— Адправіцца на зімоўку я вырашыў па простай прычыне: я ненавіджу зіму. Мінулую правёў у Вільні. Там яна адчувалася нават больш суровай, чым у Беларусі, — расказвае Лёша. — Аказалася, што ў Літве вышэйшая вільготнасць і менш сонечна. У такіх умовах холад успрымаецца нашмат горш.

Далей Еўропы адлятаць не хацелася, таму выбіраў, дзе ў ЕС будзе цяплей за ўсё зімой. Па выніку спыніўся на чатырох лакацыях. Дзве кватэры арандаваў у Грэцыі: у Афінах і на востраве Кефалінія. Дзве астатнія — у Партугаліі: у паўднёвым горадзе Портыман і на Азорскіх астравах.

У вандроўку я паехаў не адзін, а са сваім хлопцам. Жыллё мы здымалі праз Airbnb. Зручна, што сэрвіс дае зніжку на апартаменты, калі здымаць іх на месяц ці даўжэй.

Першая лакацыя — Афіны: «Калі перамяшчаешся па горадзе на грамадскім транспарце, спадзяешся толькі на поспех: аўтобус можа спазніцца на дзве гадзіны, а потым зусім змяніць маршрут»

— Афіны становяцца выдатным горадам, калі ты адтуль з’язджаеш. Жыць там дастаткова складана.

Спачатку ў мяне была эйфарыя: я вырваўся ў цеплыню (у канцы лістапада было каля 20 градусаў, нават можна было купацца), вакол было шмат цікавага і зусім не падобнага на Літву і Беларусь. Затым стаў надакучваць паўднёвы менталітэт, калі мясцовыя ставяцца да ўсяго з лёгкім адценнем наплявальніцтва.

 

Першае, што я заўважыў, калі зняў ружовыя акуляры, — смецце і хаос вакол. Літаральна ўсюды на дарогах — сабачае гаўно.

Акрамя таго, тут шалёны рух і на праезнай частцы: правіл дарожнага руху як быццам у Афінах не існуе. Мясцовыя паркуюцца як хочуць. Ездзяць прыкладна гэтак жа: звычайная гісторыя, калі хтосьці вырашыць пракаціцца на машыне па тратуары. На пешаходаў там напляваць. Спачатку ставішся да такога рэжыму з цікавасцю, а потым стамляешся ад пастаяннай напругі.

За месяц жыцця ў Афінах я ні разу не наважыўся на шпацыр са слухаўкамі. Па-першае, было страшна, што я не заўважу надыходзячае аўта і мяне саб’юць. Па-другое, у горадзе ёсць раёны, у якіх знаходзіцца зусім небяспечна. Выглядаюць яны як тыповыя гета: вялізныя баракі і людзі падазронай знешнасці. Там нават лішні раз не хацелася даставаць тэлефон, а такіх лакацый у Афінах даволі шмат.

 

Фота, на якім бачны прыпаркаваныя на абочыне машыне. Адна з іх зачынена цэлафанам, а зверху стаяць вазоны з раслінамі.

Раздражняла праца грамадскага транспарту. Напрыклад, некалькі разоў я прыходзіў на прыпынак за 40 хвілін да адпраўлення, а аўтобус у гэты час з’язджаў. Быў выпадак, калі я чакаў патрэбны мне транспарт дзве гадзіны.

У Афінах зручна перамяшчацца на метро. Цягнікі няхай і прыбываюць усяго раз на 10 хвілін, але прыязджаюць заўсёды. Праблема ў тым, што на іх можна дабрацца не ва ўсе часткі горада. Сістэма зроблена так, што ў пэўны раён часцей за ўсё ходзіць толькі адзін від транспарту. Таму, калі трэба дабрацца кудысьці на аўтобусе ці трамваі (яны на маёй памяці ламаліся разоў з пяць), лепш на ўсялякі выпадак закладаць на дарогу пару лішніх гадзін.

Прадукты: «Танней і зручней сілкавацца ў сэрвісах дастаўкі, чым гатаваць ежу самастойна»

Прадукты ў крамах каштуюць дорага. Напрыклад, філе курыцы 300 грам каштуе каля 9 еўра. Таму замест яго мы пачалі купляць фрыкадэлькі: яны каштавалі танней за ўсё.

Наколькі я зразумеў, грэкі ў плане ежы даволі традыцыяналісты. У супермаркетах можна знайсці ўсё, што расце ў Грэцыі. Там шмат сыру і іншых малочных прадуктаў, алівак. Затое імпартныя тавары знайсці часам бывае вельмі складана, і каштуюць яны прыстойна. Неяк шукаў у некалькіх месцах авакада, знайшоў толькі ў адным супермаркеце па 12 еўра за кілаграм.

Панарама Афін зверху. Фота Афін вечарам. Выгляд з узгорка.

Ратавала славянская крама «Бярозка». Хадзіў часцей за ўсё толькі ў яе. Вядома, там была вялікая нацэнка, але хаця б былі зразумелыя прадукты.

Акрамя таго, у Афінах добра працуюць сэрвісы дастаўкі ежы. Вялікія боўлы каштавалі каля 3 еўра. Цікава, што ў інгрэдыентах там было ўсё, што складана купіць у краме: авакада, інжыр, рэдкія віды круп. За гірас і суўлакі — тыповы грэцкі фастфуд — трэба было заплаціць таксама 3-4 еўра.

Здзівіла, што ў сэрвісах дастаўкі можна замовіць гатовы алкагольны кактэйль. На бутэлькі з віном часта былі акцыі 1+1. Так што я часцей піў, а не еў.

Другая лакацыя — востраў Кефалінія: «Славянскай крамы не было, таму даводзілася перабівацца мясцовымі булкамі»

— З Афін я ляцеў з пачуццём палёгкі. Было прыемна змяніць шумны мегаполіс на ціхі і ўтульны востраў. Спыніліся мы там у невялікім горадзе ля мора Аргасталіён. Калі ехалі з аэрапорта, мы з хлопцам зразумелі, што і тут не будзе так гладка, як хацелася б.

Аўтобусы не хадзілі, і дабірацца да горада трэба было на мясцовым таксі. Па дарозе кіроўца расказаў, што грамадскі транспарт спыняе сваю працу на паўгода ў халодны перыяд. Закрытыя і розныя ўстановы: кавярні, клубы, кінатэатр, крамы з сувенірамі і адзеннем. Адкрытымі заставаліся ўсяго некалькі пунктаў з прадуктамі, адна піцэрыя і булачная. 

Фота белага дома на востраве Кефалінія. Фота вузкай вуліцы з нізкімі грэчаскімі дамамі на востраве Кефалінія.

З прадуктамі было прыкладна гэтак жа бедна, як і ў Афінах. Аднак на востраве славянскай крамы з сэрвісамі дастаўкі не было, таму даводзілася харчавацца тым, што было. Звычайна перабіваліся рысам з гароднінай ды пастай з сырам.

Нягледзячы на бедны рацыён, кожны раз у краме мы аддавалі каля 50 еўра за стандартны набор з яек, круп, лакальнай гародніны і якога-небудзь сыру. Усё таму, што прадукты там праўда дарагія.

На востраў мы трапілі ў перыяд навагодніх свят. З крамамі ў гэты час стала яшчэ горш: нават харчовыя былі закрытыя па 4-5 дзён. Спачатку яны не працавалі з-за каталіцкіх Каляд. Затым яны адкрываліся на некалькі дзён, а потым зноў пераставалі працаваць амаль на тыдзень з-за Новага года. Потым былі праваслаўныя Каляды і Стары Новы год — на іх практычна ўсе ўстановы ў горадзе, за выключэннем булачных, таксама застывалі.

З-за такога рэжыму працы даводзілася закупляцца прадуктамі адразу на доўгі перыяд, але ўсё пралічыць было немагчыма. Калі ежа дома заканчвалася, мы харчаваліся выпечкай у булачнай ля аўтавакзала.

Зялёны пейзаж з гарамі на заднім фоне. Белы дом з карычневым дахам у асяроддзі кустоў з кветкамі і гарамі на фоне.

Сам па сабе Аргасталіён страшэнна прыгожы і прыемны: цудоўная набярэжная, дагледжаныя дамы ў італьянскім стылі, цёплае надвор’е і шмат сцежак для хайка вакол горада. У сезон там відавочна шмат забаў на любы бюджэт і густ. Мы ж па большай частцы праводзілі будні за працай дома, а ў вольны час хадзілі купацца і вывучаць ваколіцы пешшу.

З мясцовымі мы асабліва не знаёміліся. Адзіная камунікацыя адбылася з беларускай, якая працуе прадаўшчыцай у мясцовай краме. Я некалькі тыдняў прыглядаўся да яе і гадаў, ці не славянка яна. Ад грэкаў яе адрозніваў крыху сумны погляд, які я шмат разоў бачыў у беларусаў і ні разу — у мясцовых. Увогуле было цікава даведацца, адкуль яна.

Загаварыць з жанчынай я вырашыўся толькі за некалькі дзён да адлёту. Аказалася, што яна з Беларусі, а на востраў пераехала, калі выйшла замуж за грэка. Расказала, што ёй за некалькі гадоў жыцця на востраве злёгку надакучылі мясцовыя зімы і яна не супраць была б з’ехаць кудысьці далей. Потым яшчэ паскардзіліся адзін аднаму на мясцовы графік працы. На тым і развіталіся.

Лакацыя трэцяя — партугальскі горад Партыман: «Сонца, выдатныя пляжы»

— Ужо ў лютым мы дабраліся да Партымана — курортнага горада на поўдні Партугаліі. Ён славіцца сваімі доўгімі пясчанымі пляжамі, і акрамя іх, па праўдзе сказаць, там асабліва глядзець няма чаго.

Але мяне ўсё задавальняла. Звычайна свой дзень я выбудоўваў так, каб раніцай працаваць, днём сыходзіць на пляж, а затым увечары дарабляць працу. Такі расклад не надакучваў.

 

Фота дарогі, на якой сядзіць шмат катоў розных расфарбовак. Фота партугальскіх скал, з якіх бачны акіян.

З прадуктамі і крамамі таксама ўсё было ў парадку. У горадзе шмат супермаркетаў з вялікім выбарам ежы на любы густ і кашалёк. Пасля Грэцыі такое здавалася раем.

А вось з кавярнямі было больш складана. Гэты рэгіён чамусьці моцна спадабаўся англічанам. Турыстаў з Вялікабрытаніі нават не ў сезон было вельмі шмат, таму ўстановы падладзіліся пад іх. У меню нават цэны ў некаторых месцах пазначаныя адразу ў дзвюх валютах: еўра і фунтах. З-за гэтага стравы там каштуюць дорага. Напрыклад, за талерку звычайнай пасты спакойна можна было аддаць больш за 15 еўра. Для англічан гэта нармальна, для нас — занадта шмат.

Фота пляжу з яркімі скаламі. Фота спуску з гары на пляж.

Апошняе месца зімоўкі — Азорскія астравы: «Бясконцыя ўздымы ў гару і дзівосная прырода»

— Азорскія астравы сталі самым дарагім месцам нашай зімоўкі. За арэнду хаты ў вёсцы мы аддалі каля 1100 еўра. Па словах яе гаспадыні, у летні перыяд цана за месяц падымаецца да 2000 еўра.

На Азорскія астравы я б раіў прыязджаць тым, у каго ёсць правы кіроўцы. Перасоўвацца па востраве без машыны досыць складана. Не ў сезон аўтобусы ходзяць па ўсім узбярэжжы, але ўсяго два разы на дзень. Каб дабрацца да прадуктовых крам з нашай вёскі, нам даводзілася або падладжвацца пад такі графік, або ісці да суседняга горада пешкі па гарах.

Дабрацца да некаторых пунктаў без аўто практычна нерэальна. Нам з хлопцам пашанцавала: неяк гаспадыня нашага дома ўбачыла, што мы чакаем транспарт на аўтобусным прыпынку і прапанавала перыядычна падвозіць нас за прадуктамі ці да галоўных турыстычных лакацый.

 

Фота гор і хваль на Азорскіх востравах. Фота з Азорскіх выспаў: на пярэднім плане бачныя пухнатыя каровы, крыху далей — белыя хаты з карычневымі дахамі і горы, напалову схаваныя аблокамі.

Прагулкі па востраве — асобны від мазахізму. Азоры — гэта сетка вялікіх вулканічных скал, плоскіх ландшафтаў тут практычна няма. Таму, куды б ты ні пайшоў, хутчэй за ўсё, ты заўсёды будзеш падымацца ўгару. Першы час пастаянны хайк нават падабаецца, а потым ногі адмаўляюць. Атрымліваць асалоду ад краявідаў становіцца зацяжка, калі ты думаеш толькі пра боль у лытках.

Цэны на ежу прыкладна грэчаскія: даражэйшыя, чым у кантынентальнай Партугаліі. За кожны паход у краму мы звычайна аддаём каля 120—180 еўра. Купляем ежу мы на 4-5 дзён. Выбар таксама бедны, але мы ўжо прывыклі да гэтага. Перабіваемся рознымі відамі пасты і снэкамі.

Аднак мясцовая прырода вартая і збітых ног, і беднага рацыёну. Вакол дагістарычная прыгажосць: акіян, а побач хвоі і елкі. Калі праехаць углыб, то можна ўбачыць кратары вулканаў з азёрамі ўнутры. Выглядае дзіўна.

Надвор’е таксама цікавае. У розных частках вострава яно мяняецца да непазнавальнасці. Неяк я вырашыў пагуляць і пайшоў на чатыры гадзіны. Мой хлопец у гэты час быў дома і потым расказваў, што ў іх увесь гэты час была залева. А там, дзе хадзіў я, было сонечна і нават аблокаў на небе не было.

З-за такіх кантрастаў адсочваць надвор’е па Google немагчыма. Таму мясцовыя паставілі па ўсім востраве камеры, праз якія па спецыяльным дадатку можна паглядзець, што цяпер адбываецца на іншай частцы Азораў.

 

Фота кратэра на Азорскіх восраваў, а на фоне бачны белы дом з карычневым дахам. Зялёны схіл на Азорскіх выспах.

Пра высновы і планы: «Наступнай зімой паўтараць падобнае не хочацца»

— Я ні разу не пашкадаваў пра нашу зімоўку. Хаця, прызнаюся, за чатыры месяцы я парадкам стаміўся ад пастаянных перамяшчэнняў. Хочацца ўжо вярнуцца ў Вільню і злёгку зазямліцца. Мару яшчэ абставіць сваю новую кватэру так, як мне падабаецца. У арэндным жыллі ўсё ж не хапае душы.

Яшчэ стаміўся ад сваёй вопраткі. Увесь гэты час мы падарожнічаем усяго з двума заплечнікамі, куды шмат усяго не ўлазіць. Новыя рэчы таксама няма асаблівага сэнсу купляць: каб забраць іх потым дадому, трэба будзе выкінуць нешта са старога. Вось і ходзім у адным і тым жа.

У наступным годзе такую зімоўку паўтараць не хочацца. Магчыма, мы збяромся на паўтара месяца ў снежні ці лютым у Аргенціну ці іншую краіну ў Лацінскай Амерыцы, аднак пакуль мы толькі думаем пра гэта.

 Чытайце таксама:

Мужчыны — пра б'юці-практыкі і касметычныя рытуалы, якімі карыстаюцца: «У любові да сябе няма ўзросту, расы і полу»

«За начлег і ежу падмятала падлогі і гатавала сняданкі». Пачытайце гісторыю беларускі, якая з'ехала з Беларусі, але здолела рэалізаваць сваю мару

Клас
28
Панылы сорам
11
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
9