Крыніца: createculture.space / Instagram

Крыніца: createculture.space / Instagram

19 верасня ў віленскай прасторы CreateCulture Space планавалі адкрываць мастацкую выставу. Пад шыльдай «Утопіі. Італія» там мусілі быць прадстаўленыя карціны Сяргея Сялецкага, беларускага мастака і выкладчыка ЕГУ.

У анонсе выставы было сказана: «Гэта выстава — частка праекта «Утопія», над якім працавалі выкладчыкі Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ. Мастак, дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Сяргей Сялецкі па выніках вывучэння інтэлектуальнай і мастацкай гісторыі Фларэнцыі цягам некалькіх гадоў праз візуалізацыю вобразаў і адчуванняў прапануе сваю версію несупыннага, спрадвечнага жадання чалавецтва ствараць свае ўтопіі».

CreateCulture анансавала выставу ў сваім інстаграм-акаўнце, і пад пастом з’явілася некалькі незадаволеных каментароў. У прасторы пыталіся, ці нармалёва для іх ладзіць выставу чалавека з такой рэпутацыяй. І прастора адрэагавала: на наступны ж дзень пасля з’яўлення каментароў прадстаўнікі CreateCulture напісалі, што адмяняюць выставу, а пазней абвясцілі аб арганізацыі адкрытай дыскусіі з нагоды гэтай адмены. 

Пад адпаведнымі пастамі з’явілася некалькі дзясяткаў каментароў, якія праліваюць святло на тое, чаму ж была адмененая выстава. З іх можна зрабіць выснову, што Сялецкага абвінавачвалі ў харасменце, а таксама што гэтыя выпадкі разглядала камісія ЕГУ па этыцы. Пра адмену выставы станоўча выказалася і філосафка Вольга Шпарага.

З іншага боку, у каментарах прагучала і падтрымка Сялецкага, у тым ліку з боку вядомых асоб. «Якая дурная сітуацыя: закэнсэліць выдатнага мастака і выкладчыка за нейкія чуткі? Лічу гэта непрафесійным. Сяргей, я ведаю цябе, падтрымліваю ў гэтай сітуацыі. Такі сорам! Давай зробім выставу ў Варшаве», — такія словы пад публікацыяй пакінула спявачка Руся.

Музыкант і дыджэй Papa Bo накінуўся на крытыкаў:

«Паважаныя калегі, я выказваю пратэст такім метадам. Кэнсэлінг заслужанага вядомага таленавітага мастака з-за бяздоказных абвінавачанняў былых студэнтаў і студэнтак і нейкіх чутак — гэта непрафесійна.

Вы ж дэкларуеце сваімі прыярытэтамі прасоўванне высакаякаснага сучаснага беларускага мастацтва, а таксама папулярызацыю еўрапейскіх каштоўнасцяў. А як жа прэзумпцыя невінаватасці?

Ці вы лічыце, што вам трэба вось так рэагаваць на нічым не падмацаваныя абвінавачанні студэнтаў, незадаволеных манерай выкладання дзейнага (дзіўна, чаму?) дацэнта ЕГУ? Увогуле лічу гэтую адмену непрафесійным і нявартым павагі ўчынкам, а аргументацыю, дадзеную ў якасці абгрунтавання адмены выставы, нікчэмнай».

«Ён намаляваў мяне з раскудлачанымі валасамі, голую»

«Наша Ніва» звязалася з некалькімі дзяўчатамі, якія ў розны час вучыліся ў Сяргея Сялецкага. 

Алена (імя змененае) пазнаёмілася з Сяргеем Сялецкім падчас свайго навучання ў ЕГУ. Яна вучылася на праграме дызайну, а ён выкладаў некалькі профільных прадметаў. 

Іх камунікацыя адразу не склалася: «Напачатку ў мяне быў узровень ніжэйшы за сярэдні, і трэба было шмат вучыцца ды задаваць дурныя пытанні. Адносіны былі даволі напружаныя. Што тычыцца стылю камунікацыі, то Сяргей Сялецкі часта пераходзіў на асабістасці і шукаў слабыя месцы, за якія можна зачапіцца, — так было з усімі, хто з ім спрабаваў спрачацца.

У жніўні—кастрычніку 2019 года ў студэнтаў быў канфлікт з адміністрацыяй. У кастрычніку, на пачатку навучальнага года, гэта вылілася ў студэнцкія пратэсты і мітынгі пад будынкамі донараў універсітэта. Канфлікт быў звязаны з працэдурай падвышэння кошту навучання, пра якое не папярэдзілі студэнтаў, а таксама са звальненнем некаторых выкладчыкаў па незразумелых прычынах. Сялецкі ў тым канфлікце выразна займаў пазіцыю адміністрацыі».

У першыя дні навучальнага года, як расказвае дзяўчына, Сяргей Сялецкі намаляваў карыкатуры на студэнцкае прадстаўніцтва, якія ён паказаў студэнтам-дызайнерам. Алена мяркуе, што, на думку Сялецкага, карцінкі мусілі быць для іх «крыніцай натхнення».

Усе фота: архіў суразмоўцы

Усе фота: архіў суразмоўцы

Алена згадвае, што атрымлівала ад Сялецкага і персанальныя прыніжальныя каментары ў свой адрас. Таксама яна памятае і асабісты выпадак камунікацыі з Сялецкім, які падпадае пад харасмент: «Месяц да прагляду [іспыту па творчых дысцыплінах], у мяне няма ідэй. Ён такі: «Ну што, Алена, вось што ў цябе асацыюецца з тваім жыццём?» Я яму: «Што-небудзь абстрактнае, у маім стылі. Нейкія лініі, не ведаю». Ён: «Вось глядзі, давай падумаем пра атрыбуты, што адлюстроўваюць тваё жыццё, характарызуюць яго». Ну і пайшла гаварыльня, усё ў звыклым духу. 

А потым ён пачаў паказваць, як ён бачыць мой малюнак — маўляў, так, падказачка. Карацей, ён намаляваў мяне з раскудлачанымі валасамі, голую на галіне каля коткі. Побач са мной, каля стала, дзе ён гэта маляваў, стаялі і іншыя студэнты, чалавек шэсць-сем дакладна, але ніхто нічога не сказаў. Потым падыходзілі да мяне і ціхенька ўсміхаліся, ківалі галавой і казалі «п…..ц». Я гэты «малюнак» парвала і выкінула, як толькі прыйшла дахаты, фотаздымка не захавалася».

ЕГУ Алена пакінула не давучыўшыся. Пра Сялецкага згадвае, што той падарваў у ёй веру ў яе творчыя здольнасці.

«Выкладчык, які адкрыта малюе карыкатуры на студэнтаў, што маюць супрацьлеглае ягонаму меркаванне, не можа належаць да еўрапейскага акадэмічнага асяроддзя. А тое, што гэты канфлікт ужо выліваецца за межы ўніверсітэта, для мяне заканамерна».

«О, ты за Пуціна? Толькі не кажы гэта нікому»

Ганна (імя змененае) паступіла ў 2016 годзе на адну са спецыяльнасцей праграмы па дызайне ў ЕГУ. Сяргея Сялецкага яна ўпершыню пабачыла яшчэ ў Мінску — той выступаў на «Дні з ЕГУ». Расказвае, што ён падаўся ёй харызматычным чалавекам, тым больш што ён мастак, а дзяўчыне заўсёды падабалася маляваць. У выніку яна паступала ў ЕГУ часткова дзеля таго, каб навучацца ў Сялецкага.

«Калі я паступіла, гэта былі адны з нешматлікіх пар, дзе мне, праўда, было вельмі цікава. Былі прышпільныя заданні, я ў прынцыпе вельмі люблю маляваць. Гэта тыповая гісторыя, як дзяўчынка са скетчбукам прыходзіць ва ўнівер і сустракае там выкладчыка, якога яна ўспрымае як настаўніка на творчым шляху», — разважае Ганна.

У другім семестры яна моцна захварэла. Гэта было перад сесіяй, калі дзяўчына мусіла выканаць вельмі важныя заданні. Расказвае, што старалася не кідаць працы: «Тэмпература то павышалася, то зніжалася, і калі яе не было, я рабіла нейкія заданні».

Ганна напісала выкладчыкам у сацсетках з просьбай пракаментаваць яе працы, адным з іх быў Сяргей Сялецкі. Яна згадвае, што аднойчы яны з выкладчыкам ехалі з заняткаў у адным кірунку, Сялецкі жыў недалёка ад яе. Таму гэтым разам ён прапанаваў ёй сустрэцца на вуліцы — заадно і абмеркавалі б яе працы. За гэтым пайшла прапанова сустрэцца на кватэры ў Сялецкага, дзе ён маляваў свае карціны: маўляў, «прынось свае працы, мы іх паглядзім, і ты пойдзеш далей хварэць». Дзяўчына расказвае, што не адчула ніякага падвоху і пагадзілася на сустрэчу.

Але сустрэча атрымала нечаканы паварот. «Заходжу, паказваю яму свае працы, каментую і кажу, што мне зразумела, а дзе я маю пытанні. Працягваю гаварыць, а ён мяне слухае. Замаўкаю, бо дагаварыла, а ён глядзіць мне ў вочы і кажа нешта накшталт «я так не магу», — расказвае дзяўчына.

Ганна папрасіла патлумачыць, што ён мае на ўвазе. Яна нешта не так расказала пра свае працы або задала не тое пытанне?

«Ён мне кажа, што адчувае сябе закаханым падлеткам, нешта ў гэтым духу. Я пачынаю ахраняваць унутры, бо гэта нейкая сюррэалістычная гісторыя, спрабую зразумець, як гэта ўсё можа быць звязана з работамі. Сказала яму, што не надта яго разумею, а ён адказаў нешта ў стылі «я адчуваю сябе каля цябе як хлопчык, падлетак і не разумею, што адбываецца».

У адказ Ганна паспрабавала аджартавацца. Сялецкі ніяк не пракаментаваў яе работ, дзяўчына хутка іх сабрала ў папку і пайшла да дзвярэй — пашчасціла, як кажа яна, што выкладчык дазволіў ёй не здымаць абутку. «Спрабую адчыніць дзверы, ужо адчуваю паніку, і тут ён пытаецца, ці можна яму мяне абняць. Адказала: не, даруйце, мне трэба ісці, і ўвогуле я хварэю і не хачу заражаць вас». Дзяўчына згадвае, што першыя гадзіны пасля візіту да Сялецкага нават не разумела, што здарылася нешта не тое, але пры гэтым адчувала сябе на мяжы істэрыкі. 

Пасля гэтага выпадку яе камунікацыя з выкладчыкам моцна змянілася. Раней яны жартавалі паміж сабой, маглі абмеркаваць цікавыя гісторыі, але цяпер гэта знікла. «Не ведаю, як гэта здарылася, і не здымаю з сябе адказнасці, але мне стала нашмат складаней вучыцца. Было цяжка проста прыходзіць на пары і выконваць заданні, бо я ж не магу забыць пра гэтую сітуацыю, і ў выніку мяне адлічылі». 

Праз год пасля адлічэння Ганна аднавілася ў ЕГУ. «Калі я туды прыйшла, Сялецкі паводзіў сябе так, быццам мы з ім увогуле не знаёмыя. Напісала яму ў фэйсбуку: маўляў, мне трэба здаць тое і тое, а вы паводзіце сябе дужа дзіўна. Ён адказаў: «А вы хто?» Слухай, у мяне з табой ёсць перапіска, ты не мог мяне забыць, ты да мяне падкатваў!»

«Яшчэ тады я думала падаць на яго скаргу, але было дужа страшна. Ён мае ўплыў, а мяне ж адлічылі, то-бок мая рэпутацыя быццам дрэнная. Плюс я сябе ў гэтым вінаваціла, думала пра тэрмін даўніны, пра тое, хто мне паверыць і як я ўсё дакажу. Так і атрымалася, што я ўсё гэта данесла ў сабе да сёння».

Пасля аднаўлення Ганна ўсё адно пакінула ЕГУ. Да другога курса яна так і не давучылася: «У нейкі момант пасля гісторыі з ім [Сялецкім] мяне пачало вельмі моцна накрываць, проста калі я пад’язджала да ўніверсітэта. Разумела, што проста не магу там знаходзіцца спакойна. Адчувала, што мяне ігнаруюць і я не магу нармальна вучыцца, настолькі гэта ўсё цісне маральна». Ганна проста не пайшла на летнюю сесію.

Мы пагутарылі таксама з Таццянай Барысавай. У гэтай студэнткі ЕГУ Сяргей Сялецкі не выкладаў, але яна пазнаёмілася з ім падчас навучальнай паездкі ў Фларэнцыю. Вынік — скарга.

Паездка, пра якую ідзе гаворка, была ў маі 2022 года. Яшчэ на этапе яе падрыхтоўкі Таццяна, ураджэнка Санкт-Пецярбурга, сутыкнулася са знявагай сваёй нацыянальнасці ад Сялецкага: «О, ты за Пуціна? Калі ласка, толькі не кажы пра гэта нікому. І не кажы, што ты руская». У сваёй скарзе дзяўчына ўдакладняе, што на той момант не мела дачынення да Расіі ўжо сем гадоў, але выкладчык працягваў зневажаць яе на падставе нацыянальнасці цягам усяго падарожжа.

Паводле заявы, на працягу падарожжа ў адрас Таццяны з боку Сяргея Сялецкага гучалі выказванні нібыта пра яе сувязь з бяздомнымі. Яна цытуе некаторыя з іх: «Ты што, з бамжамі хочаш начаваць? Давай, начуй з бамжамі і мігрантамі». 

Такім чынам, пасля паездкі Таццяна падала скаргу ў камісію ЕГУ па этыцы (копія скаргі ёсць у Рэдакцыі). Пасля гэтага, паводле дзяўчыны, Сялецкі пачаў распускаць пра яе чуткі пра тое, што яна быццам правакуе і спакушае выкладчыкаў, і праз гэта дзяўчына напісала адкрыты ліст да акадэмічнай супольнасці ЕГУ. 

Адказу на сваю скаргу ад камісіі ёй давялося чакаць некалькі месяцаў, ды і разгляд Таццяна не лічыць справядлівым: «Сялецкаму далі час азнаёміцца з паказаннямі сведак-выкладчыкаў пра тое, што булінгу быццам не было, а мне хацелі паказаць іх толькі на самім сазвоне пасяджэння камісіі. Пасля майго пратэсту аб няроўнасці бакоў пасяджэнне перанеслі і праз тыдзень даслалі мне паказанні, разгляд аднавілі амаль праз два месяцы пасля канікул. І літаральна затыкалі на ўсіх пасяджэннях, перапынялі, і ў пратакол увогуле ход пасяджэння не занеслі — [там ёсць] адпіска ў пару сказаў пра ход пасяджэння, хаця яно ішло, напэўна, гадзіну».

Таццяна ўдакладняе, што частку зняваг з боку Сялецкага яна ўспрыняла як прыніжэнне яе праз фінансавае становішча — дзяўчына адна выхоўвае маленькага сына. Каб зарабіць грошы на паездку ў Фларэнцыю, яна некалькі тыдняў працавала дадаткова ў начную змену. Пасля гісторыі са скаргай на Сялецкага Таццяна перастала атрымліваць грант на навучанне ад адміністрацыі ЕГУ і аплачвае навучанне цалкам сама, хаця яе адзнакі, як кажа дзяўчына, не пагоршыліся.

Што кажуць знаёмыя Сялецкага?

Сяргей Сялецкі нарадзіўся ў 1962 годзе. Ён скончыў у 1981-м Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, а ў 1990-м — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (сёння гэта Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). З 1990 года Сялецкі працуе выкладчыкам. 

З намі пагутарыла дзяўчына, якая ў гэтым навучальным годзе вучылася ў Сяргея Сялецкага. У яе засталіся ўспаміны пра яго як пра прынцыповага выкладчыка. «Ён выкладаў у мяне два семестры. Хадзіла на ўсе пары, не мела нагоды іх прапускаць, і гэта былі даволі камфортныя і класныя пары, я адчувала сябе на іх спакойна. Але разам з гэтым я адчувала прынцыповае стаўленне самога выкладчыка. Ён быў даволі патрабавальны, але, мне здаецца, гэта абсалютна натуральная рэч, калі справа тычыцца адукацыі.

Ён ставіўся да свайго прадмету прынцыпова, мог даволі строга выказацца пра работы, якія, на яго погляд, не адпавядалі крытэрыям і былі няякасныя. У канцы семестра некаторыя не атрымалі залікі.

Магу ўявіць, што нехта можа яго за гэта не любіць. Але, на мой погляд, зрабіць якасную працу — гэта адказнасць самога студэнта. Шмат хто са студэнтаў яго любіць, і я магу таксама сказаць, што ён мне сапраўды падабаецца як выкладчык, я рада ў яго вучыцца».

Што датычыць абвінавачванняў у бок Сялецкага, дзяўчына лічыць іх плёткамі: «У мяне няма ідэй, адкуль растуць ногі ў гэтых чутак. Магу адштурхоўвацца толькі ад таго, што я бачыла сама. Я хадзіла на яго пары, і ў мяне гэтыя чуткі выклікаюць разгубленасць, бо я не бачыла нічога, што можа быць звязана з харасментам.

Як студэнтка, якая хадзіла на яго пары, магу выказаць са свайго боку падтрымку выкладчыку, бо сітуацыя выглядае штучна створанай».

Філосафка Вольга Шпарага працавала ў ЕГУ да 2013 года. Яна расказала нам, што была сведкай таго, як Сялецкі выказваўся пра навучэнцаў:

«У маёй памяці засталося, што Сяргей у прыватных размовах зняважліва адгукаўся пра студэнтак. І я абмяркоўвала гэтае пытанне з кіраўніцтвам яго дэпартамента, з якім цесна працавала, з Сяргеем я цесна не працавала. Напрыклад, ён прыніжаў іх разумовыя здольнасці — са смехам, у асяроддзі калег па ЕГУ. Паколькі я запомніла і звяртала на гэта ўвагу яго кіраўніцтва, гэта выходзіла за звыклыя рамкі».

Як на такія заўвагі рэагавала кіраўніцтва Сялецкага? Па словах Шпарагі, ніяк. І просіць дадаць: «Павінна была тады, 10 гадоў таму, быць больш рашучай у абароне студэнтак».

Спявачка Руся, якая выказалася ў падтрымку мастака ў гэтым канфлікце, у каментары для «НН» звяртае ўвагу на гуманітарны бок сітуацыі:

«Культура кэнсэлінгу — вельмі сур’ёзная рэч, і я лічу, што кожны выпадак трэба разбіраць прыватна, рупліва і вельмі дэтальна. У тым, што адбываецца з Сяргеем, мы бачым толькі ананімныя скаргі і заявы, і ўсё гэта расце як снежны камяк. Ёсць вялікая рызыка, што мастаку на старасці гадоў ні за што проста паламаюць жыццё і кар’еру, гэта будзе мець вялікія наступствы. Я заступілася ў каментарах за Сяргея, бо палічыла, што галерэя, не праверыўшы фактаў і паслухаўшы чуткі, прыняла рашэнне адхіліць яго выставу».

Спявачка не адмаўляе небяспекі харасменту: «Усё гэта — вельмі жорсткія і сур’ёзныя рэчы, і з імі жартаваць нельга. У маім атачэнні ахвяр Сялецкага няма, ёсць толькі дзяўчаты, якія нешта такое чулі пра яго, так што я схіляюся да высновы, што ўсё гэта — чуткі. І я мяркую, што калі такое моцнае абвінавачванне, трэба разглядаць гэта сур’ёзна, а не кідацца нейкімі думкамі і плёткамі».

Свой каментар «Нашай Ніве» даў і Papa Bo: «Ведаю, што ён вельмі патрабавальны да студэнтаў, дае вельмі крытычную ацэнку іх працы, не згладжвае вуглоў. Бачыў, як праходзілі курсы па малюнку, якія мы арганізоўвалі з Сялецкім у «Корпусе». Гэта было вельмі цікава і плённа, дало многім студэнтам курсаў штуршок у далейшым развіцці ў кірунку малюнка.

Сяргея я ведаю больш як добрага сябра і класнага партнёра, з якім мы зрабілі вялікую колькасць праектаў — ад фірмовага стылю «Корпуса» і «радыёБО», якое я рабіў, да афіш на канцэрты і фэсты. У маім асяроддзі ўсе ведаюць Сяргея Міхайлавіча як адкрытага і вясёлага чалавека, прафесіянала сваёй справы, даволі спагадлівага чалавека, які заўсёды прыходзіць на дапамогу.

Не адмаўляю, што Сяргей Міхайлавіч — востры на язык, можа рэзка выказацца, бескампрамісна раскрытыкаваць чыюсьці творчасць ці разбіць чыю-небудзь думку. Але, ведаючы гэтага чалавека, не магу сказаць, што ён здольны на харасмент. Пакрыўдзіць словамі ён можа, але, як мне здаецца, толькі тых, хто схільны крыўдзіцца на словы. У любым выпадку, гэта не нагода такімі выпадамі і цкаваннем ламаць чалавеку кар'еру і псіхіку. Такія абвінавачванні вельмі сур'ёзныя, і тым, хто распаўсюджвае такія ананімныя бяздоказныя чуткі, трэба разумець адказнасць за наступствы і за лёс чалавека, на якога гэта ўсё накіроўваецца».

Мы звярнуліся па каментар і ў сам ЕГУ. Паводле адказу прэс-службы ўніверсітэта, ЕГУ абяцае правесці ўнутраную праверку ўсіх абставін цяперашняга скандалу, а таксама разглядзець магчымасць прыняцця дадатковых мер па абароне ананімных зваротаў у камісію ўніверсітэта па этыцы. У гэтым навучальным годзе ЕГУ абяцае правесці цыкл навучальных мерапрыемстваў для ўніверсітэцкай супольнасці, каб распаўсюджваць інфармацыю пра стандарты прафесійнай этыкі і правілы паводзін у навучальным і працоўным асяроддзі.

Сам Сяргей Сялецкі адмовіўся даваць нам каментар без адваката.

Сяргей Сялецкі. Фота: ehu.lt

Сяргей Сялецкі. Фота: ehu.lt

Раней ён каментаваў сітуацыю «Еўрарадыё». Мастак лічыць, што сярод крытыкаў няма ягоных студэнтаў:

«Я іх ніколі не бачыў, я з імі ніколі не сутыкаўся, я наогул не ведаю, хто ўсе гэтыя людзі. Яны там падключаюцца аднекуль з розных краін. Гэта нешта наогул дзіўнае! (…) Ну, могуць быць незадаволеныя двоечнікі, якім я паставіў 10 двоек, але мною былі прапанаваныя крытэрыі, паводле якіх я стаўлю адзнакі, і ніводнай скаргі не было наогул».

Студэнтку Таццяну Барысаву ён назваў «пляткаркай і звадніцай».

Мастак кажа, што да яго дадому ніколі не прыходзілі студэнты. «Усё гэта булінг і цкаванне», — кажа ён.

Выстава Сяргея Сялецкага ў выніку пройдзе ў памяшканні ЕГУ.

Чытайце таксама:

Сакрэтныя выбары рэктара ў ЕГУ: што пра іх вядома

«Калі я адказны за тое, што Пятрашка цяпер робіць у эфіры, то мяне трэба пакараць». Шчырае інтэрв’ю з экс-дацэнтам журфака — пра калег і чорныя спісы

У якія ВНУ падалі дакументы 400-бальнікі

Клас
16
Панылы сорам
20
Ха-ха
9
Ого
6
Сумна
7
Абуральна
35

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?