Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Мала хто чакаў, што на марафоне «Нам не ўсё адно!» удасца сабраць больш за паўмільёна еўра. Тым прыемней усведамляць, што гэта не нейкія мары, а самая што ні на ёсць рэальнасць.

Марафон паказаў, што лукашыстам не ўдалося тое, на чым яны канцэнтравалі свае намаганні апошні год — спробы рассварыць між сабою асяродкі апазіцыі і падарваць давер да яе базавых структур,

такіх, як Аб’яднаны пераходны кабінет, Офіс Ціханоўскай і дабрачынныя фонды «Байсол» і «Байхэлп», хоць на гэта былі скіраваныя намаганні прапаганды, дзейнасць агентуры і маніпуляваных ёю «карысных ідыётаў». Не спрацавала.

Для правядзення марафону аб’ядналіся дзясяткі арганізацый, вядомых публічных асоб і СМІ.

Вынік: 9 мільёнаў беларусаў сабралі ў паўтара разу больш, чым 150 мільёнаў расіян на аналагічным марафоне месяц таму. Гэта пры тым, што ў Расіі няма (пакуль) ні такой глыбіні рэпрэсій, ні такой колькасці рэпрэсаваных, ні такіх пакаранняў за данаты, як у Беларусі.

І гэта пры тым, што мала хто знутры краіны меў магчымасць данаціць на марафоне. Сабранае — плён мабілізацыі беларускай дыяспары.

Калі не такія і шматлікія беларусы замежжа здольныя на такое, то які патэнцыял тоіць беларуская нацыя ў цэлым, як толькі яна атрымае гістарычны шанец?

Лукашэнкаўцы апошнія два гады выціскалі з краіны палітычных праціўнікаў і проста няўгодных людзей. Як сфармулявала ў 2021-м газета лукашэнкаўскай адміністрацыі: «Хай выбіраюць: або ў турму, або за мяжу». 

Чым больш людзей арыштоўвалі, тым больш іншых людзей выбіралі за лепшае пакінуць краіну. Хваля эміграцыі за два гады склала каля 150—200 тысяч чалавек.

Гэта ўжо прывяло да значных эканамічных наступстваў, у тым ліку дэфіцыту працоўных рук у Беларусі. Але, як паказаў марафон, гэта таксама ўмацавала «загранічнае апірышча» беларускай апазіцыі і беларускай нацыі.

Упершыню ў гісторыі беларуская дыяспара стала ўяўляць сабою арганізаваную сілу — і інструменты інтэрнэту, і наяўнасць сучасных СМІ, і наяўнасць адзінага лідара, Святланы Ціханоўскай, гэтаму спрыяе.

Лукашэнкаўцы меркавалі, што, выціснуўшы з краіны актыўнае ядро, яны гарантуюць, што народны ўздым 2020 года не паўторыцца. Але арышт тысяч правакаваў ад’езд дзясяткаў тысяч, і кожны наступны рэпрэсіўны крок, кожны наступны выпад беснаватых прапагандыстаў прыводзіць да новых ад’ездаў. Усе не выедуць: у 2020-м супраць Лукашэнкі галасавала каля дзвюх трацін выбарцаў, а на вуліцы выходзілі сотні тысяч людзей.

Але тыя, што выехалі, таксама ўяўляюць сабой сілу, і ніяк не падкантрольную лукашыстам. І чым больш людзей выціскаюць, тым мацнейшае робіцца «заплечча».

У кароткатэрміновай перспектыве рэжым, трэба думаць, адкажа на марафон нейкай новай подласцю ў адносінах да закладнікаў, якіх ён трымае. Аднак марафон паказаў, што кожная подласць выклікае мабілізацыю ў адказ. Грамадства ўмее аднаўляць сілы і гатовае да доўгай гонкі.

Што да нашых базавых праблем, то іх, вядома, гэтыя паўмільёна не вырашаць.

Грошы хіба толькі трохі дапамогуць сем’ям палітзняволеных і ім самім пасля вызвалення, але яны не могуць адчыніць брамы турмаў. Апошняе можа адбыцца толькі ў выніку палітычных перамен.

Тым не менш вынік марафону натхняе на новыя дзеянні, дзеянні, дзеянні. Так, пісьменніца Святлана Курс ужо прапанавала правесці яшчэ адзін ютуб-марафон — для беларускіх ваяроў і для сямей тых добраахвотнікаў, хто загінуў. На яе думку, гэты збор варта прымеркаваць да 8 верасня — Дня беларускай вайсковай славы. Станецца гэта ці не — пакажа час. Але ўпэўненасці, што нешта мы такі гуртам можам, і можам нямала, ізноў паболела. І гэта галоўны вынік.

Чытайце таксама:

Вольга Гарбунова патлумачыла, што далей з грашыма з марафону

«Беларусы, я намі ганаруся!» Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў па выніках марафону «Нам не ўсё адно!»

«Грантасосы купаюцца ва ўзаемным крывадушшы». Цапкала апляваў марафон салідарнасці

Клас
180
Панылы сорам
13
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
6
Абуральна
6