True Detective Night Country

Калі Рэйс і Джодзі Фостэр у серыяле «Сапраўдны дэтэктыў. Начная краіна», чацвёртай частцы крымінальнай франшызы HBO. Фота: HBO via Associated Press

Створаная для HBO яшчэ ў 2014 годзе пісьменнікам і прадзюсарам Нікам Піцалата, першапачатковая версія «Сапраўднага дэтэктыва» ўяўляла сабой гатычную крымінальную драму ў форме анталогіі, адзначаную схільнасцю аўтара да як быццам глыбокіх, квазіпаэтычных дыялогаў. У першым сезоне «Сапраўдны дэтэктыў» распавядаў пра двух змучаных следчых-мужчын, якіх сыгралі Вудзі Харэльсан і Мэцью МакКонахі. У цэнтры «Начной краіны» — чацвёртай версіі крымінальнай драмы HBO — дзве жанчыны-дэтэктывы, якіх граюць Джодзі Фостэр і былая баксёрка Калі Рэйс.

Папярэднія сезоны «Сапраўднага дэтэктыва», як і апошні, забаўляліліся са звышнатуральнымі элементамі і спрабавалі намацаць ідэю, што ў свеце існуе зло, якое не паддаецца разуменню смяротных, — але, трэба сказаць, ніводзін з іх не заглыбляўся ў атмасферу амаль біблейскага страху так, як гэта зрабіў апошні сезон, зважае Rogerebert.com. Інтрыгавальнае даследаванне забойстваў, жанчынаненавіснікаў, расізму, цыклаў гвалту і, магчыма, чагосьці з Лаўкрафта, раскатурхае нават абыякавага гледача. Серыял не проста падтрымлівае тон немінучага гвалту — з’яўляецца адчуванне, што свет можа раскалоцца і проста паглынуць персанажаў у гэтай краіне бясконцай ночы, дзе сонца не ўзыходзіць месяцамі, а цемра хавае ўсе дзеі, што ў ім адбываюцца.

True Detective Night Country

Калі Рэйс і Джодзі Фостэр у серыяле «Сапраўдны дэтэктыў. Начная краіна», чацвёртай частцы крымінальнай франшызы HBO. Фота: Michele K. Short / HBO

Рэжысёрка Іса Лопес стварыла вобраз свету, у якім чаргуюцца рэзкі, жорсткі рэалізм і незабыўныя сюррэалістычныя явы. Яна сказала, што хацела дабіцца люстраной супрацьлегласці традыцыйнаму сезону:

«Тады як «Сапраўдны дэтэктыў» напоўнены мужчынамі і потам, «Начная краіна» напоўнена холадам, цемрай і жанчынамі». Місія выканана: гэтае шоу знятае ў Ісландыі і яно сапраўды выклікае мурашоў на скуры.

Як адзначае Vanity fair, дзве гістарычныя загадкі, якія натхнілі чацвёрты сезон «Сапраўднага дэтэктыва — гэта «загадка Марыі Селесты», амерыканскага карабля XIX стагоддзя, увесь экіпаж якога як быццам растварыўся ў паветры, пакуль судна накіроўвалася ў Італію; і інцыдэнт на перавале Дзятлава ў 1959 годзе — выпадак з удзелам дзевяці савецкіх турыстаў, якія з невядомых прычын выйшлі са свайго лагера, а затым змерзлі да смерці ў блізкай пустыні.

Жахі «Начной краіны» разгортваюцца ў даследчым цэнтры Аляскі, які становіцца арэнай неспасцігальнага кашмару. Навукоўцы зніклі, і ёсць прыкметы таго, што на базе адбылося нешта жудаснае — у прыватнасці, на падлозе знойдзены чалавечы язык. Хутка большасць з вучоных знойдуць аголенымі і замарожанымі ў форме нейкага фрагмента з сюррэалістычнай карціны. Што тут адбылося? Быў гэта чалавек ці нешта звышнатуральнае?

Галоўнай сілай расследавання становіцца Ліз Дэнверс, якую з ледзяной дасканаласцю сыграла Джодзі Фостэр. Яна паказвае чалавека, які поўны рашучасці дамагчыся справядлівасці, хоць і досыць цынічны, каб разумець, як рэдка гэта здараецца і як няшмат прынясе задавальнення. Да Ліз далучаецца мясцовы паліцэйскі Эванджэлін Навара — шчыра кажучы, іх аб’ядноўвае агульнае цёмнае мінулае — адна перажытая жудасная ноч, успамін пра якую прыводзіць да пэўнага напружання ў іх тандэме.

— Кім ты была раней, Роўз? — пытаецца Эванджэліна ў аднаго з персанажаў у чацвёртым эпізодзе — гаворка ідзе пра час, калі Роўз збегла на Аляску.

Гісторыя пра «раней» і «цяпер» датычыць кожнага персанажа серыяла: яны ўсе альбо бягуць ад чагосьці, альбо спрабуюць забыцца, кім былі раней. Гэта серыял, у якім герояў літаральна пераследуюць прывіды месца і тыя, ад каго персанажы спрабуюць збегчы, — таму ён здаецца больш поўным жаху, чым любы папярэдні сезон. Эфекту дадае і тое, што Лопес і яе каманда ўвесь час выкарыстоўваюць гульню святла і цені — з дапамогай калядных агеньчыкаў, фар, асвятлення бара і іншых сродкаў — каб увесь час «падсвятляць» розніцу паміж тым, што мы бачым, што ўяўляем і што ёсць насамрэч.

У рэшце рэшт, калі абысціся без спойлераў, можна сказаць, што большасць сапраўдных жахаў гэтага рэгіёна і яго жыхароў, вядома, спароджаныя чалавечай слабасцю, прагнасцю, безабароннасцю і жорсткасцю. Калі ёсць нешта, што аб'ядноўвае сезоны «Сапраўднага дэтэктыва», дык гэта адчуванне таго, што становіцца ўсё цяжэй змагацца з цёмным бокам чалавецтва. Лопес і яе аўтары ўсяляюць дастаткова надзеі ў напружаную інтэнсіўнасць галоўных герояў, каб глядач мог думаць, што святло ўсё яшчэ перамагае. Але барацьба становіцца больш жорсткай.

 

Чытайце таксама:

«Небаракі» (Poor Things): паглядзелі самы дзіўны фільм года і расказваем, чаго чакаць

Што стала з героямі культавага беларускага фільма «Вышэй за неба»

Каго з беларускіх пісьменнікаў найбольш выдавалі за савецкім часам? Не ўсіх вы ведаеце

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
1