Прысутныя на фотаздымку жанчыны — кіраўніца Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская, а таксама кіраўніцы ўсіх абласных арганізацый БСЖ і Мінскай гарадской. Дзейнасць у БСЖ лічыцца грамадскай, таму ўсе гэтыя жанчыны маюць і асноўную працу.

Лічыць, што за жанчынамі ў палітыцы стаяць мужчыны

Вольга Шпілеўская (сядзела злева ад Лукашэнкі) сёння кіруе беларускім філіялам МТРК «Мір». Ёй 47 гадоў. Шпілеўская — выпускніца факультэта журналістыкі БДУ. Працавала ў Белтэлерадыёкампаніі.

Была рэдактаркай у дзяржаўных газетах «Вечерний Минск» і «Мінская праўда». У 2016 годзе стала кіраўніцай галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі.

У траўні 2021 году Шпілеўская ўзначаліла беларускае прадстаўніцтва тэлекампаніі «Мір», а яшчэ праз год стала кіраўніцай Беларускага саюза жанчын. Да гэтага БСЖ узначальвала лекарка, намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.

У кастрычніку 2022 году кіраўніца БСЖ у эфіры «Беларусь-1» заявіла: «Да жанчын у палітыцы я стаўлюся асцярожна. Жанчыны бываюць рознымі, і рознымі жанчынамі кіруюць розныя мужчыны. І розныя мужчыны адмыслова прыводзяць жанчын у палітыку, каб вырашаць свае мужчынскія інтарэсы».

Таксама Шпілеўская часта выступае ў прапагандысцкіх перадачах, такіх як «Клуб рэдактараў».

«Пакуль Захад напампоўвае Украіну дакладнай зброяй, з якой забіваюць мірных грамадзян, Расія адпраўляе камбайны, каб сабраць хлеб ва Усходняй Украіне», — казала Шпілеўская на БТ.

Таксама яна расказвала пра тое, што літоўскія сем’і сталі масава пераязджаць у Беларусь праз «традыцыйныя сямейныя каштоўнасці і нармальную арыентацыю».

У 2020 годзе не было сумневаў

Мінскай гарадской арганізацыяй кіруе 46-гадовая Вольга Чамаданава (крайняя справа). Вядомасць яна атрымала як прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных спраў, а ад 2021 года — начальніца ўпраўлення ідэалогіі і спраў моладзі Мінгарвыканкама.

Чамаданава нарадзілася ў Астрашыцкім гарадку пад Мінскам. Скончыла філфак БДУ па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». Адразу пасля ВНУ пайшла працаваць у міліцыю, дзе пазнаёмілася з будучым мужам — Дзянісам Чамаданавым, цяпер ён намеснік начальніка ГУБАЗіК.

Чамаданава была пераможцай конкурсу «Самы ветлівы і культурны супрацоўнік органаў». Пасля гэтага яе і запрасілі на пасаду прэс-сакратаркі МУС.

У 2020 годзе Чамаданава апраўдвалася за затрыманні пратэстоўцаў. Жыхара Мінска Дзмітрыя Ушацкага ў 2021 годзе асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» за яе абразу. Сама прэс-сакратарка казала, што пасля гэтых падзей прымала заспакаяльныя. Потым яшчэ адзін мінчук Віктар Лебедзеў атрымаў паўтара года «хатняй хіміі» за абразу Чамаданавай.

«У мяне не было сумневаў у правільнасці таго, што я раблю. Выдатна разумела, за каго і што я змагаюся», — казала Чамаданава пра падзеі 2020 года.

«Шчаслівая жанчына, маці і бабуля»

Крайняя злева — кіраўніца Брэсцкай абласной арганізацыі БСЖ Валянціна Пух. Яна дырэктарка брэсцкага філіяла «Белпошты», але вельмі хутка пакіне гэтую пасаду. Рэч у тым, што ў лютым 2024 года Пух стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў па Брэсцкай-Заходняй акрузе № 1.

У лістападзе 2021 года Валянціна Пух заяўляла пра мігранцкі крызіс: «Мы сабралі больш за 10 тысяч подпісаў і адправілі ўсёй сусветнай супольнасці ліст з просьбай вырашыць гэтую сітуацыю і з заклікам усім палітычным лідарам не дапусціць гэтага вар’яцтва». Як прыклад кіраўніка-жанчыны яна называе Наталлю Качанаву.

Другая злева — намесніца кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва Ганна Галушка. На сваёй пасадзе яна кіруе пытаннямі ідэалогіі, працы з насельніцтвам, моладзі, правоў грамадзян.

Да гэтага Галушка сем гадоў займала вышэйшую пасаду — намесніца кіраўніка Магілёўскага гарвыканкама, таксама адказвала за ідэалогію. Яе адстаўкі дабіваліся магілёўскія апазіцыянеры, менавіта Галушка ставіла подпісы пад забаронай тых ці іншых мерапрыемстваў апазіцыі. Да працы ў органах улады працавала настаўніцай расейскай мовы і літаратуры.

Трэцяя злева — кіраўніца Гродзенскай абласной арганізацыі БСЖ Ірына Сцепаненка. Яна працуе таксама ў ідэалогіі — намесніцай начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.

«Педагог, філосаф, дзяржслужачы, шчаслівая жанчына, маці і бабуля», — так пісала пра Сцепаненку газета «Беларусь сегодня». «Нашы жанчыны аднымі з першых рэагуюць на ўсе выклікі сучаснасці, няхай гэта будзе сітуацыя з уцекачамі на мяжы або збор гуманітарнай дапамогі для пацярпелых ад землятрусу ў Турцыі і Сірыі. Нам пад сілу ўсё: ад стварэння дабрачыннага фонду ў перыяд пандэміі да руху супраць эканамічных санкцый», — казала сама Сцепаненка.

«Павінны быць памагатымі Лукашэнкі»

Справа ад Лукашэнкі — Марына Навіцкая. Яна працуе галоўным ідэолагам Віцебскай вобласці. Ёй 51 год. Вучылася на педагога ў Віцебску. Працавала настаўніцай у школе № 12 там жа, потым перайшла на чыноўніцкую працу.

«Сіла нашай краіны ў адзінстве», — казала Навіцкая ў верасні 2023 года.

Трэцяя справа — Тамара Красоўская. Яна ўзначальвае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама. Да гэтага яна была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. Ураджэнка Барысаўскага раёна, па адукацыі — юрыст.

«Мы верым, што ўсе жанчыны ў свеце жадаюць толькі міру, таму што жанчына — маці, жанчына — ахоўніца сямейнага ачага. І калі не жанчыны, то хто будзе змагацца за мір? Мы павінны быць памагатымі Лукашэнкі», — казала Красоўская ў 2023 годзе.

Урэшце, другая справа — кіраўніца спраў Гомельскага аблвыканкама Алена Клічкоўская. Яна ўраджэнка Калінкавіцкага раёна. Мае педагагічную адукацыю, працавала выхавацелькай у дзіцячым садку, настаўніцай фізікі. З 2005 года — на працы ў Калінкавіцкім райвыканкаме. З 2013 года — у Гомельскім аблвыканкаме.

Клічкоўская ўдзельнічала ў прыёме ў Беларусі дзяцей, якіх вывозілі з акупаванага Расіяй Данбаса.

Чытайце таксама:

Лукашэнка зноў заявіў, што «наеўся працай», і патлумачыў, чаму ягоныя словы на выбарчым участку былі пустыя

Лукашэнка загадаў перагледзець рэжым працы дзіцячых садкоў

Лукашэнка заклікаў праўладны Беларускі саюз жанчын стаць сцяной на шляху «чайлдфры і іншых вычварэнстваў»

«Адпрацуйце 40 гадоў кіраўніком, і ў вас атрымаецца». Экс-сенатарка расказала, як можна зарабіць на дом за $1,5 мільёна

Жанчына перадпенсійнага ўзросту, якая працуе настаўніцай. Склалі партрэт назіральніка на сёлетніх выбарах

Клас
2
Панылы сорам
10
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
12