Святлана Ціханоўская. Фота: «Наша Ніва»

Святлана Ціханоўская. Фота: «Наша Ніва»

«Роўна 32 гады таму Беларусь была абвешчана незалежнай дзяржавай. Здзейснілася мара многіх пакаленняў. Незалежнасць не звалілася нам на галаву, як многія сцвярджаюць. Гэта вынік гераізму папярэдніх пакаленняў. Рашучасці заснавальнікаў БНР. Ахвярнасці тысячаў беларусаў, якія выходзілі на вуліцы. Мужнасці нашага Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, які ўзняў нацыянальны сцяг над Мінскім гарсаветам. І народных дэпутатаў парламента, якія тады адстойвалі наша права на самавызначэнне», — зазначыла Ціханоўская.

Яна звяртае ўвагу на тое, што сёння краіна зноў апынулася на раздарожжы: ці стаць часткай «рускага свету» і растварыцца ў імперыі, ці вырвацца з яе кіпцюроў і стаць заможнай і свабоднай еўрапейскай дзяржавай. 

«Сёння мы з вамі мусім ізноў змагацца за сваю незалежнасць. Бо зараз яна пад самай вялікай пагрозай за ўсю найноўшую гісторыю. На нашай тэрыторыі знаходзяцца расійскія салдаты, іх вайсковыя базы. Найміты-злачынцы, што разбураюць украінскія гарады і забіваюць мірных грамадзянаў. Ядзерная зброя, якая ператворыць Беларусь у мішэнь на ваенных картах. У нашых музеях замест рэліквій беларускай культуры — кувалда ПВК «Вагнер». А школьнікаў вядуць не ў тэатр, каб глядзець п'есы Купалы, а паказваюць калоніі і памежныя атрады», — кажа дэмакратычны лідар Беларусі.

«Сёння самы час нагадаць адно аднаму, што такое сапраўдная незалежнасць.

Гэта не ілжэстабільнасць, пра якую кажа Лукашэнка. Не гандаль суверэнітэтам за крэдыты Крамля. А самастойная і эфектыўная эканоміка і годная аплата працы. Магчымасць весці свой бізнэс без перашкодаў з боку дзяржавы. 

Незалежнасць — гэта не ідэалагічныя сходы і ваенныя парады за народныя грошы, а сучасная інфраструктура, якасная медыцына для ўсіх грамадзянаў, а не толькі для дзяржаўнай эліты. Адукацыя без ідэалагічнага прымусу.

І, вядома, незалежнасць — гэта не быць у чыёйсці сферы ўплыву, а магчымасць самастойна абіраць партнёраў і шлях развіцця краіны. Будаваць добрыя адносіны з суседзямі. Шанаваць уласную гісторыю, мову, культуру. І перадаваць нацыянальныя каштоўнасці з пакалення ў пакаленне. 

Менавіта за такую будучыню мы выходзілі ў 2020-м на вуліцы. За такую будучыню сёння пакутуюць палітычныя вязні ў лукашэнкаўскіх турмах. Пра такую Беларусь мараць і тыя, хто вымушана пакінуў Радзіму, але хочуць найхутчэй вярнуцца дадому», — падкрэслівае Святлана Ціханоўская.

Яна зазначае, што беларусы паказвалі, што здольныя бараніць свабоду: мірна — пратэстамі і забастоўкамі; і на франтах — са зброяй у руках. Гэта пацвярджае гісторыя і сучаснасць.

«І я ўпэўненая, што ў нас хопіць і сілаў, і вытрымкі, і розуму перамагчы і цяпер — у імя будучыні нашых дзяцей, у імя незалежнасці і росквіту нашай Бацькаўшчыны. Жыве Беларусь!» — сказала на заканчэнне Ціханоўская.

Чытайце таксама:

32 гады таму Беларусь стала незалежнай

Клас
10
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1