Фота Depositphotos.com
Новая Зеландыя абвясціла пра шэраг прапаноў, скіраваных на забарону курэння наступнаму пакаленню. Краіна імкнецца стаць свабоднай ад курэння да 2025 года, паведамляе The Guardian.
У планы ўваходзіць паступовае павышэнне ўзросту, з якога можна набываць цыгарэты, а таксама забарона продажу вырабаў з тытуню ўсім, хто нарадзіўся пасля 2004 года, што фактычна зробіць курэнне незаконным для гэтага пакалення.
Таксама разглядаецца значнае зніжэнне ўзроўню нікатыну ў цыгарэтах, абмежаванне месцаў, дзе можна прадаваць тытунь, павышэнне мінімальных цэн на цыгарэты і забарона небіяраскладальных фільтраў.
Тытунь штогод забівае каля 4,5 тысяч жыхароў Новай Зеландыі. Таму прапановы ўрада былі ўхваленыя многімі арганізацыямі аховы здароўя.
Аднак у той жа час ініцыятыву аздараўлення нацыі падтрымалі не ўсе. Некаторыя турбуюцца, што такія меры будуць мець непрадбачаныя наступствы для многіх уладальнікаў бізнэсу, а таксама ёсць вялікая верагоднасць пашырэння «чорнага» рынку цыгарэт.
Да таго ж, правая партыя ACT заявіла, што зніжэнне ўзроўню нікатыну ў цыгарэтах можа прывесці да таго, што людзі будуць курыць яшчэ больш, каб атрымаць неабходную дозу. А гэта значыць, што людзям прыйдзецца выдаткоўваць яшчэ больш грошай на цыгарэты.