Праваахоўнікі Брэсцкай вобласці вызначылі падазраваных па справе аб забойстве 21-гадовай даўніны.
У ноч з 9 на 10 кастрычніка 1997 года ў жылым прыватным доме ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна знайшлі труп мясцовай жыхаркі з прыкметамі гвалтоўнай смерці.
Распачалі крымінальную справу, у ходзе расследавання якой высветлілася, што невядомыя трапілі ў дом жанчыны, дзе нанеслі ёй нажавыя раненні, выкралі ювелірныя вырабы і грошы.
На працягу многіх гадоў падазраваных знайсці не маглі.
У 2018 годзе прызначылі дадатковую судова-генетычную экспертызу.
Дзякуючы сучасным магчымасцям, эксперты вылучылі генатып, які супаў з генатыпам жыхара Столінскага раёна, 1976 года нараджэння. Мужчыну затрымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку.
Ён распавёў следчаму пра абставіны злачынства і пра тое, што здзейсніў яго разам з двума знаёмымі, якіх таксама затрымалі.
Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.