Франак Вячорка 2023, фота Офіса Святланы Ціханоўскай

Франак Вячорка 2023, фота Офіса Святланы Ціханоўскай

«Не злаваць дзеда — гэта стаць на калені»

Адносна стратэгіі «не злаваць дзеда» Франак Вячорка сказаў, што такая пазіцыя азначае

«стаць на калені, пакаяцца, прызнаць вечнае царства фюрара, якога ўсё злуе. Не злаваць — азначае нічога не рабіць, не нагадваць пра сябе».

Па словах Вячоркі, Лукашэнку злуе не толькі Ціханоўская, але і «медыя, праваабаронцы, нават палітвязні як Пачобут, якія сядзяць і не хочуць пісаць прашэнне аб памілаванні».

«То што мы скажам ім тады? Давайце здавайцеся, пішыце і перагортваем гэтую старонку?» — задаецца пытаннем палітык і выказвае ўпэўненасць, што тыя беларусы, якія выходзілі ў 2020-м годзе, і тыя, хто на працягу трох дзесяцігоддзяў змагаюцца з рэжымам, не зразумеюць гэтага.

«Калі нехта не хоча злаваць, то яны і не злуюць. Але людзі, якія хочуць перамен, якія не хочуць з гэтым мірыцца хаця б для свайго ўласнага сумлення, яны будуць рабіць усё для гэтых пераменаў.

Спадзявацца, што мы перастанем нешта рабіць, сітуацыя нейкім магічным чынам стане лепшай, людзей павызваляюць, дзед падабрэе, усіх запросяць на пячэнькі і чай з малінавым варэннем… — такога не будзе. Ён раззлаваў не толькі беларусаў, але і ўвесь дэмакратычны свет. Нават калі мы злаваць не будзем, гэта ніякім чынам не азначае, што з яго здымуць санкцыі заходнія дзяржавы».

Як патлумачыў Вячорка, не існуе аднаго кроку, які мог бы паваліць рэжым.

«Мы працуем у стратэгіі «тысячы парэзаў» — там ударылі, там укалолі, там ён пазбавіўся дыпламатычнай прысутнасці, там яго абвясцілі злачынцам, завялі крымінальную справу. Гэта ўсё яго дэлігітымізуе, санкцыі пазбаўляюць дадатковых рэсурсаў.

Як бы ён ні крычаў, што санкцыі не працуюць, — яны працуюць. Мы бачым, што прадпрыемствы закрэдытаваныя. Ягоныя амбасадары па замежных сталіцах снуюць, каб дазволілі калій экспартаваць. Чым больш будзе гэтых удараў, тым слабейшы будзе Лукашэнка, і ў тым ліку Пуцін. Менш шансаў будзе ў іх працягваць вайну супраць Украіны».

Пяць тэзісаў Шрайбмана

Франак Вячорка адзначыў, што Шрайбман становіцца палітыкам і выступае не толькі з экспертнымі, але і з палітычнымі заявамі. У апошніх ёсць пэўная доля папулізму. Гэта ўяўленне пра Захад як нейкую адзінку. Насамрэч гэта вельмі розныя краіны, якія нельга, як выказаўся Вячорка, «пад адзін грэбень загнаць».

На погляд палітыка, у тэзісах Шрайбмана ёсць добрыя прапановы. Яны тычацца пазітыўных меседжаў для беларусаў.

«Зараз вельмі моцны перакос у ціск, і вельмі мала робіцца для стварэння пазітыўнага вобразу і адчування будучыні, калі Беларусь стане часткай еўрапейскай еўраатлантычнай супольнасці», — заўважае палітык.

Вячорка адзначыў, што абсалютна згодны з тэзісам пра стварэнне магчымасцей для мабільнасці насельніцтва. Гэта ацэніць кожны беларус, незалежна ад таго, ці ён за мяжою, ці знаходзіцца ўнутры краіны. Гэта значна палепшыць успрыманне людзьмі Захаду.

У той жа час, палітык не згодны з тэзісам пра тое, што не трэба будаваць структуры ў выгнанні. «Яно не вытрымлівае крытыкі. Калі ў нас не будзе структураў, свайго суб'екта, інстытутаў, не будзе ўмоўнай Ціханоўскай, у нас не будзе каму гаварыць ад імя беларусаў. Тады ўвесь эфір будзе забіты Лукашэнкам.

Вячорка патлумачыў, што стратэгія, якую яны прапануюць Захаду, будуецца на пяці асноўных слупах — падтрымка супраціву ўсіх груп грамадзянскай супольнасці; падсправаздачнасць (пакараць вінаватых, ізаляваць Лукашэнку, прызнаць яго тэрарыстам); ціск (палітычная і эканамічная ізаляцыя); абяцанне на будучыню, каб беларусы ведалі, за што змагаюцца; прызнанне таго, што Беларусь знаходзіцца пад паўзучай акупацыяй.

Новым трэкам у стратэгіі з'яўляецца абарона незалежнасці. Па ацэнцы Вячоркі, у гэтым напрамку Захад не можа зрабіць шмат практычных крокаў:

«Але нават гэта камунікацыя, што Беларусь — самастойная, незалежная, усе расійскія войскі павінны быць выведзены з краіны, яна павінна захоўвацца. … На жаль, яна губляецца за ўдзелам Лукашэнкі ў вайне і за рэпрэсіямі ўнутры краіны», — падкрэслівае палітык.

Аб перафарматаванні дэмакратычных сілаў

Адказваючы на крытыку, выказаную Пракоп'евым і Усавым аб неабходнасці правядзення кадравых змен, Вячорка адзначыў, што рашэнне застаецца за Ціханоўскай.

Ён пагадзіўся, што існуе кадравая праблема:

«Пазвальняць можна ўсіх. Гэта любімая забава для канапных экспертаў. Але пытанне, кім замяніць».

Заявы аб правядзенні кадравых змен палітык назваў папулісцкімі, якія не маюць пад сабою падставаў. Ён адзначыў, што дэмакратычным структурам не хапае дапамогі ідэямі, рукамі, нейкімі кантактамі.

«Пакуль ёсць толькі шмат-шмат парадаў ад экспертаў, як трэба жыць, працаваць. Але не хапае такіх, хто ўмее ручкамі рабіць працу. Я бы параіў Усаву і Пракоп'еву не проста раіць, каго трэба звольніць, а прыйсці і пачаць разам рабіць, узяць адказнасць за нейкі напрамак і паказаць клас».

Чытайце яшчэ:

Усаў раіць Ціханоўскай: Каб стаць лідарам, а не марыянеткай, трэба разагнаць Вячорку і Красуліну

Франак Вячорка прапануе прадаць свой гадзіннік за $5 тысяч праз дабрачынны аўкцыён

Вячорка расказаў, што Офіс Ціханоўскай можа прапанаваць беларусам унутры краіны

Вячорка пра варыянт абмяняць палітвязняў на расійскіх агентаў і ваеннапалонных: Абмяркоўвалі. Дэталяў не магу агалошваць

Клас
86
Панылы сорам
12
Ха-ха
7
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
7