Эван Ньюман з сынам.

Эван Ньюман з сынам.

Амерыканскае выданне Press Democrat расказала гісторыю ўдзельніка штурму Капітолія Эвана Ньюмана, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі. Амерыканец прызнаўся, што спадзяецца на перамогу Дональда Трампа і яго памілаванне.

Пра тое, што амерыканец папрасіў палітычны прытулак у Беларусі, у лістападзе 2021 года паведаміла дзяржаўнае тэлебачанне «Беларусь-1». У маі 2023 года аказалася, Ньюман жыве ў Брэсце і выкладае ў прыватнай школе замежных моў.

Журналіст выдання Press Democrat Эндру Грэм пагаварыў з уцекачом і высветліў новыя падрабязнасці гэтай нашумелай гісторыі. Гісторыю пераказвае Reform.by.

Эван Ньюман прызнаецца, што сумняваецца ў справядлівасці падліку вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, але цяпер не стаў бы ўдзельнічаць у штурме Капітолія 6 студзеня 2021 года. Ён сумуе па сваіх дзецях, двух падлетках, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Каліфорніі, і цяпер не ведае, як прывезці іх у госці.

51-гадоваму Ньюману выстаўленае абвінавачванне ў 14 злачынствах, уключаючы «напад, супраціў або перашкоду афіцэрам». Згодна з абвінаваўчым заключэннем, Ньюман на працягу дня напаў на чатырох паліцэйскіх, ужыўшы кулакі, а таксама схапіў металічную барыкаду і пратараніў ёю шарэнгу паліцэйскіх.

Фота: Federal Bureau of Investigation

Фота: Federal Bureau of Investigation

Ён з'ехаў з ЗША праз месяц пасля беспарадкаў у Італію «ў камандзіроўку». У артыкуле сцвярджаецца, што адтуль ён перабраўся ва Украіну. Вядома, што паміж Італіяй і Украінай ён паспеў пабываць у Швейцарыі, Германіі і Польшчы.

У артыкуле сцвярджаецца, што ва Украіне ён працаваў на шахце (у Жытоміры), займаючыся продажамі на амерыканскі рынак. У жніўні 2021 года ён збег з гэтай краіны пешшу, баючыся арышту перад самітам украінскіх і амерыканскіх афіцыйных асоб. Ньюман сцвярджае, што яго нібыта пераследавалі, ён ледзь пазбег арышту і баяўся стаць разменнай манетай у спробах Украіны атрымаць амерыканскую зброю.

Цяпер ён жыве ў Брэсце, імкнецца не думаць пра мінулае і плануе адкрыць рэстаран амерыканскай кухні. Гэта будуць не гамбургеры.

«Я думаю пра сваю будучыню, свой бізнэс … Мне падабаецца ідэя падарыць жыхарам Беларусі смачную ежу», — прызнаўся ён журналісту.

Цяпер, калі ў яго ёсць дакументы бежанца, ён можа свабодна перасоўвацца па краіне і за мяжой, хоць ён не пакідаў Беларусь з-за боязі, што яго арыштуюць і экстрадуюць. Яму падабаецца Брэст, горад, у якім ён чакаў, пакуль разглядалася яго заява аб прадастаўленні прытулку, і вырашыў застацца там.

Ньюман распавёў журналісту, што Брэсцкі рэгіён робіць прадукты харчавання, тут развіта мясная жывёлагадоўля і лясы поўныя дзікіх ягад і грыбоў, напрыклад, чарніц і лісічак. У Брэсцкай вобласці няма вінаграднікаў, але з яго прыроднымі і сельскагаспадарчымі багаццямі «гэта крыху падобна на акругу Санома ў Каліфорніі».

Ньюман у інтэрв'ю БТ

Ньюман у інтэрв'ю БТ

І ўсё ж Ньюман спадзяецца вярнуцца на радзіму. «Сумаваць па падлеткавым узросце маіх дзяцей вельмі цяжка», — прызнаецца ён.

Ён мяркуе, што яго найлепшая надзея ў тым, што Дональд Трамп будзе абраны ў лістападзе і пасля сваёй інаўгурацыі ўвасобіць у жыццё свае прапановы аб памілаванні ўсіх, хто абвінавачваецца ў злачынствах, звязаных са штурмам Капітолія.

«Трамп ёсць Трамп, — сказаў Ньюман. — Ён можа сказаць нешта сёння, а заўтра вырашыць, што гэта нязручна».

Ньюман ацэньвае верагоднасць зняцця з яго абвінавачванняў прыкладна ў 25%. «50 на 50 за тое, што Трамп можа быць абраны, а затым 50 на 50 за тое, што ён можа атрымаць амністыю», — патлумачыў ён.

Выданне Press Democrat пагаварыла з амерыканскімі экспертамі па экстрэмізме.

Яны мяркуюць, што на радзіме Ньюману пагражае ў сярэднім ад 2,5 да 5 гадоў турмы, бо сярэдні тэрмін пакарання для людзей, якія прызналі сябе вінаватымі ва ўчыненні цяжкіх злачынстваў падчас паўстання 2021 года, склаў блізу 2,5 гадоў, а сярэдні тэрмін пакарання для асуджаных падчас судовага разбору — блізу пяці гадоў.

Эван Ньюман дагэтуль знаходзіцца ў вышуку ФБР. Там пазначана, што, паводле здагадак, Ньюман біўся з паліцыяй Капітолія ЗША і супрацоўнікамі гарадской управы паліцыі Вашынгтона як унутры, так і за межамі Капітолія. Яго варта лічыць узброеным і небяспечным.

Клас
3
Панылы сорам
20
Ха-ха
9
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
6