«Чалавек, які верагодна прынёс гэтыя падарункі, прызнаўся. Ён папярэдзіў, што гранаты баявыя. Верагодна, загінулы не паверыў у гэтую інфармацыю», распавяла спікер МУС Украіны Марʼяна Рэва ў эфіры «Радыё Свабода».

Прозвішча мужчыны, які падарыў Часцякову гранаты, не называецца. У ягоным кабінеце 6 лістапада правялі ператрус.

Як паведаміла спікер МУС, факты гавораць пра тое, што калі Часцякоў трымаў гранату ў руках, ён, верагодна, не верыў, што яна баявая.

Спецпракуратура паведаміла пра пачатак расследавання па факце трагедыі. Паводле следства, 6 лістапада загінулы святкаваў свой дзень нараджэння. Ён вярнуўся дадому з падарункамі ад калег, сярод якіх была скрынка, у якой сярод іншага знаходзілася 6 гранат заходняга ўзору.

Адну з гранат узяў у рукі сын вайскоўца. Забіраючы ў дзіцяці гранату, афіцэр вырваў кальцо, адбыўся выбух.

39-гадовы маёр УСУ загінуў на месцы. Яго 13-гадовы сын шпіталізаваны з цяжкімі раненнямі, 11-гадовая дачка атрымала нязначныя цялесныя пашкоджанні.

На месцы здарэння праваахоўнікі канфіскавалі яшчэ 5 такіх гранат.

Падчас правядзення неадкладнага ператрусу ў вайскоўца, які зрабіў гэты небяспечны падарунак, былі канфіскаваныя 2 аналагічныя боепрыпасы.

Заведзеная крымінальная справа па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт 115 («Наўмыснае забойства») і ч. 1 арт. 263 КК Украіны («Незаконнае абыходжанне са зброяй, боепрыпасамі або выбуховымі рэчывамі»). 

Учора ў сваім доме пад Кіевам загінуў памочнік галоўнакамандуючага Валерыя Залужнага Генадзь Часцякоў.

Першапачаткова былі паведамленні, што трагедыя адбылася ў выніку неасцярожнага абыходжання з боепрыпасам, але потым пайшла інфармацыя, што гэта была дыверсія — гранату даслалі ў падарунках. Потым версія зноў памянялася. 

Клас
0
Панылы сорам
27
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
14
Абуральна
7