Праваабаронцы дапоўнілі спіс палітвязняў, якім інкрымінуюць арганізацыю ці ўдзел у «масавых беспарадках». Адзін з новых палітвязняў — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, сын работніцы японскай амбасады і беларуса.

Акіхіру 20 гадоў. Ён скончыў мінскую гімназію №19. Быў лаўрэатам спецыяльнага фонда па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Вучыўся ў БДУ, але пасля паступіў у ЕГУ.

Акіхіра з настаўніцай

Акіхіра з настаўніцай

Яго тата — беларус Святаслаў Гаеўскі, трэнер па каратэ, родам са Слуцка. Мама — Тамока Ханада, працавала сакратаром па культуры японскай амбасады ў Беларусі. Гісторыю іх знаёмства сваякі Святаслава распавядалі слуцкаму «Кур’еру»:

«Святаслаў Гаеўскі з пятага класа быў захоплены японскай культурай. Потым прафесійна заняўся каратэ і… закахаўся ў японку! Пазнаёміўся з ёй у Беларусі, калі звяртаўся ў пасольства па паслугі перакладчыка. А потым на год адправіўся ў Японію. Тамока падчас адпачынку прыехала на радзіму. Там і пачаўся іх раман. Вяселле святкавалі ў Токіа, а потым адправіліся ў вясельнае падарожжа і правялі адну з начэй у старадаўнім палацы імператара ў Кіёта».

Як жа так здарылася, што хлопец трапіў за краты?

«Наша Ніва» звязалася з бацькам Акіхіры, Святаславам Гаеўскім. Ён паведаміў, што пакуль не можа пракаментаваць сітуацыю.

Знаёмыя хлопца распавялі наступнае: 12 жніўня Акіхіра выйшаў на акцыю пратэста, яго затрымалі. Нібыта праз два дні выпусцілі, але затым Акіхіру і анархіста, былога палітвязня Аляксандра Францкевіча забралі зноў і змясцілі ў СІЗА. Прычынай, мяркуюць сябры Акіхіры, маглі стаць звесткі з тэлефона хлопца: ён быў падпісаны на шэраг анархісцкіх суполак.

«12 жніўня Акіхіру затрымалі разам з маім сынам, — распавяла «Нашай Ніве» Таццяна, мама Аляксандра Францкевіча. — Прыязджалі затрымліваць гэтага хлопца, а Саша ў гэты момант быў у яго, таму затрымалі абодвух. Прабілі потым па базе наконт Сашы, а ён з палітвязняў 2010 года, дык пасля Акрэсціна адвезлі абодвух у КДБ.

Мне паведаміў пра гэта яшчэ адзін затрыманы: яго выпусцілі з Валадаркі, і ён распавёў, што Сашу і Акіхіру там білі і катавалі, каб яны падпісалі прызнанне.

Ад Сашы патрабавалі падпісаць прызнанне, што ён быў ва Уруччы каля «Спектра». А яго там наогул не было! Ён на мітынгі не хадзіў, ведаючы, што калі затрымаюць, то ўзгадаюць яму 2010 год. Сын нічога не падпісаў».

Па словах Таццяны Францкевіч, цяпер і яе сын, і Акіхіра Ханада на Валадарцы. Яны сядзяць у розных камерах. Хлопцаў абвінавачваюць у масавых беспарадках, на іх завялі справу па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса — пакаранне сур'ёзнае, ад 3 да 8 гадоў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?