659 грамадзянаў Беларусі увойдуць у склад ініцыятыўнай групы, якая будзе зьбіраць подпісы за зьмены Выбарчага кодэксу.

Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька. Ён сказаў таксама, што група ўжо фактычна сфармавана, а яе склад можа зьмяніцца толькі ў бок павялічэньня.

Наступны крок у гэтай справе — сход ініцыятыўнай групы, кажа Анатоль Лябедзька:

«Літаральна сёньня мы зьвернемся да «гарадзкога галавы« Паўлава на прадмет сустрэчы. На ёй мы б хацелі абмеркаваць магчымасьць атрыманьня памяшканьня, каб правесьці сход ініцыятыўнай групы. У Аб’яднаных дэмсілаў няма ніводнага памяшканьня, дзе мы маглі б сабраць такую колькасьць людзей».

Праект зьменаў выбарчага заканадаўства сёньня перадаюць кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімеру Макею. Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік сказаў «Свабодзе», што зьвяртацца да кіраўніка дзяржавы ў гэтай справе заканадаўства дазваляе:

«Зьмяненьні і дапаўненьні ў Выбарчы кодэкс можна ўнесьці праз прыняцьце адпаведнага закону. І гэтая працэдура кладзецца на заканадаўчую ўладу.
Парлямэнт прымае адпаведны закон, а прэзыдэнт яго падпісвае. Другі варыянт — калі грамадзяне выступяць з заканадаўчай ініцыятывай. Гэта больш складана, паколькі тады ініцыятарамі зьмяненьняў выступаюць ужо не дэпутаты, а самі грамадзяне.

І яшчэ адзін шлях такі — прэзыдэнт можа некаторыя нормы ўрэгуляваць сваім указам альбо часовым дэкрэтам. Але я думаю, што найбольш фундамэнтальны шлях, які дазваляе ўносіць кардынальныя зьмяненьні, — гэта праз парлямэнт».

Рэфармаваньне выбарчага заканадаўства — адна з умоваў далучэньня Беларусі да Ўсходняга партнэрства. Пра гэта ўчора нагадаў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі і кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жан‑Эрык Хольцапфэль:

«Што тычыцца выбарчага заканадаўства, то наша ідэя такая — павінна быць супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і БДІПЧ АБСЭ, каб прывесьці беларускае заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі выбарчымі стандартамі».

Анатоль Лябедзька сказаў, што Аб’яднаныя дэмсілы вітаюць такое супрацоўніцтва, пра што і напісана ў лісьце да спадара Макея. Больш за тое, у лісьце згадваецца, што яшчэ ў жніўні 1999 году Аляксандар Лукашэнка ўпаўнаважыў тагачаснага намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Міхаіла Сазонава і групу экспэртаў правесьці перамовы з прадстаўнікамі апазыцыі менавіта на прадмет паляпшэньня выбарчага заканадаўства. Цяпер апазыцыя прапануе вярнуцца да гэтага.

Уладзімер Глод, Радыё «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0