Дарэчы, з надвор'я жартавала і іншая беларуска, якая апошнія гады стала жыве ў Дубаі — мадэль і блогерка Вольга Нікіфарава. Яна запосціла ў сторыс відэа з машыны, якая больш плыве, чым едзе, і напісала: «Усім, хто піша і пытаецца, як зараз надвор'е ў Дубаі, ці цёплая вада, вось адказ: надвор'е так сабе, але вада цёплая. Усюды».

Скрыншот сторыс Вольгі Нікіфаравай у інстаграме

Скрыншот сторыс Вольгі Нікіфаравай у інстаграме

Ганна Шаркунова мяркуе, што зараз шмат хто будзе шукаць канспіралагічныя прычыны прыроднага катаклізму.

— Мабыць, пачнуць казаць, што гэта праз тое, што дубайскія навукоўцы з эксперыментамі з засевам аблокаў (у Дубаі сапраўды актыўна працуюць над магчымасцю штучна выклікаць ападкі — «НН») змяняюць клімат і самі выклікаюць гэтыя катаклізмы… Я не спецыялістка, але думаю, што час ад часу проста здараюцца Хаўеры.

Зараз, па словах Ганны, надвор’е цудоўнае, але з наступствамі стыхіі спецыялісты будуць змагацца яшчэ доўга.

— Затапіла вялікую колькасць дамоў, асабліва пацярпелі першыя паверхі, машын вельмі шмат патанулых. Аэрапорт да гэтага часу не працуе, пасажыры паляцець нікуды не могуць, спяць там на падлозе… Было сур'ёзнае выпрабаванне для горада і людзей.

Але нягледзячы на ўсё гэта, Ганна шчыра захапляецца развіццём тэхналогій у Дубаі.

— Я захапляюся гэтымі людзьмі, якія са свайго засушлівага рэгіёна і суцэльнага пяску спрабуюць і робяць камфортны для жыцця людзей горад. У іх план да 2040 года зрабіць Дубай найлепшым у свеце горадам для жыцця. Гучыць нерэалістычна, але яны бяруцца за самыя смелыя і амбіцыйныя праекты — хай то выклікаць дождж або зрабіць з пяску аазіс. Спадзяюся, што яны прыдумаюць яшчэ штосьці з адводам вады і каналізацыяй на дарогах, і дождж будзе паўнавартаснай радасцю для ўсіх.

Чытайце таксама:

Дубай сыходзіць пад ваду з-за магутнай залевы ВІДЭА

Магутныя залевы ў Дубаі прывялі да адмены авіярэйсаў, у тым ліку ў Мінск

Самалёт «Белавія» не трапіў у Дубай з-за стыхіі

Клас
6
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
6
Сумна
3
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?