Падчас суботніка дзяржаўныя журналісты спыталі ў Аляксандра Лукашэнку пра яго любімыя месцы ў Беларусі. Неўзабаве абмеркаванне перайшло на тэму Палесся.
Лукашэнка расказаў прысутным, што пасля развалу Савецкага Саюза там разгарнуўся рух па стварэнні Палескай рэспублікі. Тады, маўляў, ён сам прыехаў паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі і паўдзельнічаць у сенакосе, каб павысіць узровень даверу.
«Мужыкі стаяць і кажуць: «Гэна наш», гэта значыць, яны мяне прынялі там. Пасля гэтага я не чуў ніякіх размоў пра Палескую народную рэспубліку», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Размовы пра «палескую аўтаномію» насамрэч вяліся ў канцы 1980-ых і пачатку 1990-х, але папулярнасцю ідэя лінгвіста Міколы Шаляговіча не карысталася.
Год таму Лукашэнка ўжо ўздымаў гэтую тэму.