Калі 17 верасня 1939 г. Самуэль Фогельсан, рэзідэнт савецкай разведкі ў Польшчы, даведаўся пра пачатак наступлення Чырвонай Арміі, ён, як і тысячы польскіх камуністаў, адразу прыняў рашэнне: «Трэба прабівацца да сваіх». Піша ў часопісе ARCHE Андрэй Пачобут.

Ён хутка здолеў патрапіць у Беласток, які быў акупаваны саветамі. Аднак радзіма ўсіх пралетарыяў сустрэла яго з падазрэннем. Аказалася, што ягоныя былыя заслугі для СССР ужо не актуальныя і суперагент можа разлічваць толькі на дробную пасаду ў гарвыканкаме.

Самуэль Фогельсан нарадзіўся ў 1902 г. у Варшаве. Па адукацыі ён быў матэматыкам. Адукацыя еўрапейская — Варшаўскі універсітэт, пазней вучыўся ў Парыжы і Вене. Як вынікае з аўтабіяграфіі, напісанай для Беластоцкага абкама ВКП (б), на працягу васьмі гадоў ён працаваў у Галоўнай статыстычнай управе ў Варшаве і адначасова быў асістэнтам на кафедры матэматыкі Варшаўскага універсітэта. Такім чынам, дзяржаўную службу Фогельсан спалучаў з навуковай працай. Атрымоўвалася нядрэнна, бо да 1939 г. Фогельсан стаў аўтарам сарака навуковых працаў па матэматыцы, статыстыцы і дэмаграфіі. Але гэта толькі частка ягонай біяграфіі. Рэч у тым, што

Фогельсан вёў падвойнае жыццё. У адным ён быў лаяльным дзяржаўным службоўцам і паспяховым навукоўцам. У другім — агентам савецкай разведкі, які хаваўся пад псеўданімам St. Manert. Агентам паспяховым, бо завербаваныя ім нават служылі ў польскіх спецслужбах і адтуль дастаўлялі вельмі якасную і інфармацыю, якая ішла ў Маскву.

Агент савецкай разведкі

Фогельсан быў прадстаўніком яўрэйскай інтэлігенцыі, якая бачыла ў камунізме перш за ўсё перамогу над антысемітызмам, што рабіла гэтую ідэалогію ў вачах яўрэяў надта прывабнай. У 1920-я гг. Самуэль Фогельсан хацеў далучыцца да падпольнай Камуністычнай партыі Польшчы. Але камуністы, у якіх было багата агентуры, палічылі, што малады польскі чыноўнік прынясе больш карысці камуністычнай ідэі не як агітатар ці актывіст, а як савецкі шпіён. Яго звязалі з савецкімі спецслужбамі. Фогельсан пагадзіўся на супрацоўніцтва.

Працуючы ў Галоўнай статыстычнай управе ў Варшаве, я меў доступ да матэрыялаў, якія не друкаваліся ў прэсе, і сістэматычна апрацоўваў і складаў для штабу РККА кан’юнктурныя даследаванні эканамічнага стану былой Польшчы. Звычайна я рабіў гэта раз на квартал. Гэта былі інфармацыі, надрукаваныя на польскай мове на машынцы часам без подпісу, часам падпісаныя «St. Manert». Мне здаецца, што з іх рабіліся здымкі і перадаваліся ў Маскву, — пісаў у аўтабіяграфіі Фогельсан.

Але гэта быў толькі пачатак ягонай працы.

Самуэль Фогельсан аказаўся здольным агентам. Ён пачаў вярбоўку агентаў і меў у гэтай галіне надзвычайныя поспехі. Так, адзін з ягоных людзей пазней аказаўся самым высокапастаўленым савецкім агентам у структурах Арміі Краёвай.

На пачатку 20-х гадоў рэзідэнт савецкай разведкі Фогельсан завербаваў Альфрэда Ярашэвіча. Ад гэтага моманту праз усе ступені сваёй кар’еры Ярашэвіч быў агентам Фогельсана. Ён выконваў ягоныя загады і дастаўляў яму інфармацыю.

У адпаведнасці з прынцыпамі, на якіх будавалася савецкая сетка, Фогельсан не меў ніякага афіцыйнага кантакту з Камуністычнай партыяй Польшчы. Ягонае заданне абмяжоўвалася зборам шпіёнскай інфармацыі. Ён меў уласны выхад на Маскву, — пісаў ва ўспамінах падпалкоўнік польскіх камуністычных спецслужбаў Юзаф Святла пасля таго, як уцёк на Захад.

У аўтабіяграфіі, якую Фогельсан пісаў для Беластоцкага абкама партыі, ён ускосна пацвярджае інфармацыю Святлы.

Я меў лучнасць з групай таварышаў, якія збіралі інфармацыю аб вайсковай прамысловасці Польшчы, а таксама пра некаторыя дзеянні польскага штабу (барацьба з камуністычным рухам у войску і г. д.). Праз мяне ішлі дакументы і грошы. Я сустракаў кур’ераў, якія прыязджалі ў Варшаву. Часта сам вазіў дакументы, — пісаў Фогельсан.

Ён сцвярджаў, што двойчы наведваў Вену, дзе сустракаўся з савецкімі афіцэрамі вайсковай разведкі. Яны перадавалі адпаведныя інструкцыі наконт яго агентурнай працы. Часам лучнасць з Цэнтрам падтрымліваў ягоны швагер Леон (Людвіг) Фершт. Дарэчы, паводле падпалкоўніка Святла, Фершт быў касірам КПП і менавіта ён трымаў касу нелегальнай Камуністычнай партыі Польшчы.

У краіне Саветаў

Плённае супрацоўніцтва Фогельсана з савецкай разведкай спыніла Другая сусветная вайна. Як і тысячы камуністаў, Фогельсан апынуўся ў савецкай акупацыйнай зоне. Дакладны рапарт аб шпіёнскай дзейнасці Фогельсан напісаў для Беластоцкага ўпраўлення НКВД адразу пасля таго, як апынуўся ў Беластоку. «Усе тэхнічныя падрабязнасці, якія тычацца супрацоўніцтва (кантактныя месцы, прозвішчы і г. д.) я перадаў у абласное ўпраўленне НКВД», — пісаў Фогельсан ва ўспамінах.

Але

ў СССР яго чакалі адны расчараванні. Пасля размовы ў НКВД яго працаўладкавалі ў гарадскі аддзел Гарплана, дзе ён, рэзідэнт савецкай разведкі і навуковец, быў… клеркам, які займаўся планаваннем гарадской гаспадаркі Беластока. Але гэта быў толькі пачатак ягоных прыніжэнняў.
Так, у часе працы на савецкую разведку Фогельсан праз сваіх куратараў падаў заяву аб уступленні ў шэрагі ВКП (б). Для яго, ідэйнага прыхільніка камунізму, які хацеў дапамагчы першай камуністычнай краіне, гэта мела вялікае значэнне. Партыйцы паведамілі яму, што ён прыняты у сябры ВКП (б). Фогельсан быў вельмі шчаслівы. Толькі аказалася, што разведка падманула свайго агента. У 1940 г. Беластоцкі абкам партыі паведаміў былому рэзідэнту, што ніякіх звестак пра ягоную партыйнасць знайсці не ўдалося. Гэта значыць, што застаецца ён звычайным беспартыйным. Уступіць у партыю ён таксама пакуль не можа…

Калі ж Фогельсану надакучыла праца ў Гарплане, ён звярнуўся да ўладаў, каб тыя дазволілі яму выезд у Маскву, дзе былы рэзідэнт савецкай разведкі хацеў заняцца навуковай працай, якую ў Польшчы ён дастаткова паспяхова спалучаў з сваёй нелегальнай дзейнасцю на карысць СССР. Дзеля гэтага Фогельсан напісаў яшчэ адну аўтабіяграфію. Гэтым разам там не было ні слова пра супрацу з савецкай разведкай. Выключна навуковая дзейнасць таленавітага польскага матэматыка… Але і гэтым разам Фогельсану не пашчасціла. Маскве навуковец быў не патрэбны. Заяву з Масквы накіравалі ў Мінск. Адтуль у Беласток прыйшоў лаканічны адказ за подпісам наркама адукацыі БССР Чарнова: «Выкарыстаць у вышэйшай школе не маем ніякай магчымасці».

Чаму?

Сітуацыя, у якой апынуўся Самуэль Фогельсан, падаецца абсурднай. Вось заслужаны агент, які працяглы час кіраваў сеткай савецкай агентуры і працаваў за ідэю, нарэшце патрапіў у краіну, якой прынёс столькі карысці і дзеля якой рызыкаваў жыццём, — і тут яго сустракаюць толькі балючыя прыніжэнні. Чаму гэта здарылася? Адказ вельмі просты. Такая атмасфера панавала тады ва ўсёй краіне.

Чалавек з Захаду, нават правераны разведчык, адразу выклікаў недавер. У 1937—1938 гг. савецкую разведку, як і ўсю сістэму ўлады, паралізавалі рэпрэсіі. У такіх умовах менавіта падазронасць і страх акрэслівалі паводзіны камуністычных чыноўнікаў.

Я прыходзіў на працу і нічога не рабіў. Новыя супрацоўнікі не размаўлялі са мной, баючыся такім чынам скампраметавацца. Памятаю, што начальнік аддзела Гаранін у маёй прысутнасці размаўляў з сваім намеснікам шэптам, баючыся, што я іх буду падслухоўваць. (…) Пазваніў мне Эйтынгон, які толькі што вярнуўся з Францыі:

— Паўлуша, я ўжо дзесяць дзён у Маскве і нічога не раблю. Аператыўны аддзел устанавіў за мною назіранне. Я ўпэўнены, што мой тэлефон на праслушцы. Ты ведаеш, як я працаваў. Прашу цябе, паінфармуй кіраўніцтва, калі хочуць, дык няхай мяне адразу арыштуюць, навошта гуляцца ў гэтыя дзіцячыя гульні, — згадваў ва ўспамінах вядомы савецкі разведчык і дыверсант Павел Судаплатаў.

Але гэтыя прыкрасці абсалютна не паўплывалі на лаяльнасць агентаў. Як паказвае іх далейшы лёс, большасць з іх працягвала верна служыць СССР.

Лёс невядомы

Лёс Самуэля Фогельсана невядомы. Ці быў ён рэпрэсаваны? Ці перажыў Другую сусветную вайну? На жаль, сёння няма магчымасці высветліць лёс рэзідэнта савецкай разведкі, бо архівы КГБ, дзе, напэўна, знаходзіцца больш дэталёвая інфармацыя і пра супрацоўніцтва Фогельсана з камуністычнай разведкай, і пра ягоны далейшы лёс, закрыты для незалежных даследчыкаў.
Цікава, што агенты, завербаваныя ім, яшчэ шмат часу працавалі на карысць СССР. Яго найлепшыя агенты Уладзімеж Ляховіч і Альфрэд Ярашэвіч зрабілі неблагую кар’еру ў польскім падполлі, і дзякуючы ім на стол да самога Іосіфа Сталіна трапляла шмат стратэгічна важнай інфармацыі ў «польскім пытанні». Пазней у ПНР яны таксама не прапалі, а пайшлі дастаткова высока, але ў выніку ўнутрыпартыйнай барацьбы ў 1948 г. яны былі арыштаваны. Былых агентаў Фогельсана абвінавацілі ў тым, што яны з’яўляліся агентамі польскіх спецслужбаў і іх заданнем была дэзінфармацыя СССР і праца супраць камуністычнага руху. На допытах яны дружна казалі, што невінаватыя, а іх завербаваў Фогельсан. Насамрэч яны былі вернымі агентамі СССР. Пазней, яшчэ ў час ПНР, іх рэабілітавалі і аднавілі ў партыі. Такім чынам камуністы яшчэ раз прызналі якасць працы недаацэненага СССР рэзідэнта Фогельсана.

* * *

Андрэй Пачобут — журналіст, лаўрэат прэміі «ARCHE» «За сумленнае слова».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?