Пісар запісваў прамовы падследных, афармляючы іх згодна з прынятымі афіцыйнымі правіламі, якія ў вялікай ступені дыктаваліся нормамі царкоўнаславянскай мовы. Напрыклад, ён піша «гето», «потреба», хаця прамаўлялася яўна «гэта» і «патрэба». Але лексіку пісар захоўваў у арыгінале. І зірніце: гэта чысцюткая беларуская гутарковая мова, якая дайшла да нас праз стагоддзі! На фота — фрагмент старонкі з актавай кнігі Магілёва канца XVI стагоддзя, са збораў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі  

У 1612 годзе з магілёўскай Васкрасенскай царквы прапалі срэбныя рэчы і Евангелле ў срэбным акладзе. Пералік скрадзенага быў абвешчаны грамадскасці на рынку.

А неўзабаве ў магілёўскага гандляра Дзяміда Арцюховіча знайшлі зліткі срэбра. Аказалася, зладзеі пераплавілі скрадзенае, каб схаваць сляды.

На допыце Дзямід прызнаўся, як да яго трапілі скрадзеныя рэчы: ён зайшоў на чужы падворак справіць патрэбу і пачуў, як нешта «брышчыць» — гэта дзяк Васкрасенскай царквы Мацвей перакладаў каштоўнасці…

За ізбою Лабка

«Калі шоў у нядзелю прошлую з Дзебры, з гуляння, прад абедняю, і, маючы натуральную патрэбу, зашоў у дому Ігната Лабка, хоцячы патрэбу сваю адправіці за ізбою таго Лабка, там жа знашоў таго Матфея за ізбою. І знашодшы яго за ізбою, пытаў яго, што бы там чыніў».

Мацвей вымушаны быў аддаць срэбра Дзяміду з умовай, што той нічога не раскажа парафіянам («змілуйся дзей, не кажы на мяне, вазьмі дзей сабе тое срэбра ўсё. І дараваў мне тое срэбра»).

Дзебра — рачулка ў Магілёве, якая цячэ ўздоўж цяперашняй вуліцы Катоўскага. У XVII стагоддзі берагі Дзебры былі месцам народных гулянняў. Вакол Дзебры і сёння яшчэ засталося трохі «дзебраў», дзе добра гуляецца

«…таму рука па локаць адпадзе»

Даўней самі цэрквы рэдка куплялі сабе кнігі — як правіла, іх ахвяравалі прыхаджане. Гэта называлася «кніжны ўклад». Уклад падпісвалі: хто, калі, у якую царкву, пры якім святару… Укладчык прасіў маліцца за выратаванне яго душы і ўспамінаць імя ў малітвах. А каб ніхто не перашкодзіў памінанню, у канцы ўкладнога запісу звычайна змяшчалі праклён. Кшталту «Хто сію кнігу ўкрадзе, таму рука па локаць адпадзе». Або «Хто бы хацеў і важыўся прыўлашчыць сабе гэту кнігу яўна або тайна» — і далей па-царкоўнаславянску: «да бүдет проклят в сем свете и в бүдүщем», то-бок і пры жыцці, і пасля смерці. Гэта, дарэчы, фрагмент запісу ў магілёўскім Апостале 1638 года выдання, укладзенага ў полацкі Богаяўленскі манастыр (асобнік захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы).

Нам здаецца, што раней людзі былі куды больш богабаязныя. Але і тады многія не звярталі ўвагі на праклёны, на Божую кару і смела кралі святыя кнігі, каб потым іх прадаць. 

Васкрасенскую царкву, з якой скралі Евангелле, можна ўбачыць на гэтай фрэсцы XVIII стагоддзя з магілёўскага кармеліцкага касцёла. Драўляны храм знаходзіцца злева ад маршалка з прывілеем. На гэтым месцы цяпер скрыжаванне Камсамольскай і Першамайскай вуліц

«Аблупіўшы Евангелію»

Следству дзяк расказаў, што скраў срэбра ў ноч з пятніцы на суботу. Маючы ключы ад царквы, ён інсцэніраваў уварванне, залезшы ў царкву праз акно.

Абвінавачаны прызнаўся ва ўсім, акрамя крадзяжу кнігі: «аблупіўшы Евангелію, серабро з сабою ўзяў, а тую кнігу на стале ў прытворы палажыў».

«А тое серабро ўсё, завінуўшы [= загарнуўшы, закруціўшы] ў анучы, на вуліцы пад бярвёны палажыў, каторае серабро там дневала [= праляжала дзень]. Патом у нядзелю перад абедняю, тое серабро адтуль выняўшы, панёс есмі быў да гасподы [= жытла, месца пражывання, там, дзе ён гаспадар] свае, у дом Ігната Лабка, хаваці; а кгды есмі зашоў за ізбу яго і пачаў тое серабро хаваць, на тот час знашоў мяне тот Дзямід Арцюховіч і пытаў мяне, што я тут чыню і што дзей у цябе брышчыць [= брынчыць, бразгае]. Знаю дзей я, што ў цябе есць, гэта дзей ты серабро царкоўнае крыеш!»

«Дзей» («дей») на старабеларускай мове азначала «маўляў». Гэта слова вельмі часта сустракаецца ў старажытных актах пры перадачы чужой мовы. Відаць, яно было часта ўжываным. Паходзіць ад старажытнага слова «дѣеть» — «кажа» (параўнайце з рускім «дескать»).

Магілёў. Ваколіцы Дзебры

Магілёў. Ваколіцы Дзебры

Дзяміда і Мацвея арыштавалі, абодвух прыгаварылі да смяротнага пакарання. Перад пакараннем, ужо паспавядаўшыся і прыняўшы прычасце, дзяк спрабаваў забіць сябе — «нажом се скалоў». Выявілася, што нож прынёс магілёвец Грышка Вайцяховіч, «каторы сенам таргуе і за прудом мяшкае». Грышка некалькі разоў прыходзіў да дзяка ў турму, прызнаўся зняволены: «Он мне па калькукроць мовіў, што ж дзей, будзе табе за тваё дзела, ліха будзе — і нож мне даў». 

«Кгды» па-старабеларуску азначала «калі», гэта паланізм (gdy). Спалучэннем кг нашы продкі пазначалі выбухное г (такое, як у польскай ці рускай мовах, у адрозненне ад фрыкатыўнага г — такога як у беларускай і ўкраінскай мовах). У той час як звычайнае для беларускай мовы глухое г так і пісалася.
«Пруд» па-старабеларуску — гэта вадзяны млын. Іх ставілі на запрудах.

Скрадзены срэбны аклад Евангелля мог выглядаць так, як гэты, з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі. Па кутках выявы чатырох евангелістаў, у цэнтры — сцэна ўваскрашэння Хрыста. А звярніце ўвагу на зашпілкі: майстар зрабіў іх у выглядзе апосталаў Пятра і Паўла

«Еслі з маскоўскае», то не так страшна

У дадзенай справе суд доўга меркаваў над пакараннем: віну злодзея і прадаўца не лічылі раўназначнай — царкву абрабаваў толькі адзін з іх.

Віну гандляра спярша лічылі недаказанай: ён «хаця ведаў, жэ тое срэбра царкоўнае, але не ведаў, с каторае цэркві. Еслі з маскоўскае або адкуль інуль, чаго дзей цяпер з Масквы намножылася многі (!), і для таго людзям не аб’яўляў». То-бок калі срэбра з Расіі, трафейнае, то віна меншая. А трэба сказаць, што ў 1609—1611 гадах падчас інтэрвенцыі нашы продкі сапраўды вывезлі з Расіі парадкам каштоўнасцей і кніг.

Евангелле канца XVI стагоддзя з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, аклад якога прапаў. Можа, таксама скралі. Застаўся толькі пашарпаны зялёны аксаміт. Пра мінулае хараство нагадвае чаканны пазалочаны абрэз. У месцах, дзе аксаміт працёрся, можна ўбачыць, як праступае дошка. Раней усе кнігі мелі драўляныя вокладкі (адсюль паходзіць выраз «прачытаць кнігу ад дошкі да дошкі»). Дошкі-вокладкі абцягвалі скурай, радзей тканінай. Бывала, прыхаджане хацелі выказаць асаблівую пашану Евангеллю, якое ляжала на прастоле ў іх царкве. Тады яны складаліся і замаўлялі кнізе срэбны аклад, аздоблены эмаллю ці камянямі. Да нашага часу такіх акладаў дайшлі адзінкі

Аднак дзяк не пакінуў Дзяміду Арцюховічу магчымасці апраўдацца. Ён запэўніў суд, што «пэўне паведзіў таму Дзяміду, іж то срэбра с цэркві Васкрасенскае». У выніку дзяк быў пакараны смерцю праз спаленне, а лёс гандляра даследчыкам невядомы: аркуш з дакументам абарваны.

Нашто дзяку раптам спатрэбілася тое срэбра, што такое ён хацеў за яго набыць? Па-другое, куды ж дзелася Евангелле, святая кніга, якую Мацвей, паводле яго прызнання, пакінуў на стале ў прытворы? Хто яе ўзяў і так не прызнаўся?.. На гэтыя пытанні адказаў так і няма. 

Дакумент апублікаваны на с. 320—325 у зборніку 1877 года «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в центральном архиве в Витебске и изданные под редакцией архивариуса сего архива Созонова. Выпуск 8: Приходо-расходные книги г. Могилева за 1691 г.; Акты, извлеченные из книг Могилевского магистрата за 1591—1634 гг.».

label.reaction.like
52
label.reaction.facepalm
1
label.reaction.smile
2
label.reaction.omg
5
label.reaction.sad
4
label.reaction.anger
3