Віктар Орбан. Фота: Omar Havana / AP

Віктар Орбан. Фота: Omar Havana / AP

Венгрыя заблакавала на саміце Еўрасаюза рашэнне аб выдзяленні Украіне эканамічнай дапамогі ў памеры 50 мільярдаў еўра, піша Бі-бі-сі.

Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль пацвердзіў, што лідары краін ЕС не змаглі дамовіцца аб уключэнні дапамогі Украіне ў бюджэтны план Еўрасаюза.

Паводле слоў Мішэля, супраць гэтага выступіла адна краіна. Ён яе не назваў, але больш ніхто не робіць сакрэту з таго, што гэта Венгрыя. Паводле слоў Мішэля, лідары краін ЕС вернуцца да гэтага пытання ў пачатку наступнага года.

«Я не хачу ўдавацца ў падрабязнасці, бо я хачу папрацаваць з калегамі найбліжэйшымі днямі, найбліжэйшымі тыднямі, каб падрыхтаваць саміт, які адбудзецца налета, у пачатку наступнага года», — цытуе старшыню Еўрапейскай рады агенцтва AFP.

Прыкладна пра тое ж напісаў у Х і Віктар Орбан. «Мы вернемся да гэтага пытання на Еўрапейскай радзе налета, калі як след падрыхтуемся», — паведаміў венгерскі прэм'ер.

Акрамя 54 млрд эканамічнай дапамогі, Еўрасаюз мае намер закласці ў бюджэт і 24 млрд на вайсковую дапамогу Украіне. Пра тое, што будзе з гэтай апошняй сумай, еўрапейскія лідары на саміце пакуль не паведамілі.

У чацвер, у першы дзень саміту Еўрасаюза, лідары краін ЕС вырашылі афіцыйна пачаць перамовы аб уступленні ў ЕС Украіны (а таксама Малдовы), і Венгрыя на чале з Орбанам не стала гэтаму перашкаджаць, хоць венгерскі прэм'ер і працягнуў казаць, што Украіна не гатовая да пачатку перамоваў.

Орбан даўно варагуе з Украінай, абвінавачваючы яе ў прыгнёце венгерскай меншасці. Акрамя таго, Орбан даўно варагуе і з Бруселем, а цяпер спрабуе пры дапамозе ўкраінскага рычага дамагчыся размарозкі долі Венгрыі памерам 30 млрд еўра ў асігнаваннях з агульнага катла ЕС.

Еўракамісія замарозіла гэтыя грошы, абвінаваціўшы Венгрыю ў парушэнні прынцыпу вяршэнства закона, а больш канкрэтна — ва ўшчамленні незалежнасці суддзяў.

Орбан і сябры яго ўрада рэгулярна выступаюць і супраць санкцый у дачыненні да Расіі, а пасля таго, як яна напала на Украіну, сталі казаць пра бессэнсоўнасць ваеннай дапамогі ўкраінцам.

Праўда, выступаючы на публіцы супраць санкцый ЕС, Венгрыя з 2014 ціха і нязменна галасуе за падаўжэнне ўжо ўведзеных і ўвядзенне новых. Выключэнне склала толькі эмбарга на расійскую нафту, уведзенае год таму: тут Будапешт не саступіў і дамогся для сябе адтэрміноўкі.

Чытайце таксама:

Рада ЕС вырашыла пачаць перамовы з Украінай і Малдовай аб уступленні ў Еўрасаюз

Венгрыя назвала ўмову для зняцця вета на €50 мільярдаў для дапамогі Украіне

Прэзідэнт Еўрарады скароціць візіт у Пекін з-за пагроз Орбана

Клас
3
Панылы сорам
8
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
28