Кадр скетча «Белсата»

Кадр скетча «Белсата»

«Белсат» зняў скетч пра прыгоды расейцаў у Мінску. У гумарыстычным роліку паказваюцца два расейскія турысты на вакзале, якія абмяркоўваюць, што беларуская мова — гэта руская з памылкамі. А пасля пытаюцца ў «беларусіка», «брата меншага», куды схадзіць.

«Вітаю, афэлкі!» — звяртаецца той і, калі акцёры, што граюць расейцаў, не разумеюць словаў, тлумачыць: гэта такі паважлівы зварот.

«Чё, куда тут можно сходить в этом вашем колхозе?» — пытаецца расейка.

Беларус расказвае, што яны могуць трапіць на бясплатную экскурсію па будынках пачатку 20-га стагоддзя, каб лепш пазнаёміцца з культурай краіны. Для гэтага параіў знайсці міліцыянта, сказаць яму «Вітаю, афэлак» і дадаць, што вы ад Зянона Пазняка.

Гумару многія не зразумелі. Расейцы абурыліся ў твітары.

«Беларуская карыкатурная пастаноўка, у якой масквічы, якія прыехалі ў Беларусь, паказаныя як пагардлівыя калгаснікі. А мясцовы беларус паказаны як разумны і хітры мясцовы піжон. Відэа накіравана на высмейванне паводзін расейцаў.

Вось толькі беларус у гэтым відэа раіць прыехаўшым падысці да міліцыі і сказаць нешта, за што іх пасадзяць на 15 сутак.

Атрымліваецца што сябе яны выставілі ў гэтым відэа беспрынцыповымі падонкамі, гатовымі здаць мянтам любога непажаданага чалавека. І мяркуючы з рэакцыі, яны гэта ўхваляюць»,

— напісаў у сацсетцы X (былым твітары) Артур Закіраў, заснавальнік буйной расейскай кампаніі «Артсофт», які асудзіў вайну і стварае арганізацыю па абароне правоў расейцаў і эмігрантаў.

«Я с семьёй ездил в Белоруссию и такого не видел», — адзначае іншы каментатар.

«Работали на закрытом объекте в Питере. Была бригада из Белоруссии. Что они только не вытворяли. Беспредельщики. После двухнедельных гастролей уехал этот цирк шапито домой, не солоно хлебавши. Вырвались от батьки и сразу в бардак», — дзеліцца ячшэ адзін расеец.

«Пі***ц крындж, такое можа нарадзіцца ў галаве ў чалавека, які ніколі расейцаў не бачыў ужывую».

«Што такое афэлкі? Гэта такія цукеркі з міндалем і вадкім цэнтрам, абваленыя ў какосавай стружцы?» — не зразумела слова жанчына.

Хтосьці даказваў, што масквічы так сябе не паводзяць — толькі выхадцы з рэгіёнаў.

«Гумар узроўню ТНТ. Яшчэ знайдзі беларуса, які на мове будзе гаварыць», — каментуюць.

«Бачу толькі адну праблему: не вельмі смешна», — пішуць. Іншыя каментуюць, што гэта аналаг «Аншлага» і «петрасяншчыны».

Многія беларусы ў сацсетках пагаджаліся, што гумар не самы вытанчаны.

«Кантэнт сапраўды не вельмі, але гэта не адмяняе таго, што многія менавіта з такім падыходам і прыязджаюць», — заўважаюць.

І прыгадваюць расейцам іх жарты.

«Ага, а куча відэа, дзе расейцы ржуць з бел. мовы — гэта не расейцы здымалі. І наогул, расейцы коцікі, ніколі паблажліва не ставіліся да суседзяў як да «братоў меншых», заўсёды паважалі іх культуру і мову. Гэта ўсё беларусы такія злыя і брыдкія», — напісала адна з карыстальніц.

«Ты проста не быў беларусам, да якога расейцы прыязджалі ў тапачках закупляцца, прыгаворваючы «ну вы ж наша губерня».

«Гэтыя прыколы адбываюцца літаральна ўвесь час, таму наадварот радавацца трэба, што стомленыя ад такіх паводзін беларусы ўсяго толькі здымаюць відосікі гумарыстычныя», — заўважае іншы чалавек.

Былі і тыя, хто абурыўся, што беларусаў ролік выставіў таксама не ў найлепшым святле.

Чытайце таксама:

Ціханоўская дала інтэрв'ю, ад якога ў расійскай апазіцыі палыхнула. Што здарылася?

Клас
51
Панылы сорам
23
Ха-ха
126
Ого
4
Сумна
11
Абуральна
24