Фота: Soren Hald / Getty Images

Фота: Soren Hald / Getty Images

Па словах прадстаўніцы Міністэрства экалогіі і ўстойлівага развіцця Францыі Беранжэ Куяр, кожны год на звалках краіны апынаюцца 700 тысяч тон адзення і абутку, як піша Бі-бі-сі.

Каб пакончыць з гэтай марнатраўнай і шкоднай для навакольнага асяроддзя практыкай, а заадно падтрымаць сектар рамонту абутку і адзення і стварыць новыя працоўныя месцы, улады распрацавалі спецыяльную праграму заахвочванняў агульным коштам 154 млн еўра, разлічаную на пяць гадоў.

Майстэрні, якія далучыліся да гэтай праграмы па рамонце абутку і адзення, змогуць прапаноўваць кліентам зніжкі, напрыклад, 7 еўра за новы абцас або 10-25 еўра за новую падшэўку для спадніцы ці пінжака.

Па словах Куяр, урад мае намер такім чынам змагацца з празмернасцямі індустрыі «хуткай моды», у якой рэчы часта надзяваюць лічаную колькасць разоў, і заахвочваць прыхільнікаў «сціплай моды», гатовых рамантаваць і латаць сваё адзенне і абутак.

Як заяўляе група Refashion, якой было даручана распрацаваць новую заахвочвальную схему, толькі ў мінулым годзе ў Францыі ў раздробны продаж паступіла 3,3 млрд прадметаў адзення, абутку і розных тканін для дома, што шматкроць перавышае рэальныя патрэбы насельніцтва.

Бізнэс устрывожыўся

Далёка не ўсе ў Францыі перакананыя ў мэтазгоднасці і карысці новай ініцыятывы «адрамантуй-зацыруй».

Прэзентацыя моднай калекцыі Valentino Haute Couture восень / зіма 2023-2024, прэзентаванай у Шанційі, на поўнач ад Парыжа, у сераду, 5 ліпеня 2023 года. Фота AP / Крыстоф Эна 

Прэзентацыя моднай калекцыі Valentino Haute Couture восень / зіма 2023-2024, прэзентаванай у Шанційі, на поўнач ад Парыжа, у сераду, 5 ліпеня 2023 года. Фота AP / Крыстоф Эна 

Бізнэс асцерагаецца, што гэта можа негатыўна адбіцца на гэтак важнай галіне лёгкай прамысловасці краіны, а прадстаўнік французскіх правых Эрык Пажэ нагадвае пра ўрадавы доўг у 3 трыльёны еўра і прапануе не выкідваць на вецер і без таго невялікія грамадскія сродкі.

Паскаль Маран з Федэрацыі высокай моды, прэт-а-партэ, куцюр'е і творцаў моды заклапочаны тым, як новая ініцыятыва ўладаў можа адбіцца на люксавых брэндах, якімі так знакамітая Францыя.

«Шаўковая арганза (тонкая празрыстая тканіна) не павінна лічыцца менш даўгавечнай, чым арганза з паліэстэру, зыходзячы з адной толькі фізічнай трываласці», — паскардзіўся ён у інтэрв'ю газеце Le Monde.

Яшчэ і маркіроўка…

Яшчэ адным новаўвядзеннем французскіх уладаў у барацьбе за даўгавечнасць прадметаў адзення і абутку стануць новыя правілы маркіроўкі, якія ўводзяцца з пачатку 2024 года і павінны ўключаць апісанне ўздзеяння на навакольнае асяроддзе пры вытворчасці кожнай канкрэтнай рэчы.

Вытворцам прыйдзецца згадваць, колькі вады і хімікатаў было выдаткавана пры вырабе той ці іншай рэчы, ці ўтрымлівае яна мікрапластык, які можа пратачыцца ў навакольнае асяроддзе, і ці быў у працэсе вытворчасці выкарыстаны перапрацаваны тэкстыль.

Індустрыя моды ў Францыі, у якой занятыя многія тысячы працоўных рук, лічыцца адным з найбуйнейшых сектараў эканомікі, абарот якога ў мінулым годзе склаў каля 66 млрд еўра.

Краіна займае чацвёртае месца ў Еўропе па экспарце прадметаў высокай моды, але самі французы ў 2020 годзе трацілі на адзенне ў сярэднім 430 еўра ў год — менш, чым у сярэднім па Еўропе.

Клас
12
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
2