Павел, ураджэнец Драгічына, які жыве і працуе ў Маскве, прыехаў дадому разам з жонкай. Але мясцовым жыхарам не спадабаўся яго манёўр на дарозе. Мужчыну «правучылі» кулакамі.
Падрабязнасці здарэння прыводзіць мясцовае выданне «Першы рэгіён».
14 ліпеня Павел з жонкай Таццянай на сваім старым «Фальксвагене» з расійскімі нумарамі ехаў да сваякоў у Драгічыне. З вуліцы Шаўчэнкі ён планаваў паварот налева ў завулак ў бок вуліцы Кастрычніцкай. Аднак перад самым паваротам ён заўважыў «цэглу» — рух забаронены. Кіроўца на імгненне задумаўся і, прапусціўшы «Опель Зафіру», паехаў проста.
Аднак кіроўцу і пасажыраў «Опеля» нешта пакрыўдзіла ў дзеяннях Паўла, які ў прынцыпе, правілаў і не парушыў. Яны вырашылі яго правучыць. Мужчыны выйшлі са свайго аўто і пашкодзілі Паўлу і твар, і машыну.
Нападнікі ўдарылі яго па твары, разбілі акуляры. Пашкодзілі і дзверы аўтамабіля — гэта ўсё зафіксавалі міліцыянты.
Па словах Паўла, мужчыны былі п’янымі. Цяпер адзін з іх, той, які біў у твар, пад хатнім арыштам, на яго заведзена крымінальная справа.