Марыя Жодзік на польскіх спаборніцтвах. Фота: Tomasz Kasjaniuk / PZLA

Марыя Жодзік на польскіх спаборніцтвах. Фота: Tomasz Kasjaniuk / PZLA

20 сакавіка Польскі саюз лёгкай атлетыкі аб'явіў аб наданні беларускай спартоўцы Марыі Жодзік польскага грамадзянства. Рашэнне пра гэта прыняў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

«Я вельмі радая, што прэзідэнт падпісаў усе дакументы і падаў мне польскае грамадзянства. Я ганаруся тым, што буду прадстаўляць Польшчу, краіну маіх продкаў. Я спадзяюся, што ўсё, што звязана з працэдурамі World Athletics, цяпер будзе гладка, і я хутка буду стартаваць у футболцы з арлом на грудзях. Спадзяюся, усё пройдзе гладка і заўзятары ўбачаць мяне на Гульнях у Парыжы ў бела-чырвонай форме зборнай Польшчы», — сказала Жодзік.

Раней яна, выступаючы па-за конкурсам на чэмпіянаце Польшчы, усталявала асабісты рэкорд, скокнуўшы ў вышыню на 1 м 97 см, і выканала алімпійскі нарматыў. У 2024 годзе гэта трэці вынік у свеце, паказаны ў гэтай дысцыпліне, апярэджваюць Жодзік толькі ўкраінка Яраслава Магучых з вынікам 2 м 04 см і аўстралійка Нікола Аліслейджэрс з 2 м 03 см.

Марыя Жодзік родам з Баранавіч, але з 2022 года жыве ў польскім Беластоку. У адным з інтэрв'ю беларуска казала, што ў яе польскія карані. У 2020 годзе яна падпісала адкрыты ліст спартоўцаў, у якім асуджаліся факты фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, а таксама гвалт з боку сілавікоў. Таксама спартоўка асудзіла вайну Расіі супраць Украіны. 

У 2021 годзе тады яшчэ беларуская скакуха ў вышыню ўстанавіла асабісты рэкорд, узяўшы бар'ер 1 м 96 см. Гэта дало ёй права выступаць на Алімпіядзе ў Токіа ад Беларусі, аднак функцыянеры Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі не забяспечылі працэдуру праходжання допінг-тэстаў у тэрміны, устаноўленыя Міжнароднай федэрацыяй. Таму Жодзік не трапіла на Алімпіяду ў Токіа.

Чытайце таксама:

Беларуская скакуха паказала найлепшы вынік на чэмпіянаце Польшчы і можа паехаць на Алімпіяду

На Алімпіяду ў Парыжы можа патрапіць лёгкаатлетка з Беларусі. Але неабходны дазвол Дуды

На апошняй летняй Алімпіядзе выступалі 108 атлетаў з Беларусі, на гульні ў Парыжы пакуль ёсць толькі 6 дакладных ліцэнзій

Клас
40
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
4