Як тэкст увогуле з’явіўся на сайце?

У тэлеграм-акаўнт Рэдакцыі звярнулася жанчына, якая прадставілася малдаванкай Карынай Марым, якая здала кватэру беларусу, а той, маўляў, пашкодзіў усё, што толькі можна. У якасці доказаў Карына прадаставіла здымкі разгромленай кватэры, а таксама распіску, нібыта напісаную беларусам — з яго пашпартнымі звесткамі і кантактнай інфармацыяй.

Журналіст «НН» пагутарыў з жанчынай, а таксама паспрабаваў знайсці Ігара Турцэвіча, каб узяць у яго каментар.

І тут адбылася наша галоўная памылка — мы палічылі рэальным тэлеграм-акаўнтам Ігара Турцэвіча той акаўнт, які нам «падказала» малдаванка Карына.

Гэты акаўнт адказаў журналісту і ўскосна пацвердзіў датычнасць да гісторыі. У выніку навіна была апублікаваная.

Праз некалькі дзён з Рэдакцыяй звязаўся Ігар Турцэвіч. Ён патлумачыў, што апублікаваная інфармацыя цалкам хлуслівая і што не даваў ніякіх каментароў журналістам.

Мы праверылі — сапраўды і акаўнт псеўда-Турцэвіча, і акаўнт «Карыны» знік, іх проста выдалілі з тэлеграма. На жаль, «Наша Ніва» стала ахвярай чыёйсьці правакацыі і апублікавала непраўдзівую інфармацыю.

Хто такі Ігар Турцэвіч? Гэта беларускі бізнэсмен, які цяпер жыве ва Украіне. Турцэвіч вядомы як заснавальнік сеткі крамаў «Дзверы Беларусі», у якую ўваходзілі сотні аб’ектаў у Беларусі, Украіне, Расіі і Малдове. Апроч таго, ён стварыў у Кіеве клуб Harley-Davidson і з’яўляецца адным з лідараў байкерскага руху.

Прыносім прабачэнні Ігару Турцэвічу і чытачам «Нашай Нівы».

Клас
27
Панылы сорам
11
Ха-ха
7
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
2