Фота Надзеі Бужан
Літва прапануе Беларусі інтэнсіўна выкарыстоўваць яе інфраструктуру для наладжвання рэгулярных паставак нафты і газу. Пра гэта паведаміў журналістам міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус па выніках сустрэчы з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімірам Макеем, перадае БЕЛТА.
«Мы гатовыя працягваць практыку альтэрнатыўных паставак нафты, якія ўжо праходзілі. Мы можам абмяркоўваць і больш пастаянны працэс. Пра гэта якраз казалася на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі. Мы павінны разгледзець тэхнічныя рашэнні, магчымасці паставак газу. Тут трэба будзе вельмі шмат», — сказаў Лінас Лінкявічус.
Як паведамлялася, у сувязі з прыпыненнем паставак нафты з Расіі з 1 студзеня 2020 года (бакі не дасягнулі дамоўленасцяў па кошце), Беларусь стала актыўна весці пошукі альтэрнатыўных крыніц. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада дыверсіфікаваць пастаўкі нафты і імкнуцца пастаўляць з расейскага рынку 30-40% ад неабходных аб'ёмаў.
«Трэба ісці да таго, што 30-40% мы будзем купляць нафты ў Расійскай Федэрацыі. Працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну — правераны ўжо шлях. Магчыма, Казахстан зможа паставіць нам нафту, калі Расія пагодзіцца з гэтым. Дзіўна: наш саюзнік не дае згоды на пастаўку нафты ад нашага іншага саюзніка. Што ж, такая сітуацыя цяпер па пастаўках нафты, і мы павінны ў гэтым разабрацца», — заяўляў кіраўнік дзяржавы.