На парозе кватэры гродзенскага шматпавярховіка журналіста сустрэў Яраслаў. За ім следам выбеглі два каты. Хвастатыя пачалі абнюхваць незнаёмага госця, а Ярык адразу ж стаў іх знаёміць.

«Гэта Хані. Мы знайшлі яго ў вёсцы — ён упаў з даху проста нам пад ногі, а гэта Лакі — яго нам проста падкінулі».

Дабрыня асаблівага хлопчыка ўражвае. Пасля невялікага экскурсу ў жыццё хатніх гадаванцаў Ярык прапануе заварыць каву ці гарбату. Яго мама затрымліваецца ў паліклініцы, таму хлопчык на правах старэйшага вырашае ўзяць усё ў свае рукі.

Пакуль Яраслаў клапатліва заварвае зялёную гарбату, у яго запыталіся пра планы на жыццё, вучобу і сяброў.

— Хачу быць кухарам, бо вельмі люблю гатаваць. Мая фірмовая страва — тонкія бліны!

— У цябе нейкі свой рэцэпт?

— Ды не, усё на вока, але атрымліваецца вельмі смачна! — шчыра адказвае хлопчык.

Далей Яраслаў расказвае пра сваіх сяброў, аднакласнікаў, як праводзіць час і куды марыць адправіцца летам. Простасць і лёгкасць ягоныя ўражваюць — няма ў ім ніякай замкнёнасці і злосці.

Праз некаторы час на парозе з'яўляецца Валянціна, мама Яраслава.

«Навошта ты хаваеш ад яго свет?»

12 гадоў таму ў радзільні Валянціне ўручылі асаблівае дзіця. І хоць пра меркаваны дыягназ жанчына ведала з сярэдзіны цяжарнасці, першая сустрэча з малым была не з лёгкіх.

«Было страшна вельмі. Я нават не разумела, што адбывалася ўнутры мяне: ці то адчай, ці то крыўда. Убачыла яго, узяла ў рукі і заплакала. Але з кожным днём мне станавілася лягчэй — у мяне была падтрымка родных. Тады яшчэ былі жывыя мае бацькі. Яны мяне, можна сказаць, выцягвалі. Падтрымлівала і родная сястра.

У Беларусі Яраслаў быў першым дзіцем з такім дыягназам — краніяфацыяльная паталогія, ці іншымі словамі, заўчаснае зрошчванне косткі ў немаўляці. Лекары патлумачылі жанчыне такі рэдкі дыягназ генетыкай. Хоць, як кажа Валянціна, ніхто ў сям'і ні па лініі мужа, ні па ейнай на гэта не хварэў.

«Нягледзячы на дэфармацыю твару, мне было вельмі цікава з ім. Ярык быў цудоўным хлапчуком: рана пачаў хадзіць, гаварыць. Ведаў шмат песень і прыпевак. Быў вельмі дапытлівым і вясёлым. Усе блізкія і родныя не заўважалі ніякіх дэфектаў — ён для ўсіх быў красунчыкам і любімчыкам. Чаго не скажаш пра незнаёмцаў», — кажа Валянціна.

Жанчына ўспамінае, як першы раз вывезла сына ў грамадскае месца.

«Мы прыйшлі ў краму. Ярык быў у пераносцы, якую ў руках трымаў муж. Я стаяла ў чарзе, а за мной — дзве жанчыны. Адна з іх убачыла сына і кажа іншай: «Глядзі, якая пачвара ў вазку!» І з таго моманту я стала яго хаваць. Выходзіла з ім шпацыраваць па вечарах, выязджала далей у лес, захутвала яго. Я зразумела, што людзі бываюць жорсткія, і ніколі не ведаеш, якой рэакцыі можна чакаць ад іх».

«Аднойчы на шпацыры я сустрэла сваю даўнюю знаёмую. Сыну на той момант ужо было паўгода, ён на ўсю моц сядзеў. Падчас нашай размовы Яраслаў якраз прачнуўся і стаў падымацца ў калысцы, я яго назад укладваю. Ён зноў устае, а я зноў яго кладу. Ён ужо пачаў плакаць, і я зразумела, што ўтрымаць яго немагчыма. Тады я кажу сваёй прыяцельцы: «Вы мяне прабачце. У мяне вось такое асаблівае дзіця нарадзілася!»

Тады яна павярнулася да мяне і сказала словы, якія цалкам змянілі мяне. Яна сказала: «Навошта ты забіраеш у яго свет? Сонца? Неба? Гэта твой сын. Акрэслі межы вашага свету і нікому не дазваляй іх парушаць!».

З таго моманту я стала прывучаць сябе, сына, блізкіх і нават незнаёмых людзей, што Ярык такое ж дзіця, як усе. І ўсе сталі яго прымаць гэтак жа. Мы прыйшлі ў садок, я папрасіла выхавальніцу пагаварыць з дзецьмі і наладзіць нармальныя адносіны.

У нашай групе быў яшчэ адзін хлапчук з дэфармацыяй вока. Дык педагог расказала ўсім дзецям выдуманую гісторыю, маўляў, Ярык бег, спатыкнуўся і здзёр носік сабе, а другі хлапчук — упаў на галінку і пашкодзіў вока!»

«Я, дарэчы, да апошняга ў гэта верыў, — сказаў Ярык, які ўвесь гэты час сядзеў на кухні і слухаў мамін аповед».

— Гэтак жа было і ў першым класе. Я зайшла ў кабінет, паставіла ўсіх бацькоў і папрасіла іх прыняць нас такімі, якія мы ёсць — асаблівымі і спецыфічнымі. Прасіла пра чалавечнасць і дабрыню. І ніколі за час вучобы ў нас не было пытанняў. І бацькі, і дзеці, і настаўнікі ставіліся да Ярыка вельмі добра.

— Усе гэтыя размовы вам даваліся лёгка? Ці трэба было настройваць сябе?

— Вядома, я кожны раз пераступала праз сябе. Шукала сілы, ноччу не спала, абдумвала кожную размову. Да нараджэння Ярыка я нават уявіць сабе не магла, што буду такой моцнай. Адназначна, такой мяне зрабіў мой сын.

Калі Ярыку споўнілася чатыры гады, Валянціна задумалася пра аперацыю. Але складанасць была ў тым, што беларускія медыкі толькі разводзілі рукамі — такі выпадак быў унікальным у нашай краіне, і ніхто падобныя аперацыі не праводзіў.

«Мы прыехалі на кансультацыю ў Мінск, і нам сказалі: «Мы будзем вучыцца, пераймаць досвед у іншых, але ў найбліжэйшую пяцігодку зрабіць нічога не зможам».

Часу ў Ярыка не было. Хлопчык сталеў, косці мацнелі, і чакаць яшчэ пару гадоў было нельга. Правесці складаную аперацыю па рэканструкцыі твару ўзяліся расійскія ўрачы. Сям'я паехала ў даследчы цэнтр нейрахірургіі ў Маскве.

— Аперацыя была складаная. Вы толькі ўявіце: трэба было разабраць усю галаву, чэрап, зняць скуру. Яна доўжылася 12 гадзін. На ёй прысутнічалі два нейрахірургі, сківічна-тварны хірург і два нашы беларускія лекары, якія прыехалі пераймаць вопыт.

— Страшна вам было падчас аперацыі?

— Страшна? Не тое слова! Калі мне лекар казаў пра ўсе рызыкі, мне хацелася забраць дзіця і з'ехаць з ім дадому! На кансультацыі мне падрабязна ўсё расказалі: «Вось тут не так дакрануся, застанецца сляпым, калі тут — глухім, а вось так калі пойдзе — разумова адсталым. Гэта галава, і, калі нешта пойдзе не так, ён з аперацыйнай можа і не вярнуцца!»

Я падпісала паперку, што нясу ўсю адказнасць за жыццё дзіцяці… А вы пытаецеся, ці страшна мне было? Вельмі…

Падчас аперацыі Ярыку праводзілі рэканструкцыю чэрапа. Калі даступнымі словамі, ад вуха да вуха знялі скуру, звузілі лобныя долі, разрэзалі дзве вачніцы, уставілі паміж пераноссем пласціначную тканіну, каб з'явіўся нарэшце нос…

Аперацыя, на шчасце, прайшла паспяхова. Але гэта быў толькі першы этап. Наступны этап аперацыі быў запланаваны праз два гады. Але пандэмія каранавірусу зрушыла планы сям'і яшчэ на некалькі гадоў.

«Правяла да аперацыйнай і пайшла ў царкву»

За другую аперацыю ўзяўся Дзмітрый Аляксандравіч Грычанюк, загадчык кафедры сківічна-тварнай хірургіі і пластычнай хірургіі твару БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук, сківічна-тварны хірург вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яна прайшла ў сакавіку гэтага года.

«Мы прыехалі ў Мінск на кансультацыю да доктара. Ён паглядзеў на Ярыка і сказаў: «Я зраблю аперацыю сам. Я паеду ў Турцыю, буду кансультавацца там са сваім калегам. Калі трэба, ён прыедзе да нас на аперацыю». І, ведаеце, ён так упэўнена казаў пра будучую аперацыю, не палохаў мяне рызыкамі. Не паверыць яму я не магла», — прызнаецца мама.

На другім этапе беларускім лекарам трэба было сфармаваць знешнюю візуалізацыю носа. Узяць храсток з рабрыны для насавой перагародкі і пакрыць яго тканкамі. Пад скальпелем маленькі гродзенец правёў пяць гадзін.

«У той дзень я правяла сына да аперацыйнай, а сама пайшла ў царкву. Купіла там шэсць свечак і доўга малілася».

Пры першай сустрэчы з доктарам, калі той выйшаў з аперацыйнай, Валянціна пачула запаветныя словы. «Аперацыя хоць і была ўнікальнай, але ўсё пайшло па плане. Мне ўдалося зрабіць тое, што я запланаваў», — сказаў беларускі хірург.

У гэты час Валянціна праводзіць рукой па валасах сына і кажа:

«Праз паўгода ў нас ужо будзе пластыка. Зробім кончык носа вышэй, ноздры апусцім… Як мы з сынам жартуем, возьмем партрэт вядомага кінаакцёра і папросім доктара зрабіць такі ж твар. Ну, а што? Усё страшнае ўжо за плячыма, цяпер засталося толькі давесці ўсё да канца», — смяецца Валянціна, прыабдымаючы Ярыка.

Чытайце таксама:

«Сцягном разбіла лабавое шкло і з боку кіроўцы ўпала на брук». Журналістка «Белсата» расказала, як трапіла ў страшную аварыю

Сотні тысяч бачылі ў тыктоку, як беларус з дапамогай каханай аднаўляецца пасля страшнай аварыі. Вось што з ім цяпер

Кацярына Пытлева падзялілася добрымі навінамі пра сваё здароўе

«Вельмі схуднела, у мяне моцна выпіралі косткі». Блогерка Ліза Ветрава расказала пра барацьбу з анарэксіяй

Інсульт у 33 гады: са стваральніцай беларускага брэнда драўляных сумачак здарылася бяда

Клас
98
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
9
Абуральна
13