Фота: Onliner

Фота: Onliner

Ва ўсіх гісторыях гаворка будзе ісці пра шэнгенскія, а не нацыянальныя візы, але для зручнасці яны будуць называцца па краіне, якая выдала шэнген. Кожнай гераіні сама віза абышлася роўна ў 35 еўра, а ў падарожжах усе яны пабывалі на працягу апошніх двух месяцаў.

Дар'я, венгерская віза

«За апошнія паўтара года я адкрывала шэнген тройчы. З гэтага можна зрабіць выснову, што ўдача была не на маім баку. Хоць тыя, хто атрымліваў адмову, са мной дакладна не пагодзяцца.

Кароткая гісторыя візавых перамог у пашпарце выглядала так: два грэчаскія «мультыкі» на два тыдні і італьянская «аднаразовая», затое на тры!

Перспектыва чарговага бясконцага «наклацвання» запісу на самастойную падачу і збору дакументаў прымушала вока загадзя паторгвацца. Таму я вырашыла пашукаць альтэрнатыўныя варыянты.

Сябры шакавалі гісторыямі, што толькі запіс у італьянскае пасольства ў агенцтваў каштуе 300 еўра. А вынік — віза на некалькі месяцаў. І я падумала, што можна трохі дадаць і за гэтыя грошы ўжо паехаць у тур. Заадно і на падачу запішуць, і з афармленнем дакументаў дапамогуць.

Я адношуся да тых людзей, якіх часам іранічна называюць калекцыянерамі краін. Так, мне прынцыпова бываць у новых месцах. А паколькі шмат куды я ўжо паспела з'ездзіць, выбар кірункаў быў невялікі.

Я разглядала тур Італія — Францыя — Манака, для якога візу павінна было адкрываць пасольства Францыі. Пра яго лаяльнасць якраз хадзілі легенды. Але графік тураў не супаў з маім. А потым я наткнулася на паездку Германія — Швейцарыя — Чэхія.

Вырашыць лёс маіх будучых падарожжаў павінны былі прадстаўнікі Венгрыі. У некалькіх турфірмах мне адмовілі: маўляў, усе слоты ўжо занятыя. А ў адной пацвердзілі: запаветныя месцы яшчэ ёсць. Гэта было за паўтара месяца да пачатку тура. Як я пазней даведалася, настолькі позна запісацца на тур з падачай на візу практычна немагчыма.

Нас адразу папярэдзілі, што ёсць верагоднасць падавацца праз амбасаду і праз візавы цэнтр — праз візавы цэнтр значна даражэй. Але тут ужо як пашанцуе, паўплываць на гэта было нельга. Нам пашанцавала: на падачу нас запісалі ў амбасаду, і віза каштавала ўсяго 35 еўра, а не ў 10 разоў даражэй.

Падаваць дакументы трэба было асабіста. Прычына — здача біяметрычных звестак, але прыходзіць трэба было ўсім, нават тым, хто ўжо здаваў «пальчыкі». З дзіўнага — патрэбна была толькі даведка з працы, а выпіску з рахунку браць не спатрэбілася.

Разглядалі дакументы два тыдні. У маім пашпарце аказалася віза на год. Не ведаю, ці паўплывала гэта на што-небудзь, але на ўсялякі выпадак я прыклала гадавы літоўскі шэнген з папярэдняга пашпарта, які скончыўся яшчэ ў 2020-м. Маёй сяброўцы адкрылі візу на тры тыдні. Але яе візавая гісторыя была кароткай: нявыкарыстаны літоўскі шэнген на тры месяцы, датаваны 2019 годам.

Як мы пазней высветлілі, многія іншыя турысты таксама вырашылі адправіцца ў гэтую паездку якраз дзеля адкрыцця візы. Вынік быў самы розны: ад візы толькі на даты тура да двух гадоў. Але гэта ў тых, у каго ўжо былі такія працяглыя візы ў пашпарце. Магчыма, камусьці адкрылі і на пяць гадоў, сацапытанне па ўсім аўтобусе я не праводзіла. Але ад знаёмых пра такія легендарныя венгерскія візы я чула.

Тур адбыўся ў канцы лістапада. Каштаваў ён больш за 500 еўра, але гэта ж Швейцарыя. Хоць, калі разважаць, якія танныя квіткі можна было б знайсці самастойна… Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Прынамсі ёсць магчымасць ездзіць у больш бюджэтныя самастойныя падарожжы ў бліжэйшы год. Так што я на 100% задаволеная, што ўдалося займець візу такім спосабам».

Маршрут: Нюрнберг — Цюрых — Жэнева — Берн — Прага. Кошт тура: 560 еўра + даплаты. Тэрмін візы: 1 год.

Настасся, французская віза

«Тур на апошнія дні кастрычніка мы браніравалі ў пачатку красавіка — гэта былі самыя раннія даты менавіта з магчымасцю падачы на візу. Гэта значыць, нават пры самым вялікім жаданні на лета месцаў ужо не было. Бронь на падачу ў амбасаду даслалі ў пачатку чэрвеня.

Мы выбралі аўтобусны тур Берлін — Амстэрдам — Брусель — Парыж — Люксембург. Мэтай было ў тым ліку атрыманне візы для далейшых падарожжаў.

Калі пачалі разглядаць варыянты, аказалася, што зрабіць візу праз агенцтва каштуе каля 500 еўра, а з'ездзіць у тур — 570 еўра. Да таго ж падкупіла падача праз амбасаду. Па чутках (але я ў гэта веру), там даюць шматразовыя візы часцей, чым у візавых цэнтрах.

Асабіста ў мяне да гэтага была аднаразовая венгерская віза, якую я атрымала восенню 2022 года. У хлопцаў у кампаніі са мной былі як чыстыя пашпарты, так і з візамі — усім далі «мультык» на шэсць месяцаў.

Усе дакументы рыхтавала турагенцтва. Я зрабіла толькі даведку з працы, выпіску з банка і фатаграфіі. У туры было 34 чалавекі, палова падавалася ў адзін дзень, другая — у іншы. У нашай групе ўсім далі візу на шэсць месяцаў, у іншай — усім на год. Зноў жа, па чутках, Францыя рэдка дае «аднаразовікі», звычайна гэта візы на паўгода-год нават у чыстыя пашпарты.

Мы ўжо плануем наступную паездку пасля заканчэння бягучай візы. Падавацца праз тур — самы просты і беспраблемны спосаб: адэкватная цана, магчымасць паглядзець кучу гарадоў і ніякіх галаўных боляў з дакументамі, усё робяць за цябе. Спецыяльна захоўвалі ўсе квіточкі як пацвярджэнне паездкі, каб потым зноў падацца на французскую візу і атрымаць больш працяглую візу. Каштаваў тур 570 еўра, плюс 35 еўра за візу і 7 еўра за страхоўку.

Нам пашанцавала з хуткім праходжаннем мяжы, таму яшчэ паспелі заехаць у Познань. Гэта каштавала каля 15 еўра. Астатнія даплаты былі не абавязковыя.

Цяпер яны крыху змянілі праграму і не едуць у Брусэль, а наведваюць горад у Нідэрландах. Але ў цэлым тур супер, не лічачы таго, што ўсё вельмі хутка: пераезды амаль кожны дзень».

Маршрут: Берлін — Амстэрдам — Брусель — Парыж — Люксембург. Кошт тура: 570 еўра. Тэрмін візы: 6 месяцаў.

Вольга і Настасся, італьянская віза

Дзяўчаты ездзілі ў розныя паездкі, але іх гісторыі даволі моцна перагукаюцца адна з адной. Кожную раскажам па чарзе.

Вольга ездзіла ў тур у другой палове лістапада. Маршрут: Вена — Венецыя — Рым — Фларэнцыя — Зальцбург. Прыцягнула дзяўчыну тое, што ні ў адным з гэтых гарадоў яна не была, а цана здалася цалкам адэкватнай: 460 еўра за праезд, начоўкі ў гатэлях, сняданкі і часткова аглядныя экскурсіі па горадзе.

Плюс Вольга разлічвала, што зможа адкрыць шэнген на тры ці шэсць месяцаў. Хоць візавай гісторыі за апошнія пяць гадоў не было: апошні шэнген скончыўся ў 2018 годзе. На жаль, у пасольстве Італіі ў Мінску ёй адкрылі аднаразовую візу на 10 дзён пад даты паездкі.

«Ад знаёмых чула, што падача ў італьянскае пасольства пад ключ (запіс, фарміраванне пакета дакументаў) каштавала каля 300 еўра. З маёй групы ведаю толькі адзін выпадак: дзяўчыне ў чысты пашпарт адкрылі мультывізу, але таксама на 10 дзён.

Планую праз нейкі час зноў падаць дакументы ў італьянскае пасольства. Шанцы на мультывізу цяпер вышэйшыя, бо ў мяне ёсць доказы наведвання Італіі. Мяркуючы па інфармацыі ў чатах, пасля аднаразовай могуць даць візу на тры месяцы».

Маршрут: Вена — Венецыя — Рым — Фларэнцыя — Зальцбург. Кошт тура: 460 еўра. Тэрмін візы: 10 дзён.

Настасся пабывала ў Італіі ў пачатку лістапада. Сумесную паездку прапанавалі бацькі, бо ўжо ездзілі ад гэтай турфірмы, а ў яе дзейнічае сістэма зніжак для пастаянных кліентаў.

«Тур быў прывабны тым, што ў ім выразна пазначалася: ён падыходзіць і для турыстаў з дзейным шэнгенам, і для тых, у каго візы няма. Абяцалі ўзяць усе клопаты з адкрыццём на сябе.

У мяне ў гэтым пашпарце віз не было — варыянт выдатны. Але пры гэтым стаяла выразная дата апошняга тэрміну падачы для тых, у каго няма візы: 21 ліпеня.

Пры гэтым асабістая падача была толькі ў лістападзе. У аўторак падача, у пятніцу выезд. Але ўсё паспелі зрабіць за тры дні. Хто хацеў, мог забраць дакументы адразу ў пасольстве, астатнім пашпарты раздавалі ў аўтобусе. Бацькі Настассі аформілі тур раней, таму і ў пасольстве апынуліся не ў апошнія дні перад выездам.

Сама паездка доўжылася восем дзён. Дзяўчыне паставілі разавую візу на месяц у пусты пашпарт. Бацькам па гэтай жа пуцёўцы з вялікай колькасцю віз у пашпарце адкрылі «мультык» на тры месяцы. Але іншым турыстам з аўтобуса адкрывалі і на два гады.

Каштаваў тур крыху больш за 320 еўра плюс абавязковая даплата 99 еўра: гарадскія падаткі і паслугі гіда на ўсім шляху руху. Уваходныя квіткі ў музеі трэба было аплачваць асобна».

Маршрут: Прага — Верона — Рым — Ватыкан — Піза — Фларэнцыя — Венецыя з выездам праз Вільню. Кошт тура: 320 еўра + 99 еўра. Тэрмін візы: 1 месяц.

А на які тур можна запісацца проста цяпер?

Onliner вырашыў высветліць, на які тур пры ўмове адкрыцця візы можна запісацца проста цяпер, і пад выглядам патэнцыйных падарожнікаў патэлефанаваў у некалькі мінскіх турфірмаў.

«Самы надзейны варыянт — гэта Францыя. Звычайна ставяць не менш чым на паўгода. Да канца гэтага тыдня яшчэ можна запісацца на паездку 11 лютага, з наступнага — на 3 сакавіка.

Што тычыцца Італіі, то ёсць месцы нават на студзень. Калі ўжо была італьянская віза, нядрэнныя шанцы на «шматразовік». Але ніякіх гарантый.

Венгрыя — гэта латарэя: ставяць як на даты паездкі, так і на некалькі гадоў. Канкрэтна сказаць, калі будзе падача, калі запісацца цяпер, мы не можам. Але на гэтым тыдні быў выпадак: турысты купілі тур у панядзелак, а ў чацвер ужо пайшлі падавацца на візу», — расказалі ў «Першай турыстычнай кампаніі».

Францыя, Італія і Венгрыя — тры асноўныя «пастаўшчыкі» візаў пад аўтобусныя туры, нават калі асноўнай краінай па маршруце будзе Чэхія, Швейцарыя або Германія. Гарантыя таго, што візу пад тур адкрыюць, практычна 100%. А вось на колькі — пытанне, гэта моцна залежыць ад удачы.

Чытайце таксама:

«Амерыканцы гатовыя мяняць пазіцыю па візах» — Франак Вячорка

Польшча турыстычныя візы рэдка адкрывае, у Італіі запіс праз месяц. Як цяпер беларусам адкрыць візу ў Еўропу

«Колькасць адмоў грамадзянам, якія не маюць карты паляка, вельмі вялікая». Якія шанцы цяпер у беларусаў здабыць шэнгенскую візу?

Клас
8
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
3