sb.by

sb.by

Працу над некаторымі дарожнымі картамі Беларусі і Расіі па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве прапанавалі актывізаваць, паведаміў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота ў інтэрв’ю праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1», піша «Звязда».

«Пасля таго як дарожныя карты былі падрыхтаваныя, утварылася нейкая паўза ў сілу розных абставінаў. Цяпер па некаторых дарожных картах (паколькі рашэнне не прынята, я іх не называю) прапанавалі актывізаваць дзейнасць. У гэтым месяцы будзе пасяджэнне групы высокага ўзроўню, і, магчыма, яна надасць дадатковы імпульс рабоце над гэтымі дарожнымі картамі», — сказаў Рыгор Рапота.

На яго думку, усе дарожныя карты накіраваны на паляпшэнне ўмоў для расіян і беларусаў у розных галінах — медыцынскім забеспячэнні, страхаванні, падаткаабкладанні.

Гаворачы аб кампенсацыі Беларусі ў сувязі з падатковым манеўрам у нафтавай галіне РФ, Рыгор Рапота адзначыў, што гэтае пытанне абмяркоўваецца на міжведамасным, міжурадавым узроўні.

«На пляцоўку Саюзнай дзяржавы пакуль гэтае пытанне не вынесена. Але, мабыць, будзе вынесена, паколькі ўжо цяпер прапанавана разгледзець пытанне аб гарманізацыі падатковага заканадаўства. Гэта адзін са складнікаў дадзенага пытання, бо падатковы манеўр — гэта перш за ўсё падатковае заканадаўства ў прывязцы да нейкіх пытаннях энергазабеспячэння Рэспублікі Беларусь і цэнавых параметрах на энерганосьбіты», — растлумачыў дзяржсакратар СД.

Ён лічыць, што рух у пытанні падатковага манеўру ёсць. «Наколькі ён будзе хуткім і дасць вынікі, мне зараз сказаць цяжка. Але рух пачаўся, і, мне здаецца, дасягнута нейкае паразуменне, як рухацца далей. Вырашаць гэтую праблему ў любым разе давядзецца, гэта разуменне ёсць і прымушае абодва бакі працаваць», — рэзюмаваў Рыгор Рапота.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0