Рака Ловаць. Фота: wmbel.by

Рака Ловаць. Фота: wmbel.by

Вялікі водападзел

Мінпрыроды паведамляе: крыху больш за палову (55% тэрыторыі) Беларусі адносіцца да басейна Чорнага мора, а 45% — Балтыйскага. Гэта значыць, што ўсе рэкі Беларусі скончаць свой шлях альбо ў Чорным моры, альбо ў Балтыйскім.

Калі правесці ўмоўную лінію паміж Віцебскам і Брэстам, то амаль усе рэкі зверху ад гэтай лініі адносяцца да Балтыйскага басейна. Гэта значыць, раўчукі, рачулкі і рэчкі ў канчатковым выніку ўліваюцца ў буйныя беларускія рэкі — Дзвіну, Вілію, Нёман і Буг.

Рэкі ж знізу ад віртуальнай лініі адносяцца да Чарнаморскага басейна. Гэта значыць, усе рэчкі-раўчукі так ці інакш упадаюць у Прыпяць і Дняпро, якія, злучаючыся на тэрыторыі Украіны, далей магутным Дняпром цякуць да Чорнага мора.

Паглядзіце на герб беларускага райцэнтра Докшыцы. На ім намаляваныя два збаны, вада з якіх цячэ ўверх. Збаны гэтыя азначаюць вытокі Віліі і Бярэзіны, якія знаходзяцца ў Докшыцкім раёне. Бярэзіна пачынаецца літаральна за аб'язной Докшыц, а Вілія вынікае з балотца за нейкія дваццаць кіламетраў ад райцэнтра. Але Бярэзіна ў выніку, уліўшыся ў Дняпро, скончыць свой шлях у Чорным моры, а Вілія — у Балтыйскім. Гэта называецца — водападзел.

Ёсць яшчэ прынамсі два такія прыклады. Адзін — рэкі Пціч і Іслач. Паміж іх вытокамі пад Мінскам усяго каля 3-4 кіламетраў, але Іслач патрапіць у выніку ў Балтыйскае мора, а Пціч — у Чорнае.

Іншы прыклад — рэкі Нарва і Ясельда. Абедзве яны выходзяць з аднаго балота ў Белавежскай пушчы. Але ў выніку воды Нарвы аказваюцца ў Балтыцы, а воды Ясельды — у чарнаморскіх хвалях.

«А нам говорят, что Волга впадает в Каспийское море…»

Калі б Беларусь была крышачку большай, то нам бы пашанцавала мець рэкі і трэцяга басейна — Каспійскага. Расійская Цвярская вобласць — зямля, якая ў гэтым плане падобная на Докшыцкі раён.

На Валдаі, у Асташкаўскім раёне, знаходзіцца выток вялікай ракі Волгі. А ў Пенаўскім раёне той жа Цвярской вобласці знаходзіцца выток вялікай ракі Дзвіны. Паміж вытокамі рэк усяго 43 кіламетры па прамой — а якія розныя лёсы: Дзвіна, як нам вядома, ўпадае ў Балтыйскае мора, а Волга — у Каспійскае.

Можа, дзе-небудзь у Беларусі, на мяжы з Расіяй, ёсць рака-рачулка, якая б несла свае воды да Волгі — і тады б таксама ўпадала ў Каспій? Такія рэкі, якія пачынаюцца ў Беларусі і цякуць у Расію, сапраўды ёсць. Вось, напрыклад, Сухая Паленніца пачынаецца ў Лёзненскім раёне і неўзабаве перасякае мяжу. Там яна ўпадае ў Рутавеч, Рутавеч упадае ў Касплю, а Каспля цячэ назад у Беларусь і ў горадзе Сураж уліваецца ў Дзвіну.

Ці, скажам, рака Гародня пачынаецца дзесьці на ўскраіне Горацкага раёна, потым заходзіць на Смаленшчыну і там упадае ў Віхру, якая прыходзіць у Беларусь і за Мсціславам упадае ў Сож.

Ці вось Іпуць: пачынаецца ў Клімавіцкім раёне, далей цячэ ў Расію і там наварочвае амаль трыста кіламетраў, пасля чаго вяртаецца ў Беларусь і ўпадае ў Сож ужо ў Гомелі.

Такой ракі, якая б пачыналася ў Беларусі і змагла пазбегнуць упадзення ў адну з рэк басейна Балтыйскага або Чорнага мораў, няма. Але ёсць адна ўнікальная рака, якая пачынаецца ў Беларусі і больш ні ў якую беларускую не ўпадае. Затое прыводзіць яна — ні за што не здагадаецеся куды.

Куды менавіта цякуць беларускія рэкі?

Перш чым, нарэшце, расказаць пра ўнікальную беларускую раку, трэба разабрацца, як і куды менавіта цякуць астатнія беларускія рэкі. Вышэй ужо адзначалася, што ўсе яны так ці інакш ўпадаюць альбо ў Балтыйскае мора, альбо ў Чорнае. Трэцяга не дадзена.

Такім чынам, рэкі Балтыйскага басейна. Амаль усе рэкі гэтага басейна ў Беларусі ўпадаюць у Дзвіну, Вілію або Нёман, а таксама Буг. Што адбываецца з Дзвіной? На тэрыторыі Латвіі яна мяняе назву на Даўгава і ў Рызе ўпадае ў Рыжскі заліў — частку Балтыйскага мора. Вілія і Нёман сустрэнуцца толькі ў Літве. Там першая з іх называецца Нярыс, а другая — Нямунас. Нярыс упадае ў Нямунас у Коўне, а Нямунас выйдзе да Балтыкі ў курорце Нярынга: рака ўпадае ў Куршскі заліў. Нарэшце, Буг працягвае свой шлях у Польшчы, дзе спачатку ўпадае ў Нарву, а тая ўжо, у сваю чаргу — за Варшавай у вялікую Віслу, якая ўжо і выходзіць да Балтыкі недалёка ад Гданьска.

Месцы ўпадзення Віслы, Нёмана і Дзвіны ў Балтыйскае мора (злева направа)

Месцы ўпадзення Віслы, Нёмана і Дзвіны ў Балтыйскае мора (злева направа)

Асноўных рэк Чарнаморскага басейна ў Беларусі… усяго адна. Калі, як згадвалася вышэй, «балтыйскія» ракі ўпадаюць у Балтыйскае мора ў трох розных месцах трох краін, то ўсё, што цячэ з Беларусі ў Чорнае мора, трапляе туды толькі праз Дняпро. У Беларусі Бярэзіна і Сож і іх прытокі ўпадаюць у Дняпро, а мноства іншых рэчак (напрыклад, Пціч, якая пачынаецца пад Мінскам) — у Прыпяць. Тая, у сваю чаргу, усё адно ўпадае ў Дняпро на поўначы Украіны. І далей ужо Дняпро наварочвае сотні кіламетраў праз усю краіну і ўпадае недалёка ад Херсона ў Дняпроўскі ліман Чорнага мора.

Усё, іншага месца для ўпадзення беларускіх рэк у Чорнае мора няма.

А вось у Балтыку — ёсць.

Унікальная рака Беларусі, якая амаль парушае «правіла басейнаў»

Вось, нарэшце, і яна — унікальная рака. Называецца яна Ловаць і пачынаецца ў Гарадоцкім раёне каля самай мяжы з Расіяй.

Яе даўжыня ў межах Беларусі ўсяго 45 кіламетраў, а шырыня ледзь перавышае некалькі метраў або некалькі дзясяткаў метраў. Але чым далей цячэ рака, тым больш прытокаў у сябе ўбірае і тым шырэйшай становіцца. Бліжэй да вусця яна разліваецца на некалькі сотняў метраў.

А дзе яе вусце? Дык вось, пакінуўшы Беларусь, Ловаць цячэ далей на поўнач па Пскоўскай і затым Наўгародскай абласцях Расіі. Прайшоўшы па расійскай тэрыторыі амаль 500 кіламетраў, яна ўпадае ў велізарнае возера Ільмень. З Ільмені, у сваю чаргу, выцякае рака Волхаў, на якой стаіць Вялікі Ноўгарад. Гэтая рака цячэ далей на поўнач і ўпадае ў Ладажскае возера. З якога выцякае невялікая (наша Свіслач роўна ў 3 разы даўжэйшая), але неверагодна магутная рака пад назвай Нява. Так-так, тая самая. І заканчваецца яна, як мы ведаем, на беразе Фінскага заліва ў Санкт-Пецярбургу.

Такім чынам, калі ў Гарадоцкім раёне Беларусі сесці ў човен дзе-небудзь у раёне вытоку Ловаці, скажам, на азярцы Завесна, і плыць увесь час уніз па плыні, — то роўна праз тысячу кіламетраў вы апынецеся ў Піцеры!

Беларуская Ловаць умудрылася выслізнуць ад усіх астатніх рэк Балтыйскага басейна і трапіць у мора сваім уласным шляхам.

Ці ёсць у Беларусі яшчэ што-небудзь такое ж унікальнае?

Не зусім настолькі ж, але ёсць. У Верхнядзвінскім раёне на поўначы краіны раскінулася вялікае возера Асвейскае. Іншыя рэкі вакол яго цякуць на поўдзень і ўпадаюць у Дзвіну. Але толькі не рэчка Сінюха. Яна стартуе з балота побач з возерам і, у адрозненне ад усіх астатніх, цячэ на поўнач.

Праз дзясятак кіламетраў яна перасякае мяжу і аказваецца ў Латвіі, дзе мяняе назву на Зілупе (што па-латышску азначае «сіні»).

Папятляўшы па мяжы з Расіяй, затым яна аказваецца цалкам на расійскай тэрыторыі, мяняе назву на Сіняя і недалёка ад горада Востраў уліваецца ў раку Вялікая, на якой стаіць Пскоў. Рака Вялікая, у сваю чаргу, упадае ў Пскоўскае возера, адкуль ідзе пратока да Чудскага возера на мяжы Расіі і Эстоніі. З Чудскага возера выцякае рака Нарва, якая ўсю дарогу ідзе па мяжы дзвюх дзяржаў і ўпадае ў Фінскі заліў недалёка ад гарадоў Нарва і Івангорад.

Такім чынам, на Балтыцы з'яўляецца пяты пункт і пятая краіна, куды можна прыплысці па беларускіх рэках. Гэтыя пункты раскіданыя паміж сабой на 900 кіламетраў. А паміж крайнімі пунктамі на Балтыцы і пунктам на Чорным моры і зусім 1300-1500 кіламетраў.

Чытайце таксама:

Якая рака ў Беларусі самая халодная, а якая самая звілістая?

Якая сувязь паміж БелАЭС і атлантычным ласосем? Аказваецца, самая непасрэдная

Як сёння шкодзяць беларускай прыродзе старадаўнія штучныя каналы?

Клас
91
Панылы сорам
9
Ха-ха
12
Ого
18
Сумна
24
Абуральна
34