5 верасня ў гарналыжным цэнтры «Сілічы» каля Лагойска прайшоў фестываль «Рок за Баброў». Хэдлайнерам выступіў украінскі гурт «Акіян Эльзы». Перад выступленнем фронтмэн калектыва Святаслаў Вакарчук зладзіў для журналістаў прэс-канферэнцыю. Музыка выказаўся…

...пра ўкраінскую мову

– Я спяваю на ўкраінскай, бо гэта мая родная мова. Пытанне ў тым, наколькі пэўная мова з’яўляецца натуральнай для цябе.

Пра свае дыскі

З прэзентацыяй сольнага дыска «Уначы» Вакарчук паабяцаў прыехаць у Беларусь увосень. Пра падрабязнасці пакуль не распавядае, бо сам нічога дакладна не ведае. Канцэрты, магчыма, пройдуць не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах.

Расказаў музыка і пра новы альбом «Акіяна Эльзы», над якім ідзе праца.

– На ім будзе больш на адну ці на дзве песні, чым звычайна. Мы засумавалі па студыі. Сядзім цяпер у ёй тры месяцы. І ніяк не можам выйсці. Але працэс ідзе. Гэта будзе падобна да таго, калі мы гралі «Я на небе быў» і «Мадэль». Там не будзе складаных аранжыровак. Мы захацелі зрабіць rock-n-rollны альбом. Мне гэта нагадвае «Акіян Эльзы», які быў восем гадоў назад.

Пра «Еўрабачанне»

– «Еўрабачанне» – гэта цудоўная магчымасць для людзей, якія вывучаюць палітычную карту Еўропы, убачыць хто ёсць хто, хто з кім сябруе, хто каго падтрымлівае. Ці ёсць іншыя моманты, якія каго-небудзь цікавяць, я не ўпэўнены. У краінах Усходняй Еўропы, паколькі нічога іншага няма, гэта пуцёўка ў жыццё. Калі ты хочаш, каб цябе ведалі, то гэта добры спосаб. Калі ты хочаш, каб тваю музыку слухалі, «Еўрабачанне» да гэтага не мае ніякага дачынення.

Пра прэзідэнцкія выбары

Падчас «памаранчавай рэвалюцыі» ва Украіне Святаслаў Вакарчук публічна падтрымаў кандыдатуру Віктара Юшчанкі. Сёлета ва Украіне чарговыя прэзідэнцкія выбары. У лідэра «Акіяна Эльзы» пацікаваліся, каго з кандыдатаў ён падтрымае на гэты раз.

– Рана ці позна кожны чалавек, якому важны лёс яго краіны, павінен зрабіць пэўны выбар. Але ці павінен гэты выбар быць публічным альбо прыватным? Я думаю, што сітуацыя ў кожным канкрэтным выпадку будзе падказваць нам гэта. Я не збіраюся прапагандаваць штосьці, што будзе ненатуральна для мяне, што будзе сыходзіць не ад майго сэрца. І не збіраюся падладжвацца пад выбары. Гэта мая пазіцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?