«Калі ходзіш на бальнічны, то і 554 не выходзіць»

У Марыі вышэйшая адукацыя. Да сыходу ў дэкрэт яна працавала ў гандлі, дзе яе заробак быў вышэйшы за «мінімалку». Але калі надышоў час выходзіць з дэкрэта, дзяўчына была вымушана шукаць іншую працу. Бліжэйшую да дома. Вось і ўладкавалася ў дзіцячы садок памочнікам выхавацеля. 

— Да дэкрэта зарплата ў мяне была 600 рублёў. Але тады і цэны меншыя былі. Цяпер я атрымліваю 554-570 рублёў. З падпрацоўкамі — 600-630. Але калі ходзіш на бальнічны, то і 554 не выходзіць, — распавядае гараджанка. — Пайшла працаваць у сад з-за графіка. Муж працуе за горадам. Бывае, што без выходных. А дзяцей трэба некаму глядзець. Праца ж, садок і школа — у 15-20 хвілінах ад дома пешшу. 

Звестак аб тым, колькі работнікаў у Беларусі атрымліваюць мінімальную зарплату, у адкрытым доступе няма. Але прыкладна кожная восьмая вакансія Дзяржслужбы занятасці ў Баранавічах прапануе «мінімалку» або блізкі да яе заробак. 

Рабочы дзень Марыі пачынаецца ў 7:45 і заканчваецца ў 16:30. У яе асноўныя абавязкі ўваходзіць прыбіранне памяшканняў (групы і не толькі) па некалькі разоў на дзень. Плюс прыбіранне пляцоўкі на вуліцы, куды малыя ходзяць на прагулкі. Атрыманне ежы, сервіроўка сталоў і мыццё посуду. Таксама яна дапамагае выхавацелю з дзецьмі.

Праца, кажа Марыя, цяжкая. Асабліва, калі дзеля лішняй капейкі бярэш падпрацоўку ў іншай групе, імкнучыся ўсё ўсюды паспець. 

— Праца складаная яшчэ і ў эмацыйным плане. Дзеці розныя бываюць. І з няшчасных семʼяў. Душа баліць за такіх дзетак. Дый кіраўніцтва, бывае, можа нервы пакалашмаціць. Але працуеш, таму што вымушана працаваць, — кажа дзяўчына. 

«Аванс сыходзіць дзён за восем»

На што хапае заробку памочніка выхавацеля? «Ды амаль ні на што», — кажа Марыя. 

— Грошы нам даюць два разы на месяц. Аванс сыходзіць недзе дзён за восем. Максімум — дзесяць. З заробку я плачу 75 рублёў растэрміноўкі. І кладу 30 рублёў сабе на тэлефон і сыну на гадзіннік. На лячэнне мне былі патрэбныя грошы, па 100 рублёў кожны месяц адкладала, — пералічвае дзяўчына. — На бытавую хімію і лекі, калі дзеці хварэюць, сыходзіць прыкладна па 50 рублёў. На касметыку выдаткоўваю 20 рублёў, 30 — на вейкі. Астатняе — на ежу. За камуналку, сад дзецям, прадукты, адзенне плацім з зарплаты мужа.

Муж, па словах Марыі, зарабляе ў некалькі разоў больш за яе. Але ўсё роўна не эканоміць у сямʼі не атрымліваецца.

— На дзецях і ежы мы не эканомім. А сабе купляем адзенне або абутак толькі па патрэбе. І стараемся браць добрую, каб на пару гадоў хапіла. А хацелася б і сабе нешта купляць, касметыку даражэйшую, — кажа гараджанка.

«Буду шукаць іншую працу»

Навіне пра тое, што з новага года мінімальны заробак у Беларусі паднімуць, Марыя ўзрадавалася. Аднак яна не верыць, што яе заробак ад гэтага моцна вырасце.

— 626 рублёў — гэта ж да выліку падатку. Калі яго адняць, атрымаецца каля 580. І тое, калі цэлы месяц працаваць. А калі на бальнічны пайду, зноў жа 500-530 атрымаю, — падлічыла гараджанка.

Па словах Марыі, калі б за яе працу плацілі рублёў 800-850 рублёў, «было б выдатна».

— А так працуеш вымушана. Цякучка вялікая, бо працы шмат, а плацяць мала. Я сама да лета папрацую, а там буду шукаць іншую працу, — кажа Марыя.

На думку гараджанкі, тое, што дзяржава ўстанаўлівае памер мінімальнай зарплаты, магчыма, для кагосьці і не дрэнна. Але не для яе.

— Для тых, хто працуе на нізкааплатных работах, гэта гарант, што яны атрымаюць свае грошы. Але, з іншага боку, ёсць такая праца, за якую мусяць больш плаціць. Напрыклад, як наша ў дзіцячых садках, — адзначае дзяўчына.

На пытанне ж, ці рэальна пражыць на мінімальную зарплату, Марыя адказвае адназначна: «Не, вядома!»

— У дачкі толькі за садок і гурток выходзіць 124 рублі. У сына прадоўжанка і дадатковыя заняткі ў школе — яшчэ 152. На камуналку ў месяц сыходзіць яшчэ 150 рублёў. І гэта ў нас свая кватэра! — пералічвае Марыя. — А трэба яшчэ і нешта ў дом купіць, і адзенне дзецям, і паесці.

Мінімальная заработная плата — гэта дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы. Гэты стандарт наймальнік абавязаны прымяняць у якасці мінімальнай мяжы аплаты працы. Памер «мінімалкі» ўстанаўліваецца штогод 1 студзеня Саветам Міністраў Беларусі. Мінімальны заробак у Беларусі з 1 студзеня 2024 года падвысяць з цяперашніх 554 рублёў да 626.

Чытайце таксама:

«Хацела ўладкавацца прыбіральшчыцай. Сказалі: лепш алкаша возьмем». Як адмаўляюць у працы пасля сутак ці штрафу за палітыку

«І ўсё ж вырашыць кадравае пытанне пакуль не атрымоўваецца». Як у Баранавічах шукалі кадры для прадпрыемстваў

«Хочаш танцаваць — танцуй, хочаш маляваць — малюй». У Магілёве з'явілася дзяўчына-карціна са складаным лёсам

Клас
3
Панылы сорам
6
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
21
Абуральна
14