Памерла ўдава албанскага дыктатара Энвера Ходжы Неджміе. Былая партызанка і заўзятая камуністка адышла ў лепшы свет 26 лютага ва ўзросце 99 гадоў. 

Энвер Ходжа кіраваў Албаніяй з 1944 па 1985 год. Падчас яго кіравання былі рэпрэсіі: шырока выкарыстоўваліся лагеры прымусовай працы, а іншадумства жорстка душылася.

Неджміе была адным з вядучых ідэолагаў албанскага камунізму, кіравала жаночымі арганізацыямі краіны. Яна цалкам падтрымлівала і абгрунтоўвала палітыку свайго мужа, у тым ліку палітычных рэпрэсій, партыйных чыстак і забароны рэлігій.

Пасля смерці Энвера Ходжы 11 красавіка 1985 г. Неджміе змяніла яго на пасадзе старшыні Дэмакратычнага фронту Албаніі. Некалькі гадоў яна захоўвала палітыка-ідэалагічны ўплыў. Але ў 1991 г., пасля падзення рэжыму, была ўзятая пад хатні арышт і адпраўлена ў турму. Суд прызнаў яе вінаватай у злоўжыванні ўладай і прысудзіў да 9 гадоў зняволення, а спроба абскардзіць прысуд прывяла да таго, што тэрмін пакарання павялічыўся да 11 гадоў.

Зняволенне адбывала ў Тыранскай жаночай турме. Працавала на швейнай вытворчасці. Вызвалена па амністыі ў 1997 годзе.

Пасля вызвалення выступала з палітычнымі заявамі камуністычнага і хаджаісцкага характару, уступіла ў артадаксальна-хаджаісцкую Камуністычную партыю Албаніі, давала інтэрв'ю, у якіх казала пра «мяккі характар» Энвера і пра «вымушаныя» рэпрэсіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0