Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з палітзняволенымі ў СІЗА КДБ. 10 кастрычніка 2020 года. Скрыншот з відэа АНТ

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з палітзняволенымі ў СІЗА КДБ. 10 кастрычніка 2020 года. Скрыншот з відэа АНТ

10 кастрычніка 2020 года Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў СІЗА КДБ з групай палітзняволеных. Сэнс і мэты той сустрэчы не адразу сталі зразумелыя.

На сустрэчы прысутнічалі Віктар Бабарыка, ягоны сын Эдуард, Сяргей Ціханоўскі, адзін з кіраўнікоў кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, юрыст Лілія Уласава, былы топ-менеджар «Белгазпрамбанка» Сяргей Дабралёт, уладальнік галерэі «Ў» Аляксандр Васілевіч, Кірыла Бадзей, які ўзначаліў «Белгазпрамбанк» пасля адстаўкі Бабарыкі, Віталь Шкляраў, адвакат Максім Знак, адвакат Ілля Салей, бізнэсовец і тагачасны сябра ініцыятыўнай групы Бабарыкі Юрый Васкрасенскі, які, як выявіцца, быў агентам спецслужбаў, інфільтраваным у СІЗА.

Віталь Шкляраў кажа, што шмат думаў і спрабаваў зразумець, навошта Лукашэнка арганізаваў тую сустрэчу з палітвязнямі.

— Думаю, што на момант жніўня-верасня Лукашэнка не разумеў, што адбываецца. Ён прывык да таго, што кантралюе сітуацыю. Чалавек 30 гадоў жыве на сваёй арбіце, дзе ўсё непахісна, а тут адбываецца нешта, што ты не можаш патлумачыць. Чалавек з ягонай адукацыяй і жыццёвым досведам не можа зразумець, што людзі могуць быць іншыя, што яны змяніліся, што час іншы. Ён паранаідальна шукаў здраднікаў, завадатараў, маскоўскі, амерыканскі след ва ўсім гэтым. Шукаў, як жа так адбылося, хто пачаў і чаму. Ён не мог на той момант зразумець, што ўвесь пратэст быў абсалютна дэцэнтралізаваны і без лідарства. У яго, напэўна, быў набор гіпотэзаў, чаму гэта адбывалася.

Паліттэхнолаг мяркуе, што на сустрэчу прыехаў адзін Лукашэнка, а пасля яе гэта быў зусім іншы Лукашэнка.

— Ён хацеў паглядзець, што гэта за людзі, як ён казаў, якія хочуць яго «знесці з улады». Гэта быў адзін чалавек, які зайшоў у камеру да пачатку размовы, а ў сярэдзіне, пры канцы размовы гэта быў зусім іншы чалавек.

Многія з прысутных павінны былі запомніць фразу, якую ён кінуў. Яна мне разанула слых і запомнілася надоўга. Ён сказаў: «Як добра, што ў вас нічога не атрымалася. Вы дзеці, вы яшчэ не разумееце, што такое палітыка, вас бы расейцы і Пуцін зжэрлі б, як ельцынскіх дэмакратаў». Сыходзіў ён у поўнай перакананасці, як мне падалося, што нас можна не баяцца, што ён кантралюе сітуацыю, што мы «ўсе дзеці».

Паводле Шклярава, Лукашэнка размаўляў з кожным з прывезеных на сустрэчу палітвязняў.

— Быў дыялог. Шмат размоваў было і пра Беларусь, і пра рэформу Канстытуцыі (тады яна наспявала), пра самі пратэсты.

Да мяне звяртаўся, гаворачы пра мяне як да амерыканскай (у мяккім сэнсе слова) жанчыны лёгкіх паводзінаў і як да здрадніка, які працуе на ФБР, які разам з палякамі заварыў усю гэтую кашу.

Ён не мог зразумець і дагэтуль не разумее, што ягоная канспіралогія — гэта ўсяго толькі гісторыя, якая жыве ў ягонай галаве. Ніякай змовы, ФБР ці палякаў, якія на мяжы толькі чакаюць загаду з ЗША, каб пачаць уварванне ў Беларусь, няма.

Ён жыве ў сваім свеце, у сваім падмане.

Клас
43
Панылы сорам
55
Ха-ха
14
Ого
6
Сумна
10
Абуральна
43