Трагічны інцыдэнт адбыўся 18 снежня 2022 года ў Вільні, на адной з гарадскіх кватэр, дзе разам апынуліся абвінавачаны і меркаваная ахвяра. Паводле следства, былы баец палка Каліноўскага (на просьбу абвінавачанага не называецца ягонае імя — РС) нажом забіў свайго пабраціма. Следства даказвае віну беларуса з дапамогай заключэнняў экспертаў, на працэс таксама выклікалі некалькі сведак.

Абвінавачаны, якому паводле літоўскага заканадаўства пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня, дагэтуль сваёй віны не прызнаваў. Паводле беларуса, ягоны знаёмы скончыў жыццё самагубствам, а пасля таго, як гэта адбылося, абвінавачаны спрабаваў аказаць яму дапамогу. Пракаментаваць пачатак працэсу ён адмовіўся. У ранейшых інтэрв'ю Свабодзе абвінавачаны расказваў, што ўсё адбылося надзвычай хутка.

«Я еў макарону і пачуў нейкі грукат, паварочваю галаву — і бачу, як ён стаіць з нажом у грудзях. Я ў шоку быў, кінуўся, хацеў дастаць гэты нож, і гэта была памылка, не трэба было чапаць. Але я быў у стане поўнага шоку. За адно імгненне кінуўся да яго. Ён не даваў мне выцягнуць, наадварот, яшчэ болей у сябе ўціскаў. Ён увесь гэты час стаяў, я паклаў яго і стаў клікаць на дапамогу», — гэтак апісваў інцыдэнт абвінавачаны ў размове з журналістам Свабоды, якая адбылася ў жніўні.

Да таго часу беларус прабыў 8 месяцаў пад арыштам, трымаў галадоўку, бо не пагаджаўся з выстаўленым абвінавачаннем і патрабаваў экспертызы на паліграфе. У жніўні былому добраахвотніку замянілі меру стрымання на знаходжанне дома з адмысловым бранзалетам сачэння, але абвінавачанне не знялі. Праз тое, што расследаванне цягнулася больш за 6 месяцаў, справу перадалі на разгляд у акруговы суд Вільні.

Сённяшняе першае паседжанне суду цягнулася не больш за гадзіну. Пасля высвятлення асобы абвінавачанага суд выслухаў маці меркаванай ахвяры, якая прызнаная ў справе пацярпелай. Жанчына знаходзіцца ў Беларусі, з судом яна размаўляла праз відэасувязь. Пацярпелая папрасіла літоўскі суд зрабіць працэс закрытым з меркаванняў уласнай бяспекі.

«Судовая сістэма ў Беларусі, дзе я знаходжуся, пераследуе людзей, якія бралі ўдзел у падзеях пасля 2020 года. На жаль, я асцерагаюся, што калі будуць агучаныя некаторыя факты, мяне могуць затрымаць», — сказала пацярпелая.

Хадайніцтва падтрымалі як дзяржаўны абвінаваўца, так і абвінавачаны і ягоны адвакат. У выніку суддзя абвясціла, што далей працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Усім наведнікам, а іх было больш за дзесяць, давялося выйсці з залі.

«Пазову выстаўляць не буду»

Яшчэ да прыняцця гэтага рашэння была абвешчаная пазіцыя пацярпелай адносна грамадзянскага пазову на абвінавачанага. Раней яна не заявіла прэтэнзій і на судзе праз відэасувязь пацвердзіла, што сваёй пазіцыі не змяніла. «Не, грамадзянскага пазову не выстаўляю», — сказала суду пацярпелая беларуска.

Бацька абвінавачанага беларуса Сяргей гэтак пракаментаваў тое, што маці загінулага не выставіла пазову.

«Думаю, гэта лагічна, што яна не хоча загадзя абвінавачваць іншага чалавека ў забойстве яе сына, а хоча аб’ектыўнага суда, каб ва ўсім разабрацца», — сказаў мужчына. Адносна прычыны меркаванага самагубства ахвяры інцыдэнту Сяргей адказаў, што ад сына нічога не ведае аб прычынах, якія маглі падштурхнуць да такога ўчынку. «не чуў ад яго нічога пра гэта, а гадаць не буду», — сказаў Сяргей.

Бацька абвінавачанага крытычна выказаўся пра некаторыя экспертныя заключэнні ў справе сына. Паводле Сяргея, два заключэнні, зробленыя дзяржаўнымі экспертамі, перадузятыя. «Выглядае, што следства адразу схілялася да вызначэння гэтай справы не як інцыдэнту, а як забойства», — мяркуе Сяргей.

Адвакат абвінавачанага ад каментароў адмовіўся. Працэс над беларусам вядзецца на літоўскай мове, але абвінавачанаму дапамагае перакладчык літоўскай мовы на расейскую. Паводле сваякоў абвінавачанага, на мінулым тыдні з яго знялі бранзалеты сачэння і ён пачаў выходзіць на працу.

Працэс адновіцца 28 лістапада. На 8 снежня запланаваны допыт сведак.

Клас
5
Панылы сорам
9
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
19
Абуральна
8