Каля 17 тысяч анкапацыентаў памерлі ў 2023 годзе ў Беларусі, такія даныя прывёў намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, акадэмік НАН Сяргей Красны, піша «Спутнік».

Аналагічная статыстыка назіралася і ў 2022 годзе.

«Падчас пандэміі COVID-19 зніжэнне смяротнасці было на 6% у год. Цяпер гэтая лічба стабілізавалася, але мы можам прагназаваць невялікае павелічэнне смяротнасці», — заявіў ён на прэс-канферэнцыі ў аўторак.

Калі казаць пра структуру захворвання, першае месца ў мужчын займае рак прадсталёвай залозы. Далей па распаўсюджанасці ідуць рак лёгкага і рак тоўстай кішкі.

У жанчын часцей за ўсё выяўляецца рак малочнай залозы, на другім месцы — рак тоўстай кішкі, на трэцім — розныя пухліны гінекалагічнай сферы.

«Але калі падсумаваць анкалагічныя захворванні мужчын і жанчын, то на першае месца выходзіць каларэктальны рак (тоўстай кішкі). Звязана гэта з асаблівасцямі харчавання беларусаў — у нас не прынята шмат есці гародніны і садавіны», — растлумачыў С. Красны.

Па словах навукоўца, жыхары краіны часцей у якасці гародніны выкарыстоўваюць бульбу, ад якой з пазіцыі здаровага харчавання няма карысці, паколькі яна ўтрымлівае ў сабе вялікую колькасць крухмалу.

«Акрамя таго, у беларусаў прынята ёсць вельмі шмат мясных прадуктаў, у прыватнасці, чырвонага мяса, што таксама можа спрыяць развіццю пухліны тоўстай кішкі. Таксама сюды варта аднесці маларухомы лад жыцця і наяўнасць такіх прадуктаў, якія мы адносім да фастфуду», — падкрэсліў акадэмік.

У Беларусі не вітаецца прафілактычная калонаскапія з выдаленнем паліпаў. У развітых краінах свету гэтая працэдура больш распаўсюджаная, «аднак наша насельніцтва не вельмі прыхільнае».

Паводле яго слоў, выкананне калонаскапіі з выдаленнем паліпаў у 80% выпадкаў дае гарантыю прадухілення раку тоўстай кішкі.

Чытайце таксама:

У караля Карла III выявілі рак

Гэтыя прадукты павялічваюць рызыку развіцця раку

Якія абследаванні трэба праходзіць жанчыне пасля 40 гадоў

Усё больш маладых людзей хварэюць на рак тоўстай кішкі, і дактары не ведаюць чаму

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
2