Скрыншот інстаграма Паўла Дабравольскага

Скрыншот інстаграма Паўла Дабравольскага

У 2022 годзе Павел адправіўся ў двухгадовае кругасветнае падарожжа. Цяпер ён знаходзіцца ў Аргенціне. 

Мужчына аб’ехаў Панаму, Эквадор, Перу, Балівію — бязвізавыя краіны, даступныя ўладальніку беларускага пашпарта. Далей з Лацінскай Амерыкі ў планах Бразілія і Венесуэла.

Паўлу было цікава паглядзець на легендарныя трушчобныя раёны.

— Я ніколі не бачыў менавіта такіх раёнаў. Бо, напрыклад, у Індыі трушчобы — гэта проста месца, дзе ў сапраўды жахлівых умовах жывуць бедныя людзі. Нават у Лацінскай Амерыцы шмат дзе такая ж гісторыя. А ў Аргенціне гэта раёны бандытаў — у некаторыя кварталы нават паліцыя не рызыкуе заходзіць, — дзяліўся ён у сацсетках.

Цікаўнасць і смеласць падштурхоўвалі Паўла ісці туды, куды лепш не ісці.

— Я месяц жыў у Панаме і гугліў «Найбольш небяспечныя раёны Панамы» — і потым па чарзе іх наведваў. Гэтак жа паступаў у Гуаякіле (Эквадор), у Ліме (Перу).

Першы досвед у Панаме яго вельмі ўразіў:

— У гэтай краіне шмат грошай, сярэдні заробак прыкладна на ўзроўні Польшчы. Хмарачосаў хапае… Таму было вельмі дзіўна пабачыць закрытыя тэрыторыі, куды не пускаюць немясцовых жыхароў. На ўваходах стаяць блокпасты паліцыі. Але ты кажаш, што ідзеш пад сваю адказнасць, цябе не на першым, дык на другім прапусцяць. Толькі ў адзін раён мяне не прапускалі ніяк, але ж я знайшоў пралазы на спадарожнікавай карце і ўсё роўна зайшоў. Унутры раёнаў паліцыі ўвогуле няма — яна дзяжурыць толькі звонку, — расказваў падпісчыкам Павел.

У Ліме, адзначаў ён, ніякіх блокпастоў няма, таму можна гуляць па трушчобах, колькі хочаш. Нідзе ён не трапляў у нейкія непрыемныя сітуацыі. Кажа, што днём адчуваў сябе цалкам бяспечна. Павел лічыць, што нягледзячы на ўсе жахі, месцы гэтыя даволі фотагенічныя — і ў тым ліку па такую зачаравальную карцінку туды ідзеш.

— Калі я прыехаў у Буэнас-Айрэс, то зразумеў, што тут трушчобы — гэта зусім іншы свет. У першы такі раён я трапіў раптоўна, калі ішоў з вакзала ў свой гатэль. Нейкія хлопцы сядзяць ля заходаў у вузкія вуліцы, яны літаральна скануюць цябе поглядам з ног да галавы. Вельмі напружаная атмасфера. Я пастараўся выйсці адтуль як мага хутчэй.

Таму калі Павел вырашыў спецыяльна схадзіць у яшчэ адзін такі раён, то старанна падрыхтаваўся да гэтага: пакінуў у нумары банкаўскую картку, перавёў акаўнты ў сацыяльных сетках на новую сімку і выпісаў усе паролі ад іх у нататнік. Кажа, што ў гэты раз кожнае фота, кожнае відэа на некалькі секунд рабіў з вялікім стрэсам — бо рэакцыя мясцовых магла быць рознай.

Але ж нягледзячы на ўсе асцярогі Павел пагуляў па трох крымінальных раёнах, абышлося без эксцэсаў. У чацвёрты хлопец вырашыў пайсці з новым сябрам — ён якраз пазнаёміўся з іншым мінчуком, які таксама любіць наведваць трушчобы ў розных краінах.

— Раён знаходзіцца прыкладна за 30 хвілін язды ад Буэнас-Айрэса. Я даведаўся пра існаванне гэтага раёна выпадкова. Ехаў на цягніку да месца, дзе ёсць поле для гольфа. І ў нейкі момант па цягніку стала бегаць паліцыя і папярэджваць пра нешта. Людзі хутка зачынялі вокны, нехта нават сеў на падлогу. Мне растлумачылі, што цяпер мы едзем праз небяспечны раён і тут можа адбыцца рознае. Канечне, я адразу адзначыў лакацыю на мапе.

Скрыншот інстаграма Паўла Дабравольскага

Скрыншот інстаграма Паўла Дабравольскага

Трапіць туды было даволі складана. Быў толькі вельмі вузкі падыход праз чыгунку. Павел з сябрам адразу пабачылі групу мужчын, якія сядзелі каля ўваходу.

— Мы ўсё абышлі, але вяртацца трэба было цераз той жа чыгуначны мост. У цэлым нічога не прадвяшчала бяды. Мы ўбачылі 2-3 хлопцаў там. Але як толькі мы да іх наблізіліся, нас раптоўна атачыў натоўп, які з'явіўся незразумела адкуль. Я ўпершыню ў жыцці ўбачыў пісталет побач са сваёй галавой.

Скрыншот інстаграма Паўла Дабравольскага

Скрыншот інстаграма Паўла Дабравольскага

Пабачыўшы зброю, беларус адразу сам дастаў і аддаў свой дарагі тэлефон. Згадаў гісторыю з навін: літаральна некалькі дзён таму ў цэнтры Буэнас-Айрэса ў аналагічных абставінах забілі дзяўчыну.

— Але ўдары ўсё роўна пасыпаліся. Магчыма, дзякуючы маім паводзінам білі мяне не вельмі моцна і не вельмі доўга. На мне амаль не засталося ніякіх слядоў, чаго нельга сказаць пра майго спадарожніка. Яму дасталася нашмат больш — у яго вельмі моцна разбіты твар.

Скрыншот інстаграма Паўла Дабравольскага

Скрыншот інстаграма Паўла Дабравольскага

Вакол сабраўся натоўп разявак. «Дзяўчынкі гадоў 7-8 глядзелі і ўсміхаліся. Вось такая забаўка для дзяцей!» — абураецца ў сацсетках Павел.

Выратаваў беларусаў цягнік. Завадатар банды спытаў, ці будуць хлопцы звяртацца ў паліцыю. Тыя паабяцалі не рабіць гэтага. Тады завадатар даў усім каманду разыходзіцца і дазволіў чужынцам сысці.

Павел усё ж звярнуўся ў паліцыю:

— Не ведаю, што з гэтага атрымаецца. Але тры гадзіны распытвалі, нейкую цікавасць праяўлялі. Паглядзім, што будзе.

Чытайце таксама:

Пару з Беларусі выкралі і абрабавалі расіяне ў Тайландзе

У Празе абрабавалі беларускую Клубоўню. У ёй шмат гадоў збіраюцца актывісты беларускай дыяспары

У Вашынгтоне мужчыну абрабавалі. Але вярнулі тэлефон, бо гэта быў Android

Клас
7
Панылы сорам
49
Ха-ха
8
Ого
7
Сумна
6
Абуральна
16

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?