Зайпель і Пуцін. Фота: kremlin.ru

Зайпель і Пуцін. Фота: kremlin.ru

Нямецкі журналіст, рэжысёр-дакументаліст і пісьменнік Хуберт Зайпель, які з'яўляецца аўтарам дакументальнага фільма і двух бэстсэлераў пра Уладзіміра Пуціна, атрымаў сотні тысяч еўра ад афшораў, звязаных з расійскім алігархам Аляксеем Мардашовым, пішуць «Важныя гісторыі».

Расследаванне — частка праекта пад назвай «Таямніцы Кіпра», арганізаванага міжнародным кансорцыумам журналістаў-следчых (ICIJ) і нямецкай Paper Trail Media.

Вядома, што ў 2018 годзе Зайпель падпісаў «спонсарскую дамову», якая павінна была прынесці яму не менш за 600 000 еўра. Такую суму выдзелілі на стварэнне і папулярызацыю кнігі пра палітычны клімат у Расіі. Гаворка ішла пра кнігу «Улада Пуціна. Навошта Еўропе Расія?», апублікаванай у 2021 годзе гамбургскім выдавецтвам Hoffmann und Campe.

У падрыхтаваных для падпісання дакументах таксама стаяла рукапісная пазнака «аналагічна заключанай у 2013 годзе дамове: «Біяграфія Пуціна». У 2015 годзе выйшла кніга Зайпеля «Пуцін. Логіка ўлады».

Спонсарам пісьменніка выступала кампанія De Vere Worldwide Corporation з Брытанскіх Віргінскіх астравоў, запісаная на Ігара Васкрасенскага — аднаго з дырэктараў машынабудаўнічага канцэрна «Сілавыя машыны», падкантрольнага Мардашову. Пры гэтым, грошы на выплаты Зайпелю прыходзілі ў De Vere Worldwide ад афшораў, бенефіцыярам якіх быў сам Мардашоў.

Адна з кніг пра Пуціна

Адна з кніг пра Пуціна

У размове з Paper Trail Media Зайпель прызнаў, што кнігі пра Пуціна спансіраваў расійскі мільярдэр, але падкрэсліў, што гэты факт не дыскрэдытуе яго працы. Па словах пісьменніка, у дамове з De Vere Worldwide быў пункт аб тым, што ў яго няма абавязацельстваў перад спонсарам у дачыненні да «кампазіцыі і зместу кнігі».

Акрамя таго, як адзначыў Зайпель, грошы ішлі толькі на падтрымку яго кніжных праектаў, але не яго фільма ці грамадскай дзейнасці. Яшчэ ў 2021 годзе пісьменнік катэгарычна адмаўляў, што атрымліваў расійскія грошы.

Клас
2
Панылы сорам
14
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
18