Па шматгадовай традыцыі ў пятую нядзелю Вялікага посту каталіцкія вернікі Баранавічаў праводзяць агульнагарадскі Крыжовы шлях. Аднак сёлета мясцовыя ўлады не далі дазвол на правядзенне мерапрыемства, якое планавалася на 17 сакавіка, піша katolik.life.

Афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма, і прычына адмовы не названая, але гэтую тэму абмяркоўваюць у парафіяльных чатах і разважаюць пра тое, ці не звязана такое рашэнне з тым, што на той жа дзень у райцэнтры запланаваны масавыя гулянні з нагоды «Масленіцы».

Крыжовы шлях (набажэнства, падчас якога вернікі ўшаноўваюць падзеі Страсцей Хрыстовых) па вуліцах горада стаў своеасаблівай візітнай карткай духоўнай культуры Баранавічаў. У велічнай працэсіі сотні вернікаў ішлі па цэнтральнай частцы горада, разважаючы над прыпынкамі Крыжовага шляху.

Мужчыны неслі на плячах вялікі цяжкі крыж — знак збаўчай мукі і смерці Ісуса Хрыста, вернікі маліліся за царкву, Айчыну, розныя групы людзей.

Але сёлета пятая нядзеля Вялікага посту ў каталікоў супала з апошнім днём перад пачаткам Вялікага посту ў праваслаўных.

Звычайна на гэтую дату прызначаюць масленічныя гулянні, якія аднак, не маюць амаль нічога агульнага з хрысціянствам — больш за тое, падчас такіх мерапрыемстваў практыкуюць паганскія абрады. У прыватнасці, праграма «Масленіцы» ў Баранавічах уключае спальванне пудзіла, а таксама разнастайныя забавы, спаборніцтвы, выставы.

Улады маглі не ўзгадніць прапанаваны маршрут Крыжовага шляху, які звычайна стартуе ад касцёла Узвышэння Святога Крыжа, размешчанага недалёка ад парку 30-годдзя ВЛКСМ, дзе з раніцы да вечара ў нядзелю будуць ладзіць гулянні.

Відавочна, што часу для планавання іншага маршруту і падачы новай заяўкі ўжо не дастаткова — калі б пытаннем заняліся раней, магчыма, яго ўдалося б вырашыць станоўча. Таксама быў бы час і на тое, каб выправіць верагодныя фармальныя недакладнасці, на якія маглі спаслацца ўлады пры адмоўным адказе на просьбу аб правядзенні мерапрыемства.

Чытайце таксама:

Памерла магілёўская каталічка Ірына Шлякава, народжаная ў сталінскай ссылцы 

Умерла могилевская католичка Ирина Шлякова, рожденная в сталинской ссылке

Каталіцкі арцыбіскуп афіцыйна дазволіў вернікам есці мяса на свята 8 сакавіка

Абмеркаванне рэканструкцыі Кальварыі ў Мінску скончылася

Клас
0
Панылы сорам
8
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
12