Фота: Офіс Ціханоўскай

Фота: Офіс Ціханоўскай

Даследаванне рабілі незалежныя сацыёлагі — Філіп Біканаў і Канстанцін Несцяровіч пры падтрымцы фонда Фрыдрыха Эберта. Анлайн-апытанне праводзілі ў два этапы 2-5 лістапада 2023 года. Выбарка склала 1205 рэспандэнтаў, якія прадстаўляюць насельніцтва беларускіх гарадоў памерам не меншым за 20 тысяч чалавек.

Філіп Біканаў папярэджвае: «Мы бачым уплыў фактару страху [на вынікі даследавання], ён скажае нашы вынікі. Але ёсць разуменне, што мы не першы год гэта робім і ў папярэдніх даследаваннях ён таксама быў прысутны. Тлумачыць дынаміку толькі ім не выпадае, яна звязаная і з іншымі прычынамі».

Каб даследаваць нацыянальную ідэнтычнасць, рэспандэнтам прапаноўвалі набор выказванняў, з якімі яны маглі пагадзіцца ці не. Гэтыя выказванні згрупавалі ў чатыры кампаненты ідэнтычнасці:

  • расійска-савецкі (было б добра, калі б Беларусь нарэшце аб’ядналася з Расіяй);
  • беларускі (мне хацелася б, каб беларускай мовы і беларушчыны было больш у нашым жыцці);
  • нацыянальна-індыферэнтны (адсутнасць цікавасці да нацыянальнага);
  • касмапалітычны (прыхільнасць да глабальнай ідэнтычнасці і шматкультурнасці).

Даследчыкі дзеляць усіх беларусаў на пяць сегментаў:

  • свядомыя (13%) — беларускі і касмапалітычны сегмент;
  • тыя, што фарміруюцца (19%) — паміж свядомымі і савецкімі;
  • савецкія (37%) — расійска-савецкі сегмент;
  • памяркоўныя (27%) — нацыянальна-індыферэнтны;
  • русіфікаваныя (4%) — не лічаць сябе беларусамі.

Пры гэтым даследчыкі прызнаюць, што большасць беларусаў цікавяцца нацыянальнай тэматыкай. А тыповага беларуса ўяўляюць як працавітага, гасціннага і добрага чалавека. Ёсць і сімвалы, якія аб’ядноўваюць усіх беларусаў: топ-5 станоўчых — зубр, дранікі, Белавежская пушча, бусел і бульба.

Амаль усе рэспандэнты ганарацца тым, што яны беларусы. Асабліва гэта датычыць савецкіх, бо яны больш згодныя з цяперашнім курсам кіраўніцтва краіны. Беларусы — інклюзіўная нацыя і гатовыя прызнаваць беларусамі людзей у залежнасці ад таго, як яны ставяцца да беларушчыны, а не ў залежнасці ад месца нараджэння і знешнасці.

Эксперты адзначаюць пэўны рост даверу дзяржаўным і падзенне даверу недзяржаўным інстытутам: у 2022-м першай катэгорыі (хаця б аднаму з гэтых інстытутаў) давяралі 75% апытаных, а другой — 71%, але сёлета лічбы склалі адпаведна 87% і 54%. 

Рост даверу да дзяржаўных груп сацыёлагі тлумачаць антываенным кансэнсусам — беларусы хочуць, каб беларускае войска было як мага далей ад вайны, і рэжым задавальняе іх жаданне. Таксама ў краіне, на думку аналітыкаў, трохі расце эканоміка і рэальныя заробкі, адначасова беларусы зменшылі свае чаканні адносна стану жыцця.

Што да зніжэння даверу да недзяржаўных груп, сацыёлагі тлумачаць гэта зачысткай медыяпрасторы, з-за якой адбываецца разрыў дэмакратычных сіл з аўдыторыяй, а таксама ад’ездам прадэмакратычна настроеных беларусаў і фактарам страху.

У беларусаў няма адзінай пазіцыі па знешнепалітычным вектары.

Прарасійскія погляды падзяляе трохі больш за траціну беларусаў, прыкладна столькі ж выбіраюць нейтралітэт. Такі высокі працэнт нейтралітэту, на думку экспертаў, сведчыць пра значную безуважлівасць да гэтых тэм, дый нават беларусы з прарасійскімі поглядамі выступаюць за дыстанцыю з Расіяй. Мейнстрымам у грамадскім меркаванні беларусаў даследчыкі называюць запыт на збліжэнне Беларусі і Украіны.

Чытайце таксама:

Ці прагаласуе электарат Лукашэнкі за Колю? Вось што кажа сацыёлаг

З'едуць ад бацькоў пазней, шматзадачныя і творчыя. Што сацыёлагі кажуць пра цяперашніх дзяцей

Кансалідацыя без сцяга. Беларускае грамадства добра трымаецца перад расійскай прапагандай — даследаванні

Клас
11
Панылы сорам
22
Ха-ха
11
Ого
5
Сумна
54
Абуральна
10

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?