Фота: Evan Vucci / AP

Фота: Evan Vucci / AP

Пра гэта Фукуяма напісаў яшчэ пасля першай перамогі Трампа на выбарах у знакамітай кнізе «Ідэнтычнасць. Сучасная палітыка ідэнтычнасці і барацьба за прызнанне». Кніга выйшла ў 2018 годзе і з таго часу толькі робіцца больш актуальнай — і рэч не толькі ў вяртанні Трампа.

На думку філосафа, цяперашні рухавік сусветнай палітыкі — ідэнтычнасць, якая быццам бы не атрымлівае дастатковага прызнання або з боку іншых краін і ўсяго свету, або з боку пэўных груп ці іншых прадстаўнікоў грамадства. Гаворка можа ісці пра розную ідэнтычнасць — да прыкладу, пра нацыянальнасць, рэлігію, сэксуальную арыентацыю ці пол. 

Кожны чалавек, разважае філосаф, мае пачуццё годнасці, і гэтае пачуццё патрабуе прызнання: «Недастаткова таго, што я адчуваю сваю вартасць, калі іншыя людзі не прызнаюць гэта публічна ці, яшчэ горш, калі яны ганьбяць мяне або не прызнаюць маё існаванне». З гэтага вырастаюць дэмакратычныя рэвалюцыі і новыя сацыяльныя рухі, нацыяналізм і ісламізм, і нават палітыка паводзін у сучасных амерыканскіх універсітэтах. Прыкладаў шмат — узяць хаця б украінскі Майдан дзесяцігадовай даўніны, што якраз атрымаў назву «рэвалюцыя годнасці», такімі ж філосаф лічыць і рэвалюцыі «арабскай вясны» ў пачатку 2010-х.

Палітыкі, мяркуе Фукуяма, шмат у чым занятыя эканамічнымі пытаннямі: павышаць падаткі ці не, як размяркоўваць дзяржаўны бюджэт. Але ж вялікая частка палітычнага парадку дня толькі ўскосна звязаная з пытаннем рэсурсаў, і адзін з прыкладаў — барацьба ЛГБТ-супольнасці розных краін за дазвол аднаполых шлюбаў.

Гэтае пытанне мае матэрыяльны аспект, бо разам з правам на шлюб прадстаўнікі супольнасці атрымалі б магчымасць пакідаць адно аднаму ў спадчыну маёмасць і аналагічныя правы. Такую праблему вырашае створаны ў некаторых краінах інстытут грамадзянскага партнёрства. Аднак такія партнёрствы не роўныя шлюбу, і гэта непрымальны варыянт для тых прадстаўнікоў супольнасці, хто хоча прызнання годнасці гееў і лесбіянак, прызнання іх роўнасці з іншымі людзьмі. Аднаполыя шлюбы — адзін з маркераў такой роўнасці.

Іншая гісторыя — рух #MeToo пра барацьбу жанчын супраць гвалту: на думку філосафа, у яго аснове было жаданне павагі да жаночай ідэнтычнасці. Пасля нядаўняга згвалтавання і смерці ў Варшаве беларускі Лізы гэты рух пад новай назвай #хопіцьгвалціць праявіўся і ў нас. 

А яшчэ, вучыць філосаф, запыт на прызнанне можа прымаць форму нацыяналізму ці рэлігійнага фундаменталізму — адсюль бярэцца ісламізм. Вось як гэта працуе: «Ты — частка ганарлівай і старажытнай супольнасці, навакольны свет не паважае цябе як мусульманіна, мы прапануем табе спосаб далучыцца да тваіх сапраўдных братоў і сясцёр, дзе ты зможаш быць чальцом вялікай супольнасці вернікаў, якая распаўсюджаная па ўсім свеце». 

Фукуяма настойвае, што эканамічныя чыннікі ўплываюць на рэвалюцыі ды грамадскія рухі менш, чым пытанне годнасці. Перш за ўсё, фінансавыя цяжкасці ўспрымаюцца больш складана, калі іх суправаджае пачуццё непавагі і непрызнання, ды і сам заробак — маркер годнасці. Філосаф даказвае гэта праз барацьбу жанчын за роўныя заробкі з мужчынамі: на гэтым шляху жанчыны дабіліся вялікіх поспехаў, але ім дагэтуль не заўсёды даступныя найвышэйшыя менеджарскія пазіцыі. Калі жанчына зрабіла выдатную кар’еру, але на апошнім адрэзку яе абагнаў калега-мужчына, жанчыну наўрад ці моцна хвалюе сам заробак, бо яна і так забяспечаная. Хутчэй, яна ўспрыме гэта як абмежаванне сваёй годнасці.

Сказана ў кнізе і пра аўтарытарныя рэжымы: на думку філосафа, яны няздольныя прызнаваць роўную годнасць сваіх грамадзянаў, і нават пафасныя канстытуцыі з пералічэннем разнастайных правоў гэта не змяняюць. 

Канцэпцыя палітыкі ідэнтычнасці тлумачыць і феномены трампізму ды пуцінізму. На першых выбарах Трампа яго масава падтрымалі прадстаўнікі працоўнага класу, і большасць з іх, разважае Фукуяма, адчувалі ігнараванне з боку нацыянальных эліт. Галівуд здымае кіно пра жанчын, геяў і лесбіянак, але мала каму ў парадку дня цікавыя пачуцці ўмоўнага белага мужчыны, і Трамп якраз падхапіў гэты электарат. Такія людзі (Фукуяма называе іх вяскоўцамі, але ж наўрад ці гэта толькі яны) з’яўляюцца сэрцам папулісцкіх рэжымаў, да якіх філосаф прылічае і пуцінскі. Гэтыя людзі часта лічаць, што традыцыйныя для іх каштоўнасці знаходзяцца пад пагрозай, што яны робяцца ахвярамі свецкай культуры, у якой хрысціянства адыходзіць на другі план, а іншыя рэлігіі атрымліваюць шмат правоў.

У Фукуямы папулізм прымае форму палітыкі, якая прадугледжвае злоўжыванне ідэнтычнасцю замест яе прызнання. І ад гэтага, на думку філосафа, ёсць лекі: памяць пра тое, што ідэнтычнасць унутры нас не замацаваная і не абавязкова дадзеная нам воляй выпадку, калі мы нарадзіліся. Можна выкарыстоўваць ідэнтычнасць, каб раздзяляць, але ў той жа час і каб аб’ядноўваць — і такая практыка ўжо існуе.

Чытайце таксама:

«Расія блізкая да поўнай паразы». 12 тэзісаў Фрэнсіса Фукуямы пра тое, якія наступствы будзе мець перамога Украіны ў вайне

Фрэнсіс Фукуяма: Пуцін зрабіў адну з самых вялікіх памылак у гісторыі

Бестселер «Людзі Пуціна» пра тое, як Пуцін з атачэннем захапілі ўладу ў Расеі, выклалі ў адкрыты доступ

Клас
24
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
9

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?