Нерашучасьць — наша фірмовая рыса

Нерашучасьць. Такая ж нашая фірмовая рыса, як памяркоўнасьць. Зрэшты, міт пра памяркоўнасьць даўно ўжо разьвеяўся — беларусы часьцяком бываюць вельмі жорсткія. Як адно да аднаго, так і да іншых. Прыклады тут можна не прыводзіць, вы й так усё ведаеце.

Дык вось з той славутай памяркоўнасьцю вырашылі. А што зь нерашучасьцю?

Сам сябе сто разоў лавіў на думцы: а можа, ня трэба нічога рабіць, можа, яно неяк само сабою вырашыцца? І, ведаеце, час ад часу вырашалася. Разрульвалася. Але былі сытуацыі, калі без твайго ўмяшаньня ўсё б пайшло па непрыемным, калі не катастрафічным, сцэнары. І даводзілася ламаць сваю нерашучасьць аб калена й дзейнічаць.

Але так бывае не з усімі і не заўсёды. Вось, здавалася б, сытуацыя патрабуе дзеяньня, прычым, рашучага й неадкладнага. А ён (яна) сядзіць сабе, чакае нечага, магчыма, думае нешта пра тое, што можа быць яшчэ горай, хай, можа быць, усё будзе як ёсьць?..

Менская вясна-96 і заклікі разыходзіцца

Прыгадваецца далёкі 1996-ы. Дзясяткі тысячаў людзей прыйшлі пад тэлецэнтр на Камуністычнай. Паўсюль заклікі: «Ідзем браць тэлевізію, нас шмат, яны нас не адолеюць!». Разгубленыя міліцыянцікі хаваюць вочы і няўпэўнена цярэбяць свае гумовыя дручкі. Вось тут бы ўзяцца, даціснуць, захапіць тэлевізію, выйсьці ў жывы этэр, упэўнена прамовіць правільныя словы, і ўся гэтая маладая дыктатура заваліцца… Не! Арганізатары абвяшчаюць, што акцыя скончаная, заклікаюць разыходзіцца і не паддавацца на правакацыі. То бок, на заклікі «браць тэлевізію». Пабурчэлі незадаволена ды разыйшліся.

Менская вясна 1996. Людзі патрабуюць эфіру для лідэраў апазыцыі. Фота з кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты»

Менская вясна 1996. Людзі патрабуюць эфіру для лідэраў апазыцыі. Фота з кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты»

Маршы салідарнасьці толькі ў нядзелю

Ці то не такая даўняя сытуацыя. Абвясьцілі дзень агульнанацыянальнае забастоўкі. Каб паказаць уладзе, на што мы здольныя. Прадэманстраваць нашую еднасьць, рашучасьць і адвагу! І што? Не працавалі прыватныя кавярні, цырульні, крамы, фітнэс-цэнтры, стаматалягічныя клінікі… Іх, дарэчы, потым усіх вылічылі і пакаралі. А што — рабочыя? Што — тыя, хто служыць на дзяржпрэдпрыемствах? Яны ж таксама выходзілі на ланцугі салідарнасьці, на маршы, на акцыі! Яны ж таксама абураныя гвалтам і жорсткасьцю і незадаволеныя дыктатурай. Не. Тут не атрымалася. Выйшлі на працу. Бо — страх перад звальненьнем. І нявыплачаныя крэдыты. Што з гэтым рабіць?

Тэлевізар (пральная машына, пыласмок) сам сябе ж не аплаціць. Таму ня выйсьці на працу не ўяўляецца магчымым.

Таму й маршы салідарнасьці мы праводзім у нядзелю. Бо ў панядзелак трэба ісьці на працу. А потым усе абураюцца: чаму яна ніяк не надыходзіць — нашая Перамога?

Вечныя перасьцярогі

Не, не пішыце нічога ў прэсе пра нашага Дзіму (Яна, Міхася, Якуба)! Ня трэба, гэтае апублічваньне можа яму нашкодзіць! Калі прэса піша пра палітвязьняў, адміністрацыя калёніі шалее і невядома што можа ўтварыць!

Не здымайце мяне на акцыі (канцэрце, маршы)! Так, я тры гады ўжо жыву за мяжой, але часта ежджу на радзіму, таму мне ня трэба гэты розгалас. Няўжо вы не разумееце?

У мяне ў Беларусі засталіся бацькі (брат, сястра,сваякі), таму я нікуды не хаджу і нідзе асабліва не адсьвечваю. Бо — хто ведае, да чаго прывядзе хоць нейкая публічнасьць?

Спадарства, схавайце сымболіку і, калі ласка, не рабіце здымкі! Наступны выканаўца жыве ў Беларусі і ня хоча наклікаць праблемы на сваю галаву. Пастаўцеся да яго з разуменьнем!

Усё ніяк ня вырашымся. Усё пабойваемся. Асьцерагаемся. А раптам гэта? А раптам тое? А раптам будзе горай, чымсьці цяпер? І ніяк не дацісьнем, не пераламаем. Хочацца, але ўвесь час нешта перашкаджае. А яно год ад году ўсё горай ды горай

Што будзе, калі перамогуць тыя, хто не вагаецца?

Але ёсьць і тыя, хто не сумняецца. Рашуча аддаюць загады. Рашуча выконваюць «пастаўленую задачу». Перабудоўваюць нашыя гарады — руйнуюць старое ды ўзводзяць новае, як ім здаецца, «прыгожае і сучаснае». Перапісваюць нашую гісторыю. Майструюць новыя падручнікі, па якіх мусяць вучыцца нашыя дзеці. Пішуць песьні, якія мы мусім «спажываць». Камэнтуюць падзеі са сваёй «адзіна правільнай» званіцы. Зьбіраюцца захапляць Сувалкаўскі калідор. Не вагаюцца. Не перамінаюцца з нагі на нагу. Не рэфлексуюць.

А мы?

А мы ўсё сумняваліся ў сваёй нерашучасьці, не заўважылі — а ўжо трыццаць гадоў мінула! Трыццаць гадоў такога вось жыцьця. Наступным разам абудзімся — а мы ўжо ляжым у акопах пад Сувалкамі, змагаемся з войскамі NATO. Не хацелі, але неяк так атрымалася. 

Сумняецеся? Не стае ў вас рашучасьці супраціўляцца? Дык, будзьце пэўныя, яе хопіць у тых, хто бяз страху і папроку радасна кіне вас (і вашых дзяцей) у бязьлітасную й бессэнсоўную крывавую мясарэзку.

Чытайце таксама:

Лявон Вольскі: Дзе рускі бунт, бязлітасны і бессэнсоўны?

Вольскі: Пра 2014—2019 гады засталося пачуццё брыдкае прыкрасці

Вольскі: Я там быў досыць экзатычнай постаццю са сваімі доўгімі валасамі і беларускай мовай. А народ быў розны

Клас
86
Панылы сорам
8
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
4