Фота: Радыё Свабода

Фота: Радыё Свабода

На сённяшні дзень вядома пра як мінімум 64 асуджаных за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкага фармавання). Агулам іх асудзілі на 192 гады і шэсць месяцаў пазбаўлення і абмежавання волі, піша «Вясна».

Гэта людзі розных прафесій, сфер дзейнасці і сацыяльнага статусу: галоўны інжынер буйнога прадпрыемства і былы супрацоўнік банка, сын палітыка і выкладчыца англійскай мовы, псіхалагіня і прэс-сакратар.

Так палітзняволеную мінчанку Ксенію Ходыраву затрымалі ў кастрычніку 2023 года за данаты і некалькі месяцаў утрымлівалі ў СІЗА КДБ. У лютым 2024 года яе асудзілі за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і за «фінансаванне вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК) на пяць гадоў калоніі. 

Галоўнага інжынера «Мілкавіты» Аляксандра Стругальскага асудзілі ў лютым 2024 года за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» на тры гады «хатняй хіміі». Яго затрымалі яшчэ восенню 2022 года. Паводле праўладных тг-каналаў, мужчына дасылаў грошы ў «Байсол». 

Танцорку і маці дваіх дзяцей Вікторыю Гаўрыліну асудзілі ў верасні 2023 года на тры гады і тры месяцы калоніі. Жанчыну абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў, у тым ліку за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-2 КК). Жанчыну разам з мужам затрымалі зімой 2023 года. Мужчыну пасля адбыцця 30 сутак арышту выпусцілі на волю. 

Стваральніка навукова-папулярнага часопіса Pamylka Юрыя Адамава затрымалі вясною 2023 года. Ён удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, правёў некалькі даследаванняў па фізіцы ў ЗША. Навукоўца асудзілі ў ліпені 2023 года за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» на тры гады калоніі. 

Таксама ў Беларусі адзначаныя выпадкі пераследу паводле арт. 290-1 КК «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» — за данаты ў розныя ініцыятывы, напрыклад у BYPOL і «Кіберпартызаны». Па ім ужо асудзілі як мінімум траіх чалавек агулам на 26,5 гадоў калоніі: Мікалая Васілевіча на дзевяць гадоў і шэсць месяцаў калоніі, Дзмітрыя Слука на восем гадоў і шэсць месяцаў калоніі, Алега Дзегцярэнку на восем гадоў і шэсць месяцаў калоніі.

Яшчэ пяць чалавек цяпер знаходзяцца пад вартай у чаканні суда па гэтым артыкуле.

Трэнера-масажыста з Мінска Мікалая Васілевіча абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-1 КК), «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК) і «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 2 арт. 290-1 КК).

Прапагандысцкія СМІ распавялі, што агулам за два гады Мікалай зрабіў не менш за 54 данаты ў фонды салідарнасці і розныя ініцыятывы.

Агулам 12 верасня 2023 года Мікалая асудзілі на 9,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Бабруйчаніна Дзмітрыя Слука затрымалі 10 лютага 2023 года. Яго абвінавацілі ў «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 1 арт. 290-1 КК) за данаты «Кіберпартызанам».

4 ліпеня 2023 года яго асудзілі на 8,5 гадоў калоніі і штраф 300 базавых велічыняў.

Пра справу гамельчука Алега Дзегцярэнкі амаль нічога невядома, бо суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Яго абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК) і «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 2 арт. 290-1 КК). У Гомельскім абласным судзе сёмага сакавіка 2024 года Алегу прысудзілі 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 100 базавых велічыняў. 

Палітвязня Аляксандра Зіязэтдзінава асудзілі восенню 2022 года за «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 арт. 361-2 КК) на тры гады калоніі. Зімою 2024 года яго зноў пачалі судзіць.

Да папярэдняга артыкула яму паставілі ў віну «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 2 арт. 290-1 КК). Яму пагражае да 15 гадоў калоніі. За некалькі месяцаў да пачатку суда над палітвязнем, выйшаў прапагандысцкі фільм з яго ўдзелам. З фільма стала вядома, што Аляксандр пісаў прашэнне аб памілаванні і пералічыў у якасці водкупу на рахункі медычных установаў 31 біткойн (на сёння гэта прыкладна два мільёны даляраў). 

Следчы камітэт у лютым 2024 года паведаміў, што беларусы зрабілі «добраахвотных ахвяраванняў» на суму больш за 37 мільёнаў рублёў (каля 11,5 млн. даляраў). 

А 14 сакавіка 2024 года УУС Мінскага аблвыканкама паведаміла, што толькі з пачатку 2024 года было выяўлена 260 чалавек, якія рабілі данаты ініцыятывам і арганізацыям, прызнаным уладамі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» на суму больш за 5000 даляраў. Сілавікі прымусілі зрабіць «добраахвотныя ахвяраванні» на суму больш за 356 тысяч даляраў. 

Чытайце таксама:

Сілавікі з пачатку 2024 года стрэслі з «грамадзян-экстрэмістаў» 356 тысяч даляраў «добраахвотных ахвяраванняў»

Мільёны даляраў. Колькі ўлады стрэслі з людзей за данаты ў 2023 годзе

Мінчука судзяць за данаты. Яму пагражае да 15 гадоў калоніі

ГУБАЗіК затрымаў прадаўца аўтазапчастак — за данат 10$ 

Беларускамоўнага айцішніка з EPAM асудзілі на драконаўскі тэрмін за данаты

Пачынаецца чарговы суд над айцішнікам за данаты. Не дапамаглі ні шматсоттысячны водкуп, ні прашэнне аб памілаванні

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
16