Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Нам усім час ад часу становіцца нудна — то ж няма нічога дрэннага ў тым, каб трохі пасумаваць. Спецыялісты кажуць нават, што гэтыя эмоцыі могуць быць таксама карыснымі, бо дапамагаюць разважаць і ўносіць змены ў свае дзеянні. Тым не менш, многія дзеці ўсё яшчэ вучацца навыку кіравання нудой.

Нуда дапамагае дзецям вучыцца

Хоць нуда і з’яўляецца ўмерана непрыемным станам, але гэта нармальна, калі дзеці адчуваюць сябе нудотна. Фактычна, нуда дае дзецям кантэкст для развіцця шэрагу важных навыкаў, сярод якіх:

  • здольнасць пераносіць неідэальныя перажыванні,
  • кіраванне расчараваннем і рэгуляцыя эмоцый,
  • крэатыўнае мысленне,
  • рашэнне праблем, планаванне і арганізацыя,
  • незалежнасць і самадастатковасць.

Гэтыя навыкі з'яўляюцца найважнейшымі для развіцця ў дзіцяці пачуцця кантролю над уласным шчасцем і добрым самаадчуваннем.

Чаму дзеці скардзяцца, што ім нудна?

Як правіла, жыццё дзяцей структуравана і арганізавана бацькамі. Калі ў дзяцей зашмат неструктураванага часу, яны могуць адчуваць цяжкасці з прадумваннем і арганізацыяй спраў.

А калі скаргі дзяцей на нуду заўсёды прыводзяць да таго, што дарослыя іх забаўляюць, то ў дзяцей можа не быць магчымасці навучыцца забаўляць сябе самастойна ці генераваць уласныя ідэі.

Часам можа здавацца, што дзеці адхіляюць кожную ідэю, якую мы прапануем. Магчыма, дзіця ўжо зразумела, што такія паводзіны звычайна вядуць да доўгага абмеркавання таго, што рабіць; або да таго, што бацькі ўрэшце будуць удзельнічаць разам з імі ў нейкай дзейнасці. І ў першым, і ў другім выпадку дзіцяці не трэба будзе самастойна кіраваць сваёй нудой.

Хітрасць заключаецца ў тым, каб дапамагчы малому ці малой згенераваць свае ўласныя ідэі, пры гэтым не прапануючы ім сваіх (бацькоўскіх) ідэй.

Як бацькі могуць дапамагчы дзецям навучыцца кіраваць нудой?

Бацькі насамрэч могуць зрабіць шмат. The Conversation прапануе некалькі сапраўды добрых ідэй.

Стварыце «меню» актыўнасцяў. 

Пагаварыце са сваім дзіцём пра тое, што яму падабаецца рабіць, пра яго інтарэсы і захапленні. Разам распрацуйце «меню актыўнасцяў», да якіх дзіця можа звярнуцца, калі стае нудна. Малодшым дзецям можа спадабацца праілюстраваць сваё «меню».

Галоўнае тут — паспрабаваць скласці спіс заняткаў, якімі ваша дзіця можа займацца без вашага ўдзелу: гэта мае быць спалучэнне новых рэчаў і тых, якія яму падабалася рабіць раней. Уключыце некаторыя больш хуткія актыўнасці (напрыклад, размалёўванне, будаўніцтва крэпасці з крэслаў і падушак або пікнік з плюшавым мядзведзікам), а таксама доўгатэрміновыя праекты (напрыклад, складанне вялікага пазла, чытанне дзіцячай кнігі, праца над спартыўнымі навыкамі). Размясціце «меню» на бачным для дзіцяці месцы.

Падрыхтуйце ўсё загадзя. 

Пераканайцеся, што ў малога ці малой ёсць цацкі, абсталяванне і матэрыялы, каб рабіць тое, што пазначана ў спісе актыўнасцяў. Пры гэтым цацкі і самі актыўнасці не абавязкова павінны быць дарагімі, каб прыносіць задавальненне.

Падрыхтуйце дзіця. 

Паведаміце свайму дзіцяці план на дзень і працягласць часу, які дзіця правядзе за заняткамі з «меню». Гэта важна, бо пераканае маленькага чалавека, што ён не застанецца сам з сабою «назаўжды». Тут ізноў жа можа дапамагчы серыя малюнкаў для ілюстрацыі раскладу дня. Перад перыядам вольнага часу абмяркуйце два-тры правілы (напрыклад, «Гуляй ціха, пакуль мама і тата не скончаць свае справы, а калі табе трэба пагаварыць з намі, скажы: «Прабачце» і пачакай, пакуль мы вызвалімся і зможам адказаць»).

Прапануйце ўзнагароду. 

Спачатку вы можаце прапанаваць узнагароду, калі ваша дзіця займае сябе адпаведным чынам на працягу пэўнага перыяду часу. Гэта можа быць нейкі спецыяльны занятак з вамі, любімы ласунак або некаторы час перад экранам планшэта ці тэлевізара. Паступова адмяняйце ўзнагароды, гэтак жа паступова павялічваючы колькасць часу, цягам якога дзіця павінна займаць сябе самастойна. А потым прапаноўвайце ўзнагароды толькі час ад часу.

Прапануйце дзіцяці выкарыстоўваць свой спіс актыўнасцяў. 

Калі дзіця скажа вам, што яму нудна, перанакіруйце яго да спісу. Няхай гэтая размова будзе кароткай і дакладнай.

Пры неабходнасці дапамажыце дзіцяці пачаць. 

Некаторым дзецям можа спатрэбіцца дапамога, каб пачаць нешта рабіць. Таму, магчыма, спатрэбіцца выдаткаваць некалькі хвілін на наладжванне. Старайцеся не рабіць усё самастойна, а выкарыстоўвайце пытанні, каб дапамагчы ім вырашыць праблему. Вы можаце спытаць: «Што ты збіраешся рабіць? Што табе спатрэбіцца для гэтага? Як ты думаеш, з чаго ты пачнеш?»

Заахвочвайце дзіця. 

Калі дзіця пачынае займацца адпаведнай дзейнасцю, звярніце на гэта ўвагу і пахваліце ​​яго. Вы можаце сказаць: «Ты знайшоў, чым заняцца сам. Я ўражаны!» Час ад часу спыняйце тое, што вы робіце, каб пахваліць дзіця за занятасць. Зрабіце гэта да таго, як яно страціць цікавасць да сваёй дзейнасці, але з цягам часу старайцеся паступова павялічваць час між каментарамі.

Баўце час з дзіцём.

Гэта, бадай, самы важны з пунктаў. Нягледзячы на ​​тое, што дзецям важна навучыцца кіраваць нудой, дзеці таксама павінны адчуваць, што іх цэняць. Дзеці абавязкова маюць ведаць і адчуваць, што бацькі хочуць бавіць з імі час. Знайдзіце час для дзіцяці і будзьце разам, калі вы разам.

Чытайце таксама:

Як выхаваць у дзяцей уменне «правільна» злаваць

Чаму дзеці дрэнна сябе паводзяць, калі стаміліся

У дзяцей, якія задоўга сядзяць перад тэлевізарам ці ў тэлефоне, большая рызыка з'яўлення сардэчных хвароб

Чаму «пазітыўнае выхаванне» павінна ўключаць у сябе таксама і пакаранне

Клас
14
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
4