Звыш 600 жыхароў Беларусі адмовіліся ад атрымання пашпарта і жывуць без асноўнага дакумента, які пазначае асобу. Пра гэта Katolik.life стала вядома са звароту групы вернікаў, якія адносяць сябе да РПЦ Маскоўскага патрыярхату. Зварот з мэтай збору подпісаў распаўсюджваюць па тэматычных чатах. Ліст адрасаваны ўладам Беларусі, кіраўнікам ведамстваў, у тым ліку МУС і КДБ, а таксама мітрапаліту Веніяміну.

У звароце гаворыцца пра тое, што падпісанты «не згодныя з навязанымі звонку тэхналогіямі расчалавечвання ў працэсах уліку і ідэнтыфікацыі грамадзян». З іх слоў, «гэтыя тэхналогіі нясуць рызыкі і пагрозы нацыянальнай бяспецы».

«Мы ўдзячныя за вырашэнне пенсійнага пытання, за магчымасць праезду па талонах і г.д. але вяртанне да традыцыйнай ідэнтыфікацыі па прозвішчы, імені, а не па нумары асобы для тых, хто просіць, да гэтага часу не зроблены. Гэта цягнецца больш за 20 гадоў. Без пашпартоў людзі не могуць рэалізаваць свае правы. Абапіраючыся на пазіцыю царквы, вернікі не змаглі пераступіць праз свае перакананні, сумленне, цвярозы розум. Жывуць без дакументаў. Такіх больш за 600 чалавек», — сцвярджаецца ў звароце. 

Заяўнікі патрабуюць «замацаваць на заканадаўчым узроўні традыцыйныя папяровыя дакументы, якія засведчваюць асобу — пашпарты, дазволы на жыхарства, пасведчанні бежанца і інш. Без лічбавага ідэнтыфікатара асобы, біяметрычных звестак, чыпаў і іншых электронных увядзенняў».

Група вернікаў сцвярджае, што «ідэнтыфікацыйны нумар з машынасчытвальнай зонай назапашвання даных і інш. часта прызначаныя для сумніўных мэтаў, якія нясуць усяму чалавецтву пагрозу. Знаходзяцца яны ў адзіным банку даных — у адных руках — са штаб-кватэрай у Жэневе».

Акрамя таго, яны лічаць, што «ўнясенне ў базу дадатковых, біяметрычных, даных — гэта яшчэ і пагроза бяспекі: ваеннай, духоўнай, кібербяспекі». Ідэі пра адмову ад лічбавай ідэнтыфікацыі распаўсюджваюць у Беларусі пад уплывам падобнага руху ў Расіі.

У сваім звароце група вернікаў спасылаецца на пазіцыю РПЦ і словы патрыярха Кірыла, хоць нядаўна Мінская епархія БПЦ ужо адказвала на такі зварот, заявіўшы, што «неправамерна абгрунтоўваць адмову ад лічбавых ідэнтыфікатараў асобы рэлігійнымі перакананнямі, а таксама на аснове рэлігійных перакананняў патрабаваць замены электронных метадаў уліку альтэрнатыўнымі».

Чытайце таксама:

МУС правярае Шамана на ЛГБТ-прапаганду і абразу пачуццяў вернікаў

«У СССР пачалі, а тут працягнулі». Вернікі з розных канфесій Беларусі выказаліся наконт новага закона аб рэлігіі

У касцёле ў Ляхавічах адключылі звонавыя мелодыі. Так запатрабавалі дзяржорганы

Клас
7
Панылы сорам
16
Ха-ха
15
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
0