«Трэба разумець, што любая дыета — стрэс для арганізма, таму перад тым, як на яе вырашыцца, неабходна пракансультавацца з доктарам. Ён распрацуе план харчавання, улічваючы асаблівасці вашага арганізма, і не дапусціць дэфіцыту карысных мікраэлементаў і вітамінаў», — перасцерагае ад самалячэння і жорсткіх дыет доктар-гастраэнтэролаг і дыетолаг Ірына (поўнае імя не прыводзіцца ў мэтах бяспекі).

Да таго ж, большасць модных пахудальных практык, калі выкарыстоўваць іх няправільна, могуць проста не спрацаваць. А эфект, калі яго не замацоўваць, неўзабаве сыдзе на нішто. Таму варта падыходзіць да скідвання вагі сур'ёзна.

Экадашы

«У перакладзе з санскрыту «экадашы» азначае «адзінаццаць» — ці адзінаццаты дзень пасля маладзіка і поўні. У аюрведычнай літаратуры напісана, што гэты час як мага лепш падыходзіць для разнастайных духоўных практык. Таму менавіта ў экадашы прынята асэнсавана абмяжоўваць сябе ў ежы», — расказвае Ірына.

Фота: unsplash.com

Фота: unsplash.com

Людзі, якія прытрымліваюцца гэтай традыцыі, на дзень адмаўляюцца ад тлустай, цяжказасваяльнай ежы ці наогул абыходзяцца без яе. Лічыцца, што ў экадашы нельга ўжываць мяса, яйкі, рыбу і морапрадукты, бабовыя, збожжавыя, злакавыя прадукты, усе віды круп і асабліва рыс. Алкаголь, кава і іншыя напоі, якія ўплываюць на свядомасць, таксама выключаюцца. Дазволенымі застаюцца вада і свежавыціснутыя сокі, свежая садавіна і гародніна, дэгідрыраваная гародніна без цукру і хіміі, малочныя прадукты.

«Экадашы — добры варыянт разгрузачнага дня, праўда, трэба з розумам рыхтавацца да пачатку такой дыеты і плаўна з яе выходзіць. Як правіла, мінімум за тры дні трэба паступова адмаўляцца ад цяжкай ежы, алкаголю і кавы. Пасля канца «разгрузкі» — таксама плаўна ўваходзіць у звычайны рэжым харчавання. Асобна трэба адзначыць, што фруктовыя дыеты могуць не падысці людзям, якія пакутуюць на гастрыт і падвышаную кіслотнасць. У іх выпадках перад тым, як спрабаваць экадашы, трэба пракансультавацца са спецыялістам» — адзначае лекар.

Фота: unsplash.com

Фота: unsplash.com

Аскеза

Аскеза — выдатны спосаб, каб прапрацаваць сілу волі, і дрэнны, каб схуднець. Сэнс гэтай практыкі зводзіцца да ўсвядомленага выхаду са сваёй зоны камфорту: у якасці аскезы чалавек можа адмовіцца ад мяса, цукру, мучнога, кавы і іншага або ўзяць на сябе абавязацельства рэгулярна выконваць нейкае дзеянне: чытаць па сто старонак на дзень, рабіць зарадку ці піць дастатковую колькасць вады.

«Адмовіцца ад алкаголю ці цукру на 30 дзён, а менавіта столькі доўжыцца мінімальная аскеза, заўсёды карысна. Тым больш, калі чалавек дадасць зарадку ці іншыя рэгулярныя фізічныя нагрузкі. Плюс аскезы ў тым, што за месяц, як правіла, арганізм прывыкае да адсутнасці якога-небудзь інгрэдыента ў рацыёне і перабудоўваецца на новыя смакавыя патэрны. З мінусаў можна адзначыць часты хуткі адкат: я ведаю кліентаў, якія месяц абмяжоўвалі сябе ў тлустай ежы, але потым ішлі адзначаць канец устрымання ў «Макдональдс». Канешне, для арганізма гэта быў стрэс», — тлумачыць Ірына.

Фота: unsplash.com

Фота: unsplash.com

Па словах лекара, хоць адмова ад канкрэтнага шкоднага прадукта будзе сапраўды карысная для арганізма, на зніжэнне вагі яна можа не паўплываць: «Часта, адмаўляючыся ад салодкага ці мучнога, жанчыны чакаюць неверагодных вынікаў, але за ўвесь час губляюць толькі кілаграм-паўтара. Вядома, такія паказчыкі моцна дэматывуюць. Таму трэба разумець, што аскеза — гэта больш трэніроўка волі і першая цаглінка ў далейшае будаўніцтва здаровага рацыёну, а не класічная дыета».

Дыета

Канешне, мы не маглі абысці бокам класічныя дыеты. «Чаго толькі не робяць жанчыны, каб схуднець — і воцат п'юць, і лічынкі глістоў глытаюць, але ўсе гэтыя нялюдскія спосабы толькі калечаць арганізм», — наракае лекар.

За час працы ў прафесіі Ірына выпрацавала правіла:

«Я перакананая, што чым мацней пакутаваў чалавек падчас дыеты, тым больш верагодны зрыў і наступны адкат. У дыету трэба ўваходзіць плаўна і без надрыву — часам перабудова харчовых звычак займае некалькі месяцаў. Затое, правільна падышоўшы да рацыёну і ведаючы, якія прадукты менавіта вам трэба выключыць, вынік хоць і прыйдзе пазней, але затрымаецца з вамі надоўга».

Фота: unsplash.com

Фота: unsplash.com

Тым, хто плануе пазбавіцца залішняй вагі да вясны, Ірына рэкамендуе ўспомніць «правіла талеркі».

«Звычайную талерку дыяметрам 20-24 см трэба візуальна падзяліць на дзве роўныя часткі. Адну з іх — яшчэ раз напалову. Так, палову порцыі павінна займаць гародніна, адну чвэрць — складаныя вугляводы, астатнюю частку — бялкі. Гэтае правіла дапамагае разнастаіць рацыён і прытрымлівацца здаровага харчавання» — кажа яна.

Чытайце таксама:

Пасля абеду цягне на салодкае? Магчыма, арганізм падае вам важны сігнал

Як алкаголь уплывае на жывот і чаму ад алкаголю стул становіцца дзіўным?

Кмен — старажытны суперфуд беларусаў. Гісторыя і рэцэпты

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?