Расія прадоўжыць аказваць Беларусі фінансавую, у тым ліку крэдытную, падтрымку,

заявіў прэм'ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы 28 мая ў Мінску.

Ён зазначыў, што прамая фінансавая падтрымка «нашым беларускім сябрам» ужо аказваецца, і нагадаў, што ў канцы 2007 года Расія выдзеліла Беларусі крэдыт у памеры 1,5 млрд. даляраў ЗША, у канцы 2008 года — яшчэ 1 млрд. даляраў, у пачатку гэтага года — 500 млн. даляраў.

«Мы разглядаем магчымасць і далей прадоўжыць гэтую працу ў такім жа рэчышчы і такім жа рэжыме. Вядома, будзем з нашымі партнёрамі раіцца, узважваць становішча, але ў цэлым гэтае супрацоўніцтва ў грашова-крэдытнай сферы будзе прадоўжана.
Будуць таксама прадоўжаныя кансультацыі паміж Цэнтральным банкам Расіі і Нацбанкам Беларусі», — сказаў У.Пуцін.

Ён таксама пракаментаваў заяву віцэ-прэм'ера — міністра фінансаў Расіі Аляксея Кудрына, які заявіў у Мінску аб магчымай неплацежаздольнасці Беларусі па крэдытах ужо да канца гэтага года. Паводле меркавання У.Пуціна, нейкія крайнія адзнакі недарэчныя. У сувязі з гэтым ён працытаваў выказванне вядомага амерыканскага пісьменніка Марка Твена: «Чуткі пра маю смерць вельмі перабольшаныя».

Паводле слоў кіраўніка расійскага ўрада, А.Кудрын меў на ўвазе той факт, што за апошнія пяць-шэсць месяцаў Беларусь атрымала значны аб'ём крэдытаў — больш за 3 млрд. даляраў ЗША.
«І ён звярнуў нашу ўвагу падчас абмеркаванняў на тое, што мы павінны больш надаць увагі развіццю рэальнага сектара эканомікі, каб наша фінансавае суправаджэнне адказвала рэаліям сённяшняга дня з улікам крызісных з'яў у сусветных фінансах і сусветнай эканоміцы», — растлумачыў У.Пуцін.

«Наш міністр фінансаў — чалавек ліберальных поглядаў. Ён проста ўсім нам кажа яшчэ раз, што грашова-крэдытная палітыка павінна ўзгадняцца з карэктывамі, якія мы ўсе павінны ўносіць у нашу эканамічную палітыку, асабліва ва ўмовах крызісу», — заявіў У.Пуцін.

У цэлым, паводле яго слоў, Расія заўсёды дапаможа Беларусі. «Што б ні адбывалася ў сусветнай эканоміцы, калі спатрэбіцца Беларусі плячо, Расія заўсёды гэта зробіць», — сказаў У.Пуцін.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?