31 жніўня лідэра беларускіх каталікоў мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча не пусьцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся з Польшчы, нягледзячы на тое, што ён зьяўляецца грамадзянінам Беларусі, піша «Свабода».

За некалькі дзён да гэтага, 27 жніўня, Кандрусевіч выказаў пратэст у сувязі з тым, што ўзброеныя байцы АМАПу блякавалі Чырвоны касьцёл у Менску, калі там знаходзіліся пратэстоўцы: ён назваў дзеяньні сілавікоў «неадэкватнымі і супрацьпраўнымі» і запатрабаваў, каб інцыдэнт быў расьсьледаваны, а вінаватыя — пакараныя паводле закону.

КДБ Беларусі дагэтуль не пракамэнтаваў інцыдэнт, а Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Кандрусевіч нібыта «выехаў для кансультацый у Варшаву» і «атрымаў пэўныя задачы». «А калі ты яшчэ і ў палітыку ўлез і пацягнуў за сабой вернікаў, каталікоў, якія цудоўныя людзі, тады двайная адказнасьць».

Што адбылося на мяжы, ці сапраўды Кандрусевіч атрымаў у Польшчы «інструкцыі» і што кіраўніцтва беларускай каталіцкай царквы зьбіраецца рабіць далей? Тадэвуш Кандрусевіч адказаў на гэтае і іншыя пытаньні тэлеканалу «Настоящее время».

— Што наогул адбылося на мяжы і як вам гэта патлумачылі, калі, вядома, патлумачылі?

— На мінулым тыдні я быў у Польшчы. Мэтай майго візыту было набажэнства, якое каталікі даўно прасілі мяне правесьці, урачыстасьці, а таксама першае прычасьце сына маёй пляменьніцы. Гэтае прычасьце ўжо пераносілася з траўня праз пандэмію, і вось мы дамовіліся, што яно пройдзе на тым тыдні.

Я вяртаўся дадому, і на памежным пераходзе Брузгі-Кузьніца на беларускім баку нам сказалі адагнаць машыну ў бок, таму што ёсьць нейкія пытаньні з дакумэнтамі.

Потым прыйшоў ці то начальнік зьмены, ці то начальнік наогул гэтага прапускнога пункту і сказаў, што, на жаль, я не магу ўехаць у Беларусь. Мы былі ўтрох, два маіх спадарожнікі могуць ехаць, але я — не магу. Я спытаў: «Чаму?» Адказ быў: «Без камэнтароў». На пытаньне, куды я магу зьвяртацца з гэтым пытаньнем, ён адказаў: «Ну вось тут дадзеныя каардынаты Рэспубліканскага памежнага камітэту». Я туды зьвярнуўся электронным чынам, але пакуль ніякага адказу не атрымаў. Гэта значыць, сытуацыя незразумелая.

— Лукашэнка заявіў, што вы нібыта «выехалі для кансультацый у Варшаву» і там нібыта «атрымалі пэўныя задачы»…

(Сьмяецца.) Я нават у Варшаве ня быў. Я быў побач зь Беластокам, а потым езьдзіў на прычасьце ў бок Варшавы, але ня ў сам горад. Не разумею, якія інструкцыі патрэбныя, мне інструкцыі можа даваць Папа Рымскі або папскі нунцый. Але нехта, тым больш зь іншай дзяржавы? Царква аддзеленая ад дзяржавы!

Мы служым, вядома, дзяржаве, я служу Беларусі. Ва ўсіх сваіх закліках я зьвяртаўся да людзей, каб не было гвалту, не было помсты, каб было прабачэньне. Гэта проста абсурд нейкі, мне незразумела, адкуль гэта ўсё ідзе.

— Лукашэнка таксама кажа, што ў вас нібыта ёсьць падвойнае грамадзянства, можаце гэта растлумачыць?

— Як я магу гэта растлумачыць? У мяне ёсьць беларускі пашпарт, я яго паказаў.

— Вы асабіста засмучаны гэтай сытуацыяй?

— Вядома, засмучаны. Таму што я павінен выконваць свае абавязкі як пастыр у Беларусі, а я зараз не магу іх выконваць. Зразумела, што я магу напісаць нейкае пасланьне, паслаць яго па электроннай пошце. Але гэта зусім ня тое самае, што асабіста быць на месцы.

Акрамя таго, у мяне ўжо на наступную нядзелю прызначаныя два вялікія набажэнствы, я ня ведаю, ці вырашыцца пытаньне з маім уездам да гэтага часу. Вядома ж, гэта ўсё хвалюе людзей. Таму што абвешчана, што біскуп будзе, а раптам біскупа няма, пачынаюцца ўсялякія меркаваньні. Гэта ня служыць кансалідацыі нашага грамадзтва, асабліва ў наш час, калі трэба прыкладаць максымум намаганьняў для таго, каб прыйсьці да спакойнага вырашэньня ўсіх праблем, зь якімі наша грамадзтва сутыкнулася.

— Ватыкан ведае пра сытуацыю, якая склалася?

— Я інфармаваў нунцыя, а далей я ня ведаю, каму ён паведаміў.

— Вы разьлічваеце на падтрымку Ватыкана ў гэтым пытаньні?

— Там свая дыпляматыя, яны неяк вырашаюць. Маральная падтрымка заўсёды ёсьць, але мне цяжка нешта сказаць. Праблема яшчэ ў тым, што ў нас, па сутнасьці, няма нунцыя: новы яшчэ не прыехаў.

— Хацеў вас яшчэ спытаць пра падзеі ў Чырвоным касьцёле, што цяпер вакол яго адбываецца?

— Праблемы пачаліся значна раней, касьцёл Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены ня быў перададзены каталіцкай грамадзе, ён знаходзіўся ва ўласнасьці дзяржавы, а канкрэтна Менскага гарвыканкаму. І Менскі гарвыканкам перадаў касьцёл «Менскай спадчыне» (арганізацыі, якая займалася рэканструкцыяй касьцёлу). Гэта было, наколькі я памятаю, у 2013 годзе. І раптам нечакана арганізацыя запатрабавала плаціць кожны месяц за амартызацыю будынку каля $ 6 тысяч. Што для нас, вядома, непад’ёмная сума, і незразумела, чаму мы павінны яе плаціць.

Будынак касьцёлу быў пабудаваны каталікамі і канфіскаваны ў царквы. І быў адрэстаўраваны пасьля таго, як мы атрымалі магчымасьць у ім маліцца. Вядома, трэба падзякаваць дзяржаве за тое, што яна дапамагала нам у новай рэстаўрацыі, але гэты будынак — упрыгожваньне гораду, ён у самым цэнтры знаходзіцца. А цяпер я атрымліваю паведамленьні ад настаяцеля, што там замкі памянялі.

— Як наладжаная праца ў касьцёле бяз вас?

— Ну пакуль мяне ня так доўга і няма там. Ёсьць кананічнае права, яно прадугледжвае, што ў выпадку адсутнасьці біскупа, які можа захварэць або зьехаць на сынод (мы на яго зьяжджаем кожныя тры гады на месяц), яго замяняе генэральны вікарый. Ён выконвае ўсе функцыі па кіраваньні дыяцэзіяй. Гэтым генэральным вікарыем у Менска-Магілёўскай дыяцэзіі зьяўляецца біскуп Юры Касабуцкі. Ён і выконвае гэтыя абавязкі. Вядома, ён тэлефануе мне, кансультуецца. Пачынаецца новы катэхітычны год, я яшчэ раней падрыхтаваў пасланьне, яно ў гэтыя дні будзе апублікаванае.

— Немагчымасьць вам прыехаць у краіну і ўся сытуацыя вакол Чырвонага касьцёлу — як вам здаецца, ці не зьяўляецца гэта спробай раскалоць грамадзтва паводле рэлігійнай прыкметы ў тым ліку?

— Не хацелася б пра гэта думаць. Думаю, што не, у нас вельмі добрыя адносіны з праваслаўнымі, з пратэстантамі, з мусульманамі, зь юдэямі.

Калі пачалася пандэмія каранавірусу, у нас у Чырвоным касьцёле была супольная малітва, мы ўсе разам маліліся. І два тыдні таму ў тым жа Чырвоным касьцёле была іншая супольная малітва — пра мірнае вырашэньне канфлікту, крызісу, у якім апынулася наша грамадзтва. Імпульсам тут было рашэньне Рады біскупскіх канфэрэнцый Эўропы, каб у шэсьць гадзін вечара па ўсёй Эўропе правесьці супольную малітву для ўсіх хрысьціянаў усіх канфэсій, прачытаць «Ойча наш». Я атрымаў пра гэта паведамленьне напярэдадні і запрасіў праз наш сайт прадстаўнікоў іншых веравызнаньняў. І яны ўсе прыйшлі! То бок, у нас няма зь імі ніякіх праблем.

Чырвоны касьцёл знаходзіцца ў цэнтры гораду. Усе гэтыя мітынгі, пратэсты, яны практычна там адбываюцца, побач зь ім. Хочаш ня хочаш — усё побач зь ім ходзяць, спыняюцца, заходзяць памаліцца. А тут пачынаюцца ўсе гэтыя незразумелыя рэчы з ключамі і гэтак далей: у нейкі дзень у касьцёл было цяжка трапіць. Але ня думаю, што гэта будзе неяк уплываць на міжканфэсійныя і міжрэлігійныя адносіны. Я атрымліваю паведамленьні, якія кажуць пра салідарнасьць людзей розных веравызнаньняў.

— Дзярждэпартамэнт ЗША выступіў з заявай, у якой сказана, што ўлады Беларусі павінны дазволіць вярнуцца ў краіну арцыбіскупу, каб той мог паклапаціцца аб сваёй пастве. Такая падтрымка з боку іншых дзяржаў дае вам сілу, надзею, што сытуацыя вырашыцца?

— Дзякуй вялікі, я нават ня ведаў пра гэта. Вядома, гэта знак салідарнасьці. Несумненна, для мяне гэта вялікая падтрымка, вялікая дапамога.

— Што б вы хацелі сказаць вашай пастве?

— У першую чаргу я хацеў бы падзякаваць ім за малітвы. Я атрымліваю паведамленьні, што ня толькі каталікі, але і вернікі іншых канфэсій таксама спачуваюць мне і моляцца за мяне, гэта вялікая духоўная падтрымка. Я думаю, што гэта проста непаразуменьне, якое неўзабаве шчасьліва вырашыцца.

І хацеў бы папрасіць аб далейшай малітве. І каталікоў, але таксама і людзей іншых веравызнаньняў хацеў бы папрасіць заставацца вернымі свайму пакліканьню, заставацца добрымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і бачыць яе будучыню на духоўных каштоўнасьцях. Гэта вельмі важна — каб мы ўсе мелі падмурак, на якім мы хочам будаваць наш агульны дом. І хай Гасподзь дабраславіць усіх вас.

— Дараваньне магчымае? Пасьля таго як мы бачылі гэтае зьбіцьцё, жорсткія затрыманьні і гэтак далей?

— Я вельмі занепакоены гэтым, таму што чую і бачу, як людзі кажуць: мы памятаем і не даруем. Напэўна, дараваць вельмі складана. Гэта няпроста. Але тым ня менш з хрысьціянскага пункту гледжаньня, з пункту гледжаньня Эвангельля, вучэньня Хрыста, мы павінны дараваць.

Паглядзіце на крыж Гасподні. Хрыстос памірае, але зь якімі словамі? Ён кажа: «Ойча, даруй ім». Ён просіць аб іх прабачэньні, і мы павінны прытрымлівацца гэтага прыкладу. Гэта цяжка, і мне падабаюцца словы сьвятога Яна Паўла II, які яшчэ ў 2000 годзе заклікаў да дараваньня і сказаў, што прабачэньне — гэта ня знак слабасьці, гэта знак сілы. Таму што калі мы даруем, мы таксама перамагаем саміх сябе, то зло, якое ў нас ёсьць. Таму што мы ўсе грэшныя, і мы ўсе маем патрэбу ў прабачэньні, ад нашых блізкіх, ад Бога. Гэта нялёгка, але магчыма.

І я думаю, што і каталіцкая царква, і іншыя цэрквы павінны прыкласьці намаганьні, каб прывесьці людзей да дараваньня. Без прабачэньня вельмі цяжка. Вядома, патрэбная і справядлівасьць, але гэта ўжо справа суду і іншых органаў. А наша справа — заклікаць да дараваньня і да дыялёгу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?