У дзіцячых садках Магілёва і Асіповічаў зьявілася па адной групе зь беларускай мовай выхаваньня. У іншых гарадох Магілёўскай вобласьці такіх групаў няма, паведамляе «Радыё Свабода».

У Магілёве беларускую групу набралі ўпершыню за адзінаццаць гадоў. 14 дзетак ва ўзросьце да трох гадоў склалі беларускамоўную групу ў садку № 79. У Асіповічах групу зь беларускай мовай сфармавалі ў садку № 10. У ёй 23 гадаванцы ўзростам да чатырох гадоў.

Садок № 79 сёлета вызначылі як базавы для фармаваньня беларускай групы ў магілёўскім раёне Задняпроўе. Месьціцца ён у адным з буйных жылых масіваў на бульвары Няскораных. За дзьвесьце мэтраў ад яго 34-я школа. У ёй дзьве беларускія клясы з 10 школьнікамі. Бацькі многіх дзяцей пасьля садка аддаюць іх у гэтую школу.

Уваход у садок № 79. У ім група зь беларускай мовай выхаваньня

Уваход у садок № 79. У ім група зь беларускай мовай выхаваньня.

«Бацькі, якія аддалі нам дзяцей, ня супраць беларускай мовы, — адзначае супрацоўніца дзіцячага садка. — Мы нікога зь іх не пераконвалі. Яны ведаюць, што ў чацьвер наш садок гаворыць толькі па-беларуску, таму беларуская мова іх не палохала. Зразумела, даводзіцца тлумачыць, як у групе будзе арганізаваная праца».

Паводле суразмоўніцы, праблемаў з дапаможнай літаратурай для беларускае групы няма. Незразумелыя дзецям беларускія словы выхавальніцы тлумачаць па-расейску. З бацькамі выхавальніцы гавораць па-беларуску.

«Пакуль у адказ мы ня можам чакаць такой жа добрай беларускай, бо дзеткі яшчэ маленькія, а некаторыя зусім не гавораць, — кажа супрацоўніца садка. — Але на сёньняшні дзень, калі кажуць гадаванцам: вазьміце сурвэтку, напрыклад, — то яны яе бяруць. Гэтак пасіўна дзеці авалодваюць беларускай мовай».

Базавым для фармаваньня беларускай групы сёлета быў і садок № 93. Ён у іншым раёне Магілёва. Аднак там групу так і не набралі, бо аддаць у яе дзіця наважылася толькі сям'я Бабковых.

Бацька Вадзім Бабкоў лічыць: кіраўніцтва садка не прыклала належных намаганьняў, каб да групы зьявіўся інтарэс у іншых бацькоў. Ён цьвердзіць, што адказнасьць за папулярызацыю групы ўсклалі на яго і актывістаў Таварыства беларускай мовы.

«Калі б ў 79-м садку было жаданьне стварыць беларускую групу, то пытаньняў з гэтым у іх не было б, — выказвае сваё бачаньне Вадзім. — На сходзе ж кіраўніцтва казала, што ў іх няма праграмаў, мэтадычак, выхавальніц для такой працы, таму бацькі адхіснуліся ад яе».

У самім садку няўдачу тлумачаць адсутнасьцю ахвотных аддаваць у групу дзяцей.

На пытаньне, хто мусіць займацца наборам дзяцей, супрацоўніца садка адказала, што «павінна працаваць сыстэма».

«Павінны супольнымі намаганьнямі займацца і бацькі, і аддзел адукацыі. Высілкаў адных бацькоў недастаткова», — сказала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?