Вынікі даследавання, выкананага ў рамках праекту «Глабальны цяжар хваробаў» (Global Burden of Disease ), апублікаваныя ў часопісе The Lancet. Яны прагназуюць больш хуткае зніжэнне нараджальнасці на глабальным узроўні, чым чакалася.

Вучоныя сцвярджаюць, што прыкладна да 2050 года сярэдні індэкс нараджальнасці будзе складаць каля 1,8 дзіцяці на адну жанчыну. І гэта ніжэй за парог аднаўлення насельніцтва ў 2,1. А да канца стагоддзя ён можа ўпасці да 1,6.

Індэкс нараджальнасці да 2100 года Коэффициент рождаемости до 2100 г. Fertility rate until 2100

Змена індэксу нараджальнасці да 2100 года па рэгіёнах і свету (блакітны колер). Гарызантальная пункцірная лінія паказвае парог аднаўлення насельніцтва ў 2,1 дзіця на жанчыну. Крыніца: GBD Fertility and Forecasting Collaborators, The Lancet, 2024

Выданне Le Monde звяртае ўвагу, што гэтыя лічбы значна горшыя за тыя, што ўтрымлівае прагноз ААН, які быў апублікаваны ў 2022 годзе. Спецыялісты ААН пісалі аб сярэднім індэксе нараджальнасці ў 2,1 у 2050 годзе і 1,8 у 2100-м.

У даследаванні быў праведзены аналіз эвалюцыі глабальнай дэмаграфіі ў перыяд з 1950 па 2021 год і змадэлявана яе развіццё па краінах да канца стагоддзя. Вучоныя звяртаюць увагу, што за апошнія 70 гадоў узровень нараджальнасці знізіўся больш чым удвая: з 4,8 дзіцяці на адну жанчыну ў 1950-м да 2,2 у 2021-м годзе.

Аўтары чакаюць, што ў наступныя гады будзе назірацца падзенне паказчыку нараджальнасці не толькі ў краінах глабальнай Поўначы, але і на глабальным Поўдні. Гэта тлумачыцца ростам урбанізацыі насельніцтва на глабальным Поўдні, пашырэннем доступу жанчын да адукацыі і метадаў кантрацэпцыі, зніжэннем дзіцячай смяротнасці.

У выніку, калі ў 2021 годзе каля 46% з 204 краін ці рэгіёнаў свету знаходзіліся ніжэй за парог аднаўлення насельніцтва, то ў 2050 годзе гэтая доля павялічыцца да 76%, а ў 2100 да 97%.

Fertility rate in 2021 and forecast for 2100 Рождаемость в 2021 году и прогноз на 2100 год Індэкс нараджальнасці ў 2021 годзе і прагноз на 2100 год

Індэкс нараджальнасці ў 2021 годзе (па гарызанталі) і прагноз на 2100 год (па вертыкалі). Крыніца: GBD Fertility and Forecasting Collaborators, The Lancet, 2024

Даследчыкі чакаюць, што да 2100 года толькі Самоа, Самалі, выспы Тонга, Нігер, Чад і Таджыкістан застануцца вышэй парога аднаўлення насельніцтва. На іншым канцы спектру — Бутан, Непал, Бангладэш і нават Саудаўская Аравія, дзе індэкс нараджальнасці можа ўпасці ніжэй за адно дзіця на жанчыну.

Калі гаварыць пра Беларусь, то па прагнозах, чаканы індэкс нараджальнасці да 2050-га года ў нашай краіне складзе 1,29, а ў 2100 — 1,19. Гэта адпавядае сярэдняму паказчыку па краінах Усходняй Еўропы (адпаведна 1,28 і 1,19). Найлепшы прагноз сярод краін нашага рэгіёну для Эстоніі (адпаведна 1,37 і 1,21). Найгоршы — для Украіны (1,01 у 2050 і 0,98 у 2100).

Індэкс нараджальнасці ў 2050 годзе Индекс рождаемости в 2050 году Fertility index in 2050

Прагноз індэксу нараджальнасці ў 2050 годзе. Крыніца: GBD Fertility and Forecasting Collaborators, The Lancet, 2024. Інфаграфіка: Le Monde

«Па меры таго, як чалавечая цывілізацыя набліжаецца да рэальнасці нізкай нараджальнасці, адносна высокія паказчыкі ў некаторых краінах і тэрыторыях з нізкімі даходамі прывядуць да яскравага дэмаграфічнага разрыву паміж падгрупай краін з нізкімі даходамі і астатнім светам», — цытуе выданне вынікі даследавання.

«Наступствы значныя. Гэтыя будучыя тэндэнцыі ва ўзроўнях нараджальнасці поўнасцю зменяць глабальную эканоміку і міжнародны баланс сіл, і запатрабуюць рэарганізацыі грамадства», — лічыць адна з аўтараў даследавання Наталі В. Бхатачарджы (Natalia V. Bhattacharjee).

Яна прагназуе «міжнародную канкурэнцыю за прыцягненне мігрантаў для падтрымкі эканамічнага росту, у той час як у краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары ўстойлівымі тэмпамі будзе працягвацца бэбі-бум».

Чытайце яшчэ:

Нараджальнасць падае. Цяпер ужо ва ўсім свеце

Дэмаграфічная катастрофа. Узровень нараджальнасці ў Беларусі апусціўся ніжэй за ваенныя часы

Хто вінаваты, што беларусы не хочуць нараджаць дзяцей?

Клас
8
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
7
Сумна
5
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?